Сфера адукацыі Гомеля ў лічбах

Ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага гарвыканкама расказалі, што ў абласным цэнтры зараз дзейнічае 126 устаноў дашкольнай адукацыі, 76 — агульнай сярэдняй, 11 — сярэдняй спецыяльнай, 7 УВА, 11 — дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. 

У дзіцячых садах займаюцца больш за 23 тысячы выхаванцаў, у школах — 54,6 тысячы навучэнцаў. За апошнія чатыры гады ўведзены ў эксплуатацыю чатыры дзіцячыя сады. Летась была адкрыта група з поўным працэсам навучання і выхавання на беларускай мове для дзяцей 3—4 гадоў у яслях-садзе № 152. Працягваюць працаваць беларускамоўныя групы ў яслях-садах № 134, № 160 і № 161. 

Фактычна на працягу аднаго года адкрыліся дзве сучасныя школы. У жніўні 2020 года завершана пачатае ў 2013 годзе будаўніцтва сярэдняй школы № 74 на 765 месцаў і толькі што ўведзена ў строй сярэдняя школа № 75 у мікрараёне Хутар. 

Што тычыцца поспехаў дзяцей, у 2021 годзе 171 выпускнік атрымаў атэстат спецыяльнага ўзору з узнагароджаннем залатым (152) і сярэбраным (19) медалём. Гомельскія дзеці паспяхова выступаюць на міжнародных алімпіядах і канферэнцыях. У 2020/2021 навучальным годзе яны падвоілі папярэдні вынік і заваявалі шэсць медалёў. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 2021 года 14 выпускнікоў пацвердзілі якасць ведаў 100-бальнымі сертыфікатамі. З заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах дзеці прывезлі 61 дыплом па выніках мінулага года. Стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі ў 2020 годзе сталі 42 навучэнцы. На вяршыні настаўніцкіх рэйтынгаў —гомельскія педагогі. Настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Вадзім Лосеў перамог у рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года — 2020”, а настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Марына Капцэвіч стала суперфіналісткай прафесійнага спаборніцтва.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.