Сезон турызму

- 15:40Адукацыйныя праекты

Цёплыя дзянькі з асаблівай нецярплівасцю чакаюць аматары турызму, каб пачуць любімыя песні пад гітару і адчуць пах дыму ад паходнага кастра. Адчуць асалоду яднання з прыродай і адначасова паспрачацца за званне лепшых у турыстычнай справе мелі магчымасць удзельнікі абласнога турыстычнага злёту школьнікаў Мінскай вобласці.

Каля 300 спартсменаў у складзе 22 каманд сабраліся разам на турыстычнай паляне ў Барысаўскім раёне, каб вызначыць наймацнейшага. Для гэтага спатрэбілася тры дні і шэраг спартыўных і творчых выпрабаванняў. Юныя турысты прадэманстравалі свае ўменні на доўгай дыстанцыі і каманднай кароткай, праявілі сябе ў тэхніцы веласіпеднага і воднага турызму, спартыўным арыентаванні, турыстычным трыятлоне. Таксама прайшоў конкурс на лепшую турыстычную газету, веданне навыкаў і побыту турыста, конкурс краязнаўцаў, турыстычнай песні і інш.

Пераможцай стала каманда Барысаўскага раёна, другое месца занялі прадстаўнікі Смалявіцкага раёна, трэцяе — навучэнцы са Случчыны. Яны атрымалі прызы і ўзнагароды, а найлепшым падарункам для ўсіх стаў цудоўны адпачынак.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.