Сетка распаўсюджвання будзе развівацца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу

21 лістапада 100-годдзе адзначыла найстарэйшая ў нашай краіне масавая сетка распаўсюджвання друкаванага слова ў грамадстве, якая сёння называецца РУП “Белсаюздрук”. З нагоды юбілею ў прэс-цэнтры Дома прэсы надоечы адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага, генеральнага дырэктара РУП “Белсаюздрук” Ігара Дудзіча і яго намесніка Алесі Віннік.

Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, сёння Белсаюздрук перажывае актыўную рэарганізацыю, усе абласныя ўнітарныя прадпрыемствы аб’ядноўваюцца ў адзінае прадпрыемства, калі ідзе пераасэнсаванне штатных структур, лагістычных пытанняў і пытанняў узаемадзеяння з мясцовымі ўладамі, суб’ектамі гаспадарання, калі сама сістэма пачынае насычацца новымі функцыямі і магчымасцямі аказання новых паслуг насельніцтву і інш. І 100-годдзе сістэмы Белсаюздруку стала фактычна сімвалам яе рэбрэндынгу і перафармаціравання. “Друкаваныя сродкі масавай інфармацыі па-ранейшаму застаюцца вельмі важнымі для краіны, для яе інфармацыйнага поля, — падкрэсліў Ігар Іванавіч. — І хто б што сёння ні казаў пра перавагу інтэрнэту, электронных СМІ, сацыяльных сетак у сэнсе данясення інфармацыі грамадству, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі былі, ёсць і будуць крыніцай, якая значна ўплывае на грамадскую свядомасць і на ўсе грамадскія працэсы, пра што выразна сведчаць сацыялагічныя даследаванні”.

Што тычыцца канкрэтных праяўленняў новага фармату дзейнасці аб’ектаў Белсаюздруку, то, безумоўна, сёння ў першую чаргу трэба казаць пра павільёны, якія прыйшлі на змену традыцыйным газетным кіёскам. Па словах гендырэктара РУП “Белсаюздрук” Ігара Дудзіча, 53 павільёны, якія на сёння існуюць у Мінску, вылучаюцца ўстойлівым развіццём, паказваюць добрыя вынікі ў плане рэалізацыі перыёдыкі, кніжнай і іншай прадукцыі (як правіла, тавараабарот пры замене кіёска на павільён павялічваецца ў сярэднім удвая), забеспячэння дастойнай заработнай платай супрацоўнікаў (сёння гэта ад 850 рублёў і вышэй у залежнасці ад паказчыкаў рэалізацыі тавараў). У такіх гандлёвых аб’ектах ужо сёння рэалізоўваюцца такія формы прыцягнення пакупнікоў, як бясплатны Wi-Fi, магчымасць папіць кавы і інш. Да ІІ Еўрапейскіх гульняў шматфункцыянальнасць павільёнаў папоўніцца такімі паслугамі, як анлайн-перакладчык, інтэрактыўная карта-навігатар, выклік таксі. У недалёкай будучыні ў “разумных” павільёнах можна будзе заплаціць за камунальныя паслугі, змераць ціск, выклікаць пры неабходнасці экстранныя службы.

З часам сістэма набудзе і свой новы лагатып — “БелДрук”. Яго прадэманстравала журналістам намеснік генеральнага дырэктара РУП “Белсаюздрук” Алеся Віннік, заўважыўшы пры гэтым, што новы лагатып выкананы ў лаканічным стылі, але ён вельмі пазнавальны. Алеся Уладзіміраўна таксама паведаміла, што сёння арганізацыя спрабуе актыўна асвойваць інтэрнэт-прастору. Неўзабаве будуць значна абноўлены старонкі Белсаюздруку ў сацыяльных сетках (яны не будуць паўтараць кантэнт сайта; тут можна будзе знайсці, напрыклад, агляды самых цікавых навінак-публікацый у фармаце stories), будзе створаны спецыяльны мабільны дадатак.

Але ці дойдуць усе гэтыя навацыі і найперш павільёны са сваімі шырокімі магчымасцямі да малых гарадоў, да сельскай мясцовасці? У Мар’інай Горцы, Салігорску, Слуцку і іншых малых гарадах усё гэта ўжо ёсць. І ўкараненне навацый, безумоўна, будзе працягвацца па ўсёй краіне, бо гэта дапаможа развіццю Белсаюздруку, запэўнілі на прэс-канферэнцыі адказныя за галіну асобы.

Мікола ЧЭМЕР.