Сеткавыя сэрвісы WEB 2.0 — для навучання і зносін

- 15:45Рознае, Сродкі навучання

З 2013/2014 навучальнага года на базе Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі выкарыстання ІКТ у праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў”. Уся метадычная работа ва ўстанове накіравана на павышэнне ўзроўню ІКТ-кампетэнтнасці педагогаў і стварэнне спрыяльных умоў для асабістага і інтэлектуальнага развіцця навучэнцаў праз выкарыстанне новых камп’ютарных тэхналогій і інтэрнэт-сэрвісаў.
Нядаўна тут прайшоў круглы стол “Выкарыстанне тэхналогій WEB 2.0 у вучэбным працэсе”.

Адкрыла круглы стол і акрэсліла актуальныя пытанні і праблемы выкарыстання тэхналогіі WEB 2.0 у вучэбным працэсе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце С.С.Балюк:
— Новыя тэндэнцыі ў развіцці інтэрнэту, тэхналогіі
WEB 2.0 у вучэбным працэсе і перспектывы іх выкарыстання, прадстаўніцтва настаўнікаў школы ў сацыяльных сетках, сеткавых супольнасцях, прынцыпы іх арганізацыі — гэтыя актуальныя пытанні і павінны стаць прадметам для абмеркавання.
Некалькі гадоў назад у фарміраванні інтэрнэту прымалі ўдзел толькі праграмісты, вэб-дызайнеры і стваральнікі кантэнту, а зараз многія настаўнікі і навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у гэтым працэсе: папаўняюць базу ведаў і тэм, працуюць і ўступаюць у зносіны. Гэтая тэндэнцыя і некаторыя яе тэхнічныя аспекты былі названы WEB 2.0.
Выкарыстанне сэрвісаў WEB 2.0 дазваляе істотна павысіць якасць навучання, спраектаваць заняткі на зусім іншым узроўні, зрабіць іх больш цікавымі, інтэрактыўнымі, асобасна арыентаванымі і выніковымі, адкрывае магчымасці для развіцця розных форм сеткавага ўзаемадзеяння. Як жа
WEB 2.0 звязана з нашым развіццём, развіццём нашай супольнасці? І ў якім сэнсе інтэрнэт з’яўляецца інструментам развіцця нас саміх? Ці сапраўды сучаснаму настаўніку так трэба валодаць інтэрнэт-тэхналогіямі або гэта проста даніна модзе? Сёння мы пазнаёмімся з магчымасцямі некаторых сэрвісаў, якія выкарыстоўваюць нашы настаўнікі.
Адным са спосабаў арганізацыі практыкі кіравання вучэбнай дзейнасцю навучэнцаў з’яўляецца адукацыйны блог, які дапамагае педагогу разнастаіць формы падтрымкі адукацыйнага працэсу, нацэльвае навучэнцаў на самастойнае здабыванне ведаў, дазваляе ім працаваць у свабодным рэжыме і асвойваць матэрыял у індывідуальным тэмпе. З гэтай мэтай створаны блогі настаўнікаў А.У.Карповіч “Роднае слова”, В.А.Крыцкай “Чамучкі”.

А.У.Карповіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:
— Я стварыла з дапамогай вэб-сэрвісу Blogger свой блог “Роднае слова”. На ім магу размяшчаць свае напрацоўкі, прапаноўваць розныя заданні вучням, даваць падказкі, накіроўваць на правільнае выкананне заданняў. Блог змяшчае старонкі: “Галоўная”, “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Гэта цікава”.
На “Галоўнай старонцы” блога размяшчаецца інфармацыя аб тым, як стварыць акаўнт на Google+ і завесці паштовую скрыню gmail.com; прапаноўваецца відэаінструкцыя па стварэнні свайго блога; даюцца карысныя спасылкі: Беларуская Вікіпедыя, Беларуская электронная бібліятэка, віртуальны кабінет беларускай мовы і афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь Belarus.by, якія дапамогуць хутка знайсці патрэбную інфармацыю.
На старонцы “Беларуская мова” вучні змогуць знайсці спасылку на сэрвіс, выкарыстанне якога дапаможа ім стварыць тэст (Banktestov.ru) па любым прадмеце, тым самым пашырыць свае веды і павысіць адзнаку.
На старонцы “Беларуская літаратура” змешчаны заданні па рабоце над паўрочным праектам “Я слаўлю мамы светлае імя”. Прапаноўваюцца спасылкі на сэрвіс “ФотоФильмы.ру” і сумесны праект партала TUT.BY і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў “Гэта мы” (Дзяржынск). У яго межах публікуюцца рэдкія архіўныя відэа- і фотаздымкі, аўдыяматэрыялы пра невядомыя ці малавядомыя старонкі з жыцця краіны і нашых суайчыннікаў.
Безумоўна, у працэсе супрацоўніцтва з вучнямі мы развіваем свае ІКТ-кампетэнцыі. На жаль, пакуль што праблемай застаецца наладжванне зваротнай сувязі з вучнямі праз інтэрнэт. Гэта значыць, працаваць ёсць над чым.

В.А.Крыцкая, настаўніца пачатковых класаў:
— Развіццё пазнавальнай цікавасці ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту мае вялікае значэнне ў першую чаргу для фарміравання вучэбнай матывацыі. Мы жывём у век інфармацыйных тэхналогій, і вялікую ролю ў развіцці пазнавальнай цікавасці адыгрывае камп’ютар. Ён дазваляе істотна змяніць спосаб кіравання вучэбнай дзейнасцю, уцягваючы навучэнцаў у пэўную гульнявую сітуацыю, даючы магчымасць дзецям запатрабаваць пэўную форму дапамогі, выкладаючы матэрыял з ілюстрацыямі, графікамі і г.д. Камп’ютарныя гульні спрыяюць фарміраванню ў вучняў задаволенасці сваёй работай, дазваляюць убачыць вынік сваіх дзеянняў. Але самастойна адшукаць іх у прасторы інтэрнэту шасцігадовым дзецям вельмі складана, а часам і небяспечна. Таму і ўзнікла ідэя стварыць блог класа “Чамучкі”. У раздзеле “Вучням” я размясціла спасылкі на сайты, дзе дзеці могуць знайсці і выканаць цікавыя гульнявыя заданні па матэматыцы, якія дазваляюць замацаваць вылічальныя навыкі, атрыманыя на ўроку. Паколькі ўсе дзеці з вялікім жаданнем уключыліся ў праектна-даследчую дзейнасць — у раздзеле “Праект” размясціла казкі пра сяброўства, якія яны самастойна праслухалі, а затым абмеркавалі ў класе. Заданні раздзела “Саманастаўнік па прадметах” класіфікуюцца ў адпаведнасці са ступенню складанасці і ўзроставымі асаблівасцямі дзяцей. Настаўнік па сваім меркаванні можа выбраць любое заданне, улічваючы індывідуальныя асаблівасці, інтэлектуальнае развіццё і ўзрост вучняў.
Эфектыўнасць вучэбнай дзейнасці малодшых школьнікаў забяспечваецца за кошт выкарыстання цікавага і займальнага вучэбнага матэрыялу. І менавіта такімі сродкамі, як творчыя заданні і прымяненне інфармацыйных тэхналогій, можна развіваць у дзяцей цікавасць, закласці аснову далейшага паспяховага навучання.

— На сваіх уроках настаўнік фізікі і інфарматыкі А.Л.Хмурчык выкарыстоўвае анлайнавы сэрвіс для сумеснага стварэння Wiki-газеты (насценгазеты) некалькімі карыстальнікамі адначасова WiKiWall. Што станоўчае і адмоўнае ў выкарыстанні гэтага сэрвісу?
А.Л. Хмурчык, настаўнік фізікі і інфарматыкі:
— Станоўчым у выкарыстанні сэрвісу з’яўляецца адсутнасць неабходнасці ў рэгістрацыі, рускамоўны інтэрфейс, магчымасць устаўляць тэкст, малюнкі, фотаздымкі, відэа. Унікальны адрас насценгазеты складаецца з дзвюх частак, рэдагаваць якія могуць толькі тыя, хто іх ведае. Колькасць рэдактараў неабмежавана. Для дэманстрацыі ў інтэрнэце ўказваецца толькі першая частка адраса. Насценгазету можна размяшчаць на сваім сайце, а калі ён адсутнічае, то можна проста адправіць спасылку на яе па электроннай пошце.
Усе, хто ведае дзве часткі адраса, могуць яе рэдагаваць, гэта не толькі плюс, але і своеасаблівы мінус, бо любы карыстальнік можа выдаліць або адрэдагаваць інфармацыю. Адсачыць, хто менавіта адрэдагаваў насценгазету, даволі складана.

— Якія існуюць асаблівасці стварэння і размяшчэння прэзентацый у інтэрнэце з дапамогай розных сэрвісаў?
М.Ч.Галась, настаўніца матэматыкі і інфарматыкі:
— Анлайн-сэрвіс Vcasmo — гэта інструмент для стварэння і хостынгу прэзентацый і мультымедыяматэрыялаў. Ён дазваляе загружаць практычна ўсе існуючыя медыяфарматы для стварэння прэзентацыі з нуля, а таксама ўжо гатовыя прэзентацыі ў фармаце PowerPoint, прадастаўляе магчымасці для размяшчэння сваіх работ на старонках сайтаў і блогаў.
Пры дапамозе сэрвісу SlideBoom можна размясціць у сетцы інтэрнэт асабістыя прэзентацыі, атрымаць пастаянную спасылку на прэзентацыю ў сетцы, а таксама HTML-код для ўбудоўвання прэзентацыі ў іншы блог/сайт. Загружаныя прэзентацыі аўтаматычна пераўтвараюцца сэрвісам у flash-фармат. Асаблівасцю гэтага сэрвісу з’яўляецца тое, што захоўваецца ўся закладзеная ў прэзентацыю анімацыя, падтрымліваецца работа з трыгерамі. Бясплатны акаўнт дазваляе загружаць у Асабісты кабінет да 100 прэзентацый аб’ёмам да 100 Мбайт. Сэрвіс англамоўны, але дастаткова просты ў выкарыстанні.
PREZI — гэта анлайн-сэрвіс для стварэння прэзентацый і дэманстрацыі іх на любой колькасці камп’ютараў. Сам сэрвіс на англійскай мове, але ў ім можна выкарыстоўваць кірыліцу. Замест стандартных прэзентацый у стылі PowerPoint сэрвіс Prezi генерыруе адзін гіганцкі слайд, які ўтрымлівае ўсю прэзентацыю цалкам. Кожны элемент гэтага слайда можна павялічваць або памяншаць асобна. Пры такім падыходзе работа са слайдамі ператвараецца ў больш дынамічны працэс, які праходзіць у трохмерным акружэнні.
Сэрвіс Prezi Meeting — анлайнавы сэрвіс для калектыўнай работы над прэзентацыямі. Адначасова ў рэальным часе можа працаваць да 10 карыстальнікаў. У гэтым сэрвісе зручна ствараць даследчы праект, творчыя пошукавыя работы. У школе гэты сэрвіс прыжывецца таму, што ён прывабны, з прэзентацыяй можна працаваць як анлайн, так і афлайн.

— А якія найбольш эфектыўныя сэрвісы для стварэння тэстаў?
Н.А.Карневіч, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства:
— Я актыўна выкарыстоўваю такія сэрвісы, як BankTestov.ru і Online Test Pad. З дапамогай сэрвісу BankTestov.ru можна адсочваць вынікі тэсціравання па ўсіх створаных тэстах, па кожнаму навучэнцу, можна ствараць графічныя пытанні і адказы, якія ўтрымліваюць карцінкі. Да недахопаў я адношу адсутнасць магчымасці для друкавання тэста, абмежаванасць тыпаў адказаў адзіночным ці множным выбарам. Станоўчым у выкарыстанні сэрвісу Online Test Pad з’яўляецца шматфункцыянальнасць, наяўнасць доступу да базы тэстаў і магчымасці друкавання тэста. Асноўныя мінусы: невядомая колькасць пытанняў, немагчымасць завяршэння тэста без адказу на ўсе пытанні, немагчымасць пропуску пытанняў і вяртання назад.

— Развіццю якіх якасцей асобы могуць садзейнічаць сацыяльныя сэрвісы?
Н.І.Здрадоўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:
— Сацыяльныя сэрвісы сёння — гэта асноўны сродак зносін, падтрымкі і развіцця сацыяльных кантактаў, сумеснага пошуку, захавання, рэдагавання і класіфікацыі інфармацыі, творчай дзейнасці сеткавага характару. Таму выкарыстанне сацыяльных сэрвісаў спрыяе развіццю такіх асобасных якасцей, як камунікатыўнасць, пачуццё калектывізму, творчасць, крытычнасць і адэкватныя адносіны да крытыкі, а значыць, супрацоўніцтва.

— У якіх формах вучэбнай дзейнасці можна выкарыстоўваць магчымасці сацыяльных сэрвісаў?
А.А.Пачэбут, настаўніца пачатковых класаў:
— Магчымасці сацыяльных сэрвісаў можна выкарыстоўваць у розных формах: традыцыйны ўрок, падрыхтоўка да ўрока (апераджальныя заданні для школьнікаў), праектная дзейнасць, дамашняе навучанне для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, інтэрнэт-марафоны, скайп-канферэнцыі, дыстанцыйнае навучанне і г.д. Выкарыстанне такіх форм дзейнасці садзейнічае ўдасканаленню практычных уменняў і навыкаў, дазваляе эфектыўна арганізаваць самастойную работу і індывідуальны працэс навучання, павышае цікавасць да прадмета, актывізуе пазнавальную дзейнасць.

— Ці змяняецца роля настаўніка пры ўключэнні сацыяльных сэрвісаў у працэс навучання?
А.А.Быкоўская, настаўніца матэматыкі:
— На мой погляд, сацыяльныя сеткі вымушаюць настаўніка прыняць розныя ролі. Ён можа быць саўдзельнікам, вучнем, экспертам, настаўнікам, каардынатарам, памочнікам. Новыя ўмовы арганізацыі адукацыйнай дзейнасці патрабуюць ад настаўніка новых падыходаў у адносінах да арганізацыі пазнавальнай, даследчай дзейнасці навучэнцаў, развіцця ўменняў лагічна думаць, ставіць праблему і знаходзіць яе вырашэнне і г.д.
Выкарыстанне сацыяльных сэрвісаў садзейнічае павышэнню прафесійнай кампетэнцыі, ІКТ-кампетэнтнасці, кваліфікацыі ў сваёй прадметнай галіне.

— Якая рызыка ўзнікае пры выкарыстанні сацыяльных сэрвісаў у навучанні?
М.В.Бялава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:
— Паколькі працэс навучання адбываецца пад кіраўніцтвам настаўніка, які мае магчымасць уплываць на працэс набыцця ведаў, засваення пэўнага вопыту, а таксама можа праверыць змест выкананай работы, то рызыка тут мінімальная. Магчыма, калі вучань зашмат часу праводзіць працуючы з рознымі сэрвісамі, узнікае рызыка для яго фізічнага і псіхічнага здароўя. Тут настаўніку неабходна прыцягваць да супрацоўніцтва бацькоў, каб яны маглі ўплываць на працэс навучання, папярэдзіўшы такім чынам бясконцае і бязмэтнае бадзянне ў сетцы. А ўвогуле неабходна вучыць дзяцей культуры зносін у інтэрнэце, нельга злоўжываць віртуальнымі зносінамі там, дзе могуць быць рэальныя.

— Чаму настаўнікі неактыўна выкарыстоўваюць сэрвісы WEB 2.0?
А.Л.Сухачова, настаўніца англійскай мовы:
— На маю думку, асноўная прычына — гэта недастатковая кампетэнтнасць педагогаў у выкарыстанні сеткавых тэхналогій навучання. Другая прычына — недастатковае матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. У школе адсутнічае інтэрактыўная дошка, недастаткова мультымедыйнага абсталявання.

С.С.Балюк:
— Падводзячы вынікі нашай сустрэчы, хачу зазначыць, што ва ўстанове сфарміравалася кола педагогаў-лідараў укаранення сеткавых сэрвісаў WEB 2.0 у навучанні школьнікаў і ўжо ёсць пэўны практычны вопыт для апрабацыі і распаўсюджвання.
Радуе той факт, што за апошні год значна палепшыліся ўмовы для ўкаранення інфармацыйных тэхналогій. Ва ўстанове абсталяваны кабінет інфарматыкі, амаль усе прадметныя кабінеты маюць хуткасны выхад у інтэрнэт, аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай кабінеты намеснікаў дырэктара, сацыяльнага педагога, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Аднак гэта не той узровень матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, які можа павысіць эфектыўнасць работы па ўкараненні тэхналогій WEB 2.0 у адукацыйнай дзейнасці. Перад адміністрацыяй школы стаіць задача па пошуку фінансавых сродкаў для абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы.

 

Святлана БАЛЮК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.