Сфарміравалі ўласны імідж

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Педагагічныя калектывы многіх навучальных устаноў Магілёўшчыны працуюць плённа і творча. Эфектыўны педагагічны і кіраўнічы вопыт неабходна распаўсюджваць. З гэтай мэтай у канцы мінулага года ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі арганізавалі і правялі конкурс “Інавацыйны менеджмент: ад кваліфікацыі настаўніка да лідарства адукацыйнай сістэмы”.

— Асноўнай задачай мы бачылі абагульненне і папулярызацыю найбольш паспяховых інавацыйных адукацыйных практык творча працуючых калектываў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Свае пазітыўныя напрацоўкі на конкурс прадставілі 19 навучальных устаноў. Ацэнка прадстаўленых матэ­рыялаў вялася ў дзвюх групах: “Вучэбна-педагагічны комплекс” і “Пачатковая і базавая школа”, — расказала начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА С.В.Селязнёва.

Паводле яе слоў, конкурс праходзіў у два туры. На адборачны ўдзельнікі рыхтавалі прома-ролік пра сваю ўстанову адукацыі, а таксама праекты па кірунку “Эфектыўныя адукацыйныя практыкі: ад метадычных рашэнняў да паспяховага вучня”. Падчас другога тура журы наведвала навучальныя ўстановы. На працягу дня члены журы знаёміліся з творчай прэзентацыяй установы, ацэньвалі сістэму работы з педагагічнымі кадрамі праз метадычнае мерапрыемства з настаўнікамі, работу з навучэнцамі праз вучэбныя заняткі і пазакласнае агульнашкольнае мерапрыемства.

Адметна, што ўсе дзевятнаццаць калектываў-удзельнікаў сфарміравалі пазітыўны сацыяльны і прафесійны імідж сваіх устаноў адукацыі. Што тычыцца пераможцаў, то ў групе “Вучэбна-педагагічны комплекс” лепшай была прызнана відэапрэзентацыя Філатаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна. А ў групе “Пачатковая і базавая школа” найбольш відовішчны відэаролік распрацавалі ў базавай школе № 15 Бабруйска. Лаўрэатамі конкурсу сталі калектывы Бортнікаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Бабруйскага раёна і ясляў-сада — сярэдняй школы № 44 Магілёва.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.