Сфарміраваць у навучэнскай моладзі зацікаўленасць да навуковай і інавацыйнай дзейнасці

- 10:47Актуально, Апошнія запісы

Чым знамянальны для сістэмы адукацыі сёлетні Год навукі, як вядзецца падрыхтоўка да ІІ з’езда вучоных нашай краіны, як развіваецца маладзёжная навука, якім будзе ўніверсітэт 3.0 і яшчэ многія тэмы закрануты ў сённяшняй размове з першым намеснікам міністра адукацыі В.А.БОГУШАМ.

— Вадзім Анатольевіч, раскажыце, калі ласка, як задзейнічана сістэма адукацыі і непасрэдна вышэйшая школа ў правядзенні Года навукі? Якія мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі, былі праведзены Міністэрствам адукацыі, навучальнымі ўстановамі?

— Мы актыўна далучаны да арганізацыі і правядзення Года навукі ў нашай краіне. І гэта цалкам апраўдана. Наша сістэма адукацыі мае прамое дачыненне да развіцця навукі ў краіне. Дастаткова вялікі навуковы патэнцыял уваходзіць у склад калектываў нашых універсітэтаў. І не толькі. Работнікі з вучонымі ступенямі і званнямі працуюць ва ўстановах агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Асноўная задача і не толькі ў Год навукі, але ў гэты год асабліва, — максімальна задзейнічаць інтэлектуальны патэнцыял, які ўласцівы выкладчыцкаму складу нашых устаноў сістэмы адукацыі. Пры гэтым ёсць спецыяльна прымеркаваныя мерапрыемствы, якія праходзяць пад эгідай Года навукі, або тыя, якія праводзяцца традыцыйна, але набываюць у гэты знамянальны год асаблівую афарбоўку. Усё гэта аб’яднана адной мэтай — прадставіць тыя ці іншыя навуковыя дасягненні і паказаць значнасць і актуальнасць навуковай дзейнасці ў сучасным грамадстве. І гэтая тэма на самай справе пачынае станавіцца сацыяльнай, таму што сучаснае грамадства — гэта інфармацыйнае грамадства, грамадства ведаў, дзе інфармацыя і спосабы работы з інфармацыяй выходзяць на першы план і ў многім вызначаюць канкурэнтаздольнасць чалавека, яго магчымасці працаваць з інфармацыйным полем, у камандзе. Гэта тыя напрамкі, якія патрэбны сучаснаму спецыялісту і якія праз даследчую дзейнасць фарміруюць яго кампетэнцыі. Таму натуральна, што ва ўніверсітэтах павінны быць створаны ўмовы для асобаснага росту моладзі праз даследчую работу, прычым даследчы кампанент, на мой погляд, павінен быць абавязковым для ўсіх адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі.

Сёння даследчая работа сярод студэнцтва развіваецца даволі паспяхова. Пры гэтым міністр адукацыі даў даручэнне ўніверсітэтам яшчэ ў большай меры далучыць студэнтаў да даследчай работы, у тым ліку да фундаментальных даследаванняў па навуковых праграмах і г.д. І ў першым паўгоддзі амаль у 1,3 разу вырасла колькасць студэнтаў і магістрантаў, якія далучаліся да гэтай работы. Што тычыцца мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў сістэме адукацыі і прысвечаны Году навукі, ёсць шмат станоўчых прыкладаў. У гэты год навучальныя ўстановы вышэйшай адукацыі, навуковыя арганізацыі Міністэрства адукацыі прымалі актыўны ўдзел у 11 міжнародных выставах, якія былі арганізаваны ў тым ліку ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Іспаніі, Алжыры, Мазамбіку, ЗША, Саудаўскай Аравіі і іншых краінах. Разнастайную навукова-тэхнічную прадукцыю мы прадставілі таксама і на Міжнароднай спецыялізаванай выставе “ТІБО-2017”, і на ХХ Міжнароднай выставе тэхналогій і інавацый у прамысловасці “ТэхІнаПрам”, якія прайшлі ў Мінску. На выставачных экспазіцыях было прадстаўлена больш за 100 навукова-тэхнічных распрацовак нашых універсітэтаў. У ходзе выставачнай дзейнасці за першае паўгоддзе гэтага года было заключана 14 кантрактаў, а таксама падпісана 18 пагадненняў аб супрацоўніцтве ў сферы навуковай дзейнасці з іншымі краінамі. Адметна і тое, што супрацоўнікі галіновага міністэрства і падпарадкаваных арганізацый прымаюць удзел у пасяджэннях міжнародных камісій па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Значнай падзеяй у Год навукі стала правядзенне Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і непасрэдна навукова-тэхналагічным паркам “Палітэхнік” ІІ форуму асацыяцыі навукова-тэхналагічных паркаў і зон высокіх тэхналогій “Шаўковы шлях”, у якім прынялі ўдзел больш за 300 чалавек з 12 краін. Па выніках форуму было падпісана пагадненне паміж Дэпартаментам навукі і тэхналогіі горада Янтай (КНР) і БНТУ аб стварэнні міжнароднага беларуска-кітайскага цэнтра трансферу тэхналогій, а таксама пагадненні аб стратэгічным супрацоўніцтве з Кітаем. Заслугоўвае ўвагі ХХІІІ Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў, магістрантаў і выпускнікоў 56 нашых УВА, дзе прадстаўлена амаль 4 тысячы навуковых работ. Аўтарам 70 з іх было прысвоена званне лаўрэата конкурсу.

— Якая роля Міністэрства адукацыі ў правядзенні з’езда вучоных? Як задзейнічана ў гэтым навучэнская моладзь?

— У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні ІІ з’езда вучоных нашай краіны, Міністэрства адукацыі арганізуе мерапрыемства з удзелам маладых вучоных. У першы дзень з’езда на базе Ліцэя БДУ пройдзе секцыя “Моладзь у навуцы”, у рамкай якой запланавана выстава дасягненняў маладых вучоных. Секцыю рыхтуе галіновае міністэрства разам з Нацыянальнай акадэміяй навук і БРСМ. У ходзе работы секцыі будуць вынесены на абмеркаванне пытанні арганізацыі студэнцкай навукі, сацыяльнай падтрымкі навуковай моладзі, ролі саветаў маладых вучоных і грамадскіх арганізацый у развіцці маладзёжнай навукі, узняцці аўтарытэту навуковай сферы і сацыяльнай падтрымкі навуковай моладзі. Гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўвацца ў час правядзення круглых сталоў з удзелам дэлегатаў з’езда. У рамках з’езда пройдзе секцыя “Моладзь і новыя гарызонты навукі” на базе Ліцэя БДУ і секцыя “Хімія і навукі аб Зямлі — інавацыйнаму развіццю Рэспублікі Беларусь”, якая пройдзе ў БДУ. Пры гэтым у рамках секцый плануецца ўдзел 500 чалавек. Увогуле колькасць маладых вучоных, якія будуць удзельнічаюць у тым ліку ў тэматычных секцыях, дастаткова вялікая. Напярэдадні з’езда плануецца правесці шэраг тэматычных канферэнцый і круглых сталоў. Мы іх вызначылі па некалькіх ключавых кірунках: высокія тэхналогіі, хімічны і фармацэўтычны профілі, міжнароднае супрацоўніцтва, сацыяльна-гуманітарныя пытанні. Як бачна, спектр інтарэсаў у маладых вучоных шырокі і шматгранны. Абмяркоўваючы прадстаўленыя тэмы, вырашаючы пастаўленыя задачы, звязаныя з арганізацыяй навуковай дзейнасці, мы зможам сфарміраваць і дастойна прадставіць маладзёжныя ідэі.

Увогуле, удзелу моладзі ў навуцы ўдзяляецца многа ўвагі, у тым ліку ў рамках падрыхтоўкі да з’езда. Калі праводзілася вылучэнне дэлегатаў, то не менш за 20 працэнтаў ад іх агульнай колькасці былі маладыя вучоныя. І гэта зразумела. Мы гатовы і далей развіваць інфраструктуру падтрымкі маладой таленавітай часткі нашага грамадства, прычым добра разумеем, што гэта інтэлектуальны патэнцыял, які, з аднаго боку, патрабуе клопату і неабходных умоў для таго, каб ён раскрыўся, а з другога боку, павінен даваць аддачу для развіцця нашай краіны.

— Якія кірункі ў сферы навукі плануецца развіваць у рамках канцэптуальных падыходаў у функцыянаванні айчыннай сістэмы адукацыі?

— Калі гаварыць у цэлым, то асноўныя напрамкі развіцця сістэмы адукацыі на найбліжэйшую і больш далёкую перспектыву прадугледжваюць пераход на абавязковую агульную сярэднюю адукацыю, упарадкаванне структуры сістэмы адукацыі, укараненне сістэмы незалежнай ацэнкі якасці адукацыі, удасканаленне шматступеньчатай прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, павышэнне канкурэнтаздольнасці вядучых універсітэтаў, стварэнне інфармацыйна-адукацыйнай прасторы, забеспячэнне ўзаемасувязі выхавання і навучання ў адукацыйным працэсе на ўсіх узроўнях і шмат іншага. У планах галіновага міністэрства на найбліжэйшыя некалькі гадоў — пашырыць падрыхтоўку навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі па новых прыярытэтных спецыяльнасцях, неабходных для развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей (у галіне мехатронікі, касмічных тэхналогій, 3D-друку, інфармацыйнай бяспекі, дадатковай рэальнасці, інтэрнэту рэчаў). Такім чынам, развіццё навукі будзе ісці з улікам пераходу эканомікі нашай краіны на больш высокія тэхналагічныя ўклады.

З пункту гледжання развіцця сусветнай навукі, мы не можам развівацца ізалявана. Наадварот, мы развіваемся з улікам міжнародных тэндэнцый, што адлюстравана ў праекце стратэгіі развіцця навукі ў нашай краіне, распрацаваным Нацыянальнай акадэміяй навук. Там прадстаўлены тэхналогіі будучыні, новыя падыходы да арганізацыі вытворчасці, якія, безумоўна, маюць на ўвазе развіццё інфармацыйнага грамадства. Узяць, напрыклад, прамысловую рэвалюцыю — індустрыя 4.0. Трэба разумець, што гэта комплексны напрамак, які ўключае не толькі сферу інфармацыйных, альбо адытыўных, тэхналогій і 3D-друк, але гэта і новае пакаленне матэрыялаў (кампазіцыйныя матэрыялы, матэрыялы з унікальнымі ўласцівасцямі), гэта новае пакаленне сэнсарных устройстваў, датчыкаў, новыя прынцыпы кіравання, якія будуць знаходзіць прымяненне не толькі ў рамках прамысловых тэхналогій, робатызаваных вытворчасцей, але і ў рамках праектаў, якія будуць аказваць сацыяльна-эканамічны ўплыў, звязаны з рэсурсазберагальнымі тэхналогіямі пры стварэнні, напрыклад, разумных гарадоў, падкрэсліваючы пры гэтым важнасць рацынальнага выкарыстання рэсурсаў. Сярод прарыўных кірункаў можна выдзеліць кірунак хіміка-біялагічнага профілю, які мае істотны ўплыў на такія сферы, як фармацэўтычная вытворчасць, сучасная медыцына і г.д. Усе гэтыя звышсучасныя кірункі закрануць, безумоўна, і нашу навуку, у развіцці якой задзейнічана навучэнская моладзь.

— Як вядзецца падрыхтоўка навуковых кадраў?

— Міністэрства адукацыі робіць шмат для таго, каб наша моладзь больш актыўна займалася навуковай дзейнасцю, далучалася да навукі і рэалізоўвала свае навуковыя ідэі. Сёння ў вышэйшай школе аспірантура адкрыта ў 26 УВА па 233 спецыяльнасцях, дактарантура — у 15 УВА па 180 спецыяльнасцях. Замацаванасць выпускнікоў аспірантуры ва ўстановах вышэйшай адукацыі, альбо колькасць работнікаў, якія працягваюць працаваць пасля абароны дысертацый, складае ад 70 да 100%. На такую станоўчую дынаміку паўплывала павелічэнне аб’ёмаў фінансавання ўніверсітэцкай навукі.

Міністэрства адукацыі пастаянна праводзіць конкурс па назначэнні стыпендый прэзідэнта нашай краіны студэнтам і аспірантам. Разглядаюцца заяўкі на гранты для выканання навукова-даследчых работ дактарантамі, аспірантамі і студэнтамі.

Хачу заўважыць, што сёння патрэбна ўдасканаленне падрыхтоўкі навучэнскай моладзі ў аспірантуры і дактарантуры. Што тычыцца аспіранцкай падрыхтоўкі, то мы прапаноўваем, каб аспірант быў засяроджаны на падрыхтоўцы правядзення даследаванняў па тэме дысертацыі, каб у яго фарміраваўся неабходны кругагляд, вопыт вучонага і была магчымасць атрымаць пасля абароны дысертацыі неабходную кваліфікацыю. Для тых, хто плануе займацца доктарскай дысертацыяй, інстытут дактарантуры таксама зведае пэўныя змяненні. У прыватнасці, мы прапаноўваем, каб было мэтавае фінансаванне такіх даследаванняў дактаранта і магчымасць цалкам сфакусіравацца на завяршэнні доктарскай дысертацыі.

— Як рэалізуюцца навуковыя распрацоўкі ў вытворчасці, у тым ліку ва ўніверсітэцкай? У якіх дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў удзельнічаюць нашы ўніверсітэты?

— Універсітэты і навуковыя арганізацыі Міністэрства адукацыі ўдзельнічаюць у выкананні ўсіх 12 дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. Так, у гэтым годзе выконваюцца 818 заданняў з аб’ёмам фінансавання 15,8 мільёна рублёў, альбо 120% адносна 2016 года. Прывяду некалькі найбольш яскравых і маштабных навуковых распрацовак. У рамках Дзяржаўнай праграмы “Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка” прафесарска-выкладчыцкі склад і навуковыя супрацоўнікі БДУ распрацоўваюць цэлы комплекс наземнага забеспячэння палётаў малых касмічных апаратаў, канструююць лятальны апарат, распрацоўваюць новыя матэрыялы, і ўсё гэта звязана з вывадам на арбіту студэнцкага спадарожніка. У рамках Дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы “Малатанажная хімія” ў мінулым годзе распрацавана тэхналогія і засвоена вытворчасць новага эфектыўнага імпартазамяшчальнага кансерванту травяных кармоў, які ўжо выкарыстоўваецца на сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

Для забеспячэння ўніверсітэтаў сучасным даследчым і навукова-вучэбным абсталяваннем у рамках выканання падпраграмы “Навукова-вучэбнае абсталяванне”, якая ўваходзіць у Дзяржаўную навукова-тэхнічную праграму “Эталоны і навуковыя прыборы” на 2016—2020 гады, запланавана распрацоўка і засваенне вытворчасці плазменнага атамна-эмісійнага спектрометра з храматаграфічным раздзяленнем узораў “ПлазмаХром” і іншага абсталявання.

Сёння маладзёжная навука і яе распрацоўкі маюць высокую навуковую накіраванасць, носяць прыкладны характар і могуць выкарыстоўвацца ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. Вось некалькі прыкладаў, якія гэта пацвярджаюць.

Студэнт БНТУ пяцікурснік Максім Гарнастай стаў двойчы лаўрэатам конкурсу (у суаўтарстве са студэнтам 5 курса Артурам Лакоташам за работу “Мадэрнізацыя гідрамеханічнага прывада гусеніц праходчых камбайнаў” і студэнтам 5 курса Дзмітрыем Цубоем за работу “Ацэнка энергазатрат пры вярчальным бурэнні шпураў у горных пародах”). Актуальнасць гэтых распрацовак заключаецца ў карэннай мадэрнізацыі тэхналагічнага абсталявання, якое прымяняецца пры падземнай распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей.

Студэнт 4 курса Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сяргей Мармыш у сваёй распрацоўцы “Варыянтная анатомія вянечных артэрый сэрца чалавека” прадставіў новы спосаб вызначэння тыпу кровазабеспячэння сэрца, заснаваны на матэматычным разліку параўнальнага каэфіцыента для вянечных артэрый.

— У эканоміцы нашай краіны сёння фарміруецца інавацыйная інфраструктура, якая спрыяе інтэграцыі адукацыі, навукі і эканомікі V і VI тэхналагічных укладаў. Згодна з гэтым Міністэрствам адукацыі запушчаны пілотны праект па практычнай апрабацыі ўніверсітэта новай фармацыі — універсітэт 3.0. Раскажыце, калі ласка, пра гэта.

— Універсітэт 3.0 — гэта такая ўстанова, дзе развіваюцца прадпрымальніцкія кампетэнцыі, камерцыялізуюцца распрацоўкі вучоных, у якой, акрамя навучання і даследаванняў, вядзецца інавацыйная работа, і прадпрымальніцтва з’яўляецца часткай інавацый. Універсітэт, які выконвае тры місіі, будзе спрыяць развіццю кампетэнцый, звязаных з тым, як камерцыялізаваць распрацоўкі і як стварыць новую каштоўнасць, што будзе прынята карыстальнікам, які прыйдзе ў эканоміку.

Сёння склаліся ўсе перадумовы для таго, каб ўніверсітэты пераходзілі ад навуковай мадэлі функцыянавання, якой уласціва функцыя навучання і даследавання, да мадэлі сучаснага прадпрымальніцкага ўніверсітэта, які ўяўляе сабой драйвер навукова-тэхналагічнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна (кластара, галіны). Універсітэту ставіцца задача менавіта ў навучэнскай моладзі сфарміраваць зацікаўленасць да кар’еры вучонага і прадпрымальніка. З гэтай мэтай вядзецца адаптацыя мадэлі ўніверсітэта 3.0, згодна з якой у вучэбна-праграмную дакументацыю адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі І ступені будуць унесены дапаўненні ў частцы вывучэння пытанняў інавацыйнай, вынаходніцкай і прадпрымальніцкай дзейнасці (стварэнне бізнес-асяроддзя). Адукацыйныя стандарты па спецыяльнасцях і вучэбна-праграмная дакументацыя адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі ІІ ступені будуць дапоўнены навучаннем выкананню высокатэхналагічных праектаў, а таксама накіраваны на рэалізацыю стартапаў у бізнес-інкубатарах і іншыя праекты. Апрабацыю гэтых кірункаў плануецца ажыццявіць у шэрагу ўніверсітэтаў, сярод якіх — БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДУІР, БДТУ, ГрДУ імя Янкі Купалы.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.