Сэрвісы Google і Web 2.0 — памочнікі ў працы педагога

Сучасны свет — гэта інфармацыйнае грамадства. Сродкі інфарматызацыі ў наш час выкарыстоўваюцца ва ўсіх сферах дзейнасці, у тым ліку ў адукацыі.

Мэта павышэння ІКТ-кампетэнцый педагога дадатковай адукацыі — пераход з базавага ўзроўню выкарыстання інфармацыйных тэхналогій да больш прафесійнага, засваенне новых інструментаў і тэхналогій, стварэнне сеткавай педагагічнай супольнасці. Новы віток развіцця інфармацыйных тэхналогій патрабуе павышэння кампетэнцый пры рабоце не толькі з offline-праграмамі, але і з шырокім спектрам мабільных і online-сэрвісаў.

Для ўдасканалення ведаў і ўменняў у сферы педагагічных анлайн-тэхналогій у Навагрудскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі рэгулярна ладзяцца тэарэтычныя і практычныя семінары па павышэнні ІКТ-кампетэнцый для педагогаў дадатковай адукацыі.

У пачатку снежня адбыўся семінар “Сэрвісы Google і Web 2.0 — памочнікі ў працы педагога”. Азнаёміліся з магчымасцямі анлайн-сэрвісаў, якія можна актыўна выкарыстоўваць на занятках аб’яднанняў па інтарэсах і ў метадычнай рабоце.

Педагогі пазнаёміліся з платформай Google, на якой у рэжыме анлайн можна стварыць дакументы, апытанні і прэзентацыі сумесна з калегамі або гурткоўцамі, рэдагаваць іх у зручны час, а таксама захоўваць у выглядзе offline-дакументаў.

Асабліва зацікавіла педагогаў стварэнне дыдактычнага матэрыялу з дапамогай шырокага спектра інтэрнэт-сервісаў Web 2.0. З іх дапамогай педагог можа стварыць тэсты, віктарыны, практыкаванні і іншыя цікавыя заданні, якія будуць даступныя для дзяцей у любы час і з любой прылады (тэлефона, планшэта, камп’ютара).

Пасля заканчэння тэарэтычнага семінара кожны мог атрымаць індывідуальную практычную кансультацыю па стварэнні асабістага сайта ці блога.

Кацярына СЯМЯРНІК,
метадыст Навагрудскага раённага ЦТДіМ.