Сфера пошукаў

- 9:14Адукацыйная прастора

Чым прываблівае школьнікаў дзіцячы тэхнапарк? Сваімі ўражаннямі падзяліліся вучні і педагогі гімназіі № 2 Полацка.

Усё запакавана 

Ганне Гарохавай, вучаніцы 11 класа, пашчасціла пабываць у тэхнапарку ўжо 2 разы. 

— Каб стаць навучэнкай Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, трэба было прайсці шматэтапны адбор. Спачатку прэтэндэнты дасылалі свoй даследчы праект альбо дыплом пераможцы алімпіяды. Падчас другога этапу пісалі тэст на IQ, даволі складаны. Прапаноўваліся розныя пытанні на логіку і прасторавае мысленне, — успамінае дзяўчына. — Апошні іспыт — субяседаванне. Калі даведалася, што мяне ўзялі, вельмі ўзрадавалася. Другі раз эмоцыі былі яшчэ мацнейшыя, бо я ўжо ведала, якая разнастайная праграма мяне там чакае. У тэхнапарку кожны дзень распісаны па мінутах: заняткі ў БДУ, традыцыйныя ўрокі, экскурсіі, насычаны вольны час — спорт, спаборніцтвы, дыскатэкі.

Ганна выбрала для сябе напрамак “Зялёная хімія”. Апошняя работа старшакласніцы прысвечана біяраскладальнай упакоўцы для лекавых прэпаратаў. Да гэтага ў полі яе даследчых інтарэсаў была ядомая тара з палімераў. 

— І як, есці можна? Сама спрабавала? 

— Яна амаль не мае смаку, вырабляецца на аснове крухмалу і, калі ўжываць яе разам з іншым прадуктам, наогул не адчуваецца. 

— А што ў такой упакоўцы можна захоўваць? 

— Яна прапускае вадкасць, таму не з’яўляецца ўніверсальнай. Падыходзіць для круп, гарбаты, цукерак. Тым не менш гэта добрая альтэрнатыва пластыку, які наносіць шкоду не толькі навакольнаму асяроддзю, але і здароўю чалавека, таму што змяшчае бесфенол А, які выдзяляецца пры высокіх тэмпературах. Я даўно стараюся адмовіцца ад небяспечнай тары і выкарыстоўваць шкляны посуд. Таму і вырашыла звярнуць увагу на біяраскладальную ўпакоўку, — тлумачыць Ганна. 

Яе настаўніца Святлана Валер’еўна Кежа, якая падрыхтавала не аднаго пераможцу рэспубліканскай алімпіяды, падкрэслівае: 

— Гімназія сканцэнтравана на агульнай адукацыі, вывучэнні матэматыкі, фізікі, біялогіі, хіміі на павышаным узроўні. А ў тэхнапарку, акрамя класічных прадметаў, выкладаюць профільныя, — заўважыў дзесяцікласнік Вячаслаў Весялоў, які прапанаваў тэхнапарку праект “Анлайн-дуэль” (робатаў, якімі можна кіраваць з любога пункта планеты, дзе ёсць інтэрнэт). — Так, робататэхнікі займаліся радыёэлектронікай, 3D-друкам, праграмаваннем на мове С++, якая выкарыстоўваецца для розных робататэхнічных платформ. Нам паказвалі, як ствараць аб’екты з дапамогай 3D-дадаткаў, пачынаючы з карпусоў і заканчваючы сістэмамі пад’ёму. Да таго ж цікава было даведацца, як праходзіць вучэбны працэс ва ўніверсітэтах, як там выглядаюць аўдыторыі, якім абсталяваннем карыстаюцца. Гэта насамрэч уражвае.

— Сёння хімія як навука развіваецца вельмі імкліва. І гэта прываблівае дзяцей, яны бачаць шмат перспектыўных напрамкаў — біятэхналагічны, экалагічны, фармакалагічны. З дзіцячага тэхнапарка гімназісты вяртаюцца ў поўным захапленні. Перш за ўсё ім падабаецца там займацца даследчай дзейнасцю. Вельмі важна, што такому віду дзейнасці ўвага ўдзяляецца не эпізадычна, а кожны дзень. Безумоўна, зачароўвае і сама атмасфера: магчымасць сустракацца з выкладчыкамі ўніверсітэта, наведваць сучасныя лабараторыі. І што асабліва прыемна, вучні прыязджаюць у родную гімназію не з пустымі рукамі, а з сур’ёзнымі праектамі, над якімі можна працаваць далей. 

Педагог дадае: дзеці, якія дасягаюць поспехаў у вучобе і навуцы, высокаматываваныя, шмат займаюцца самастойна. 

Першым з гімназіі ў тэхнапарк адправіўся Багдан Шах, які зараз вучыцца ў 11 класе. Пра яго “Настаўніцкая газета” пісала ўжо: калі пачалася пандэмія каранавіруса, Акім Галубёнак прапанаваў на 3D-прынтары вырабляць ахоўныя шчыткі для бальніц, і Багдан падтрымаў гэтую ініцыятыву.

— Задача настаўніка — навучыць іх працаваць і здабываць інфармацыю, крытычна адносіцца да крыніц ведаў, якіх сёння, дзякуючы інтэрнэту, вельмі шмат, — падкрэслівае педагог. — Трэба разумець, што не ўсе яны якасныя. Таму з рознымі рэсурсамі спачатку знаёмлюся я сама, і толькі тыя з іх, што прайшлі праверку і ў якіх я не выявіла недакладнасцей, рэкамендую навучэнцам. 

Попыт ёсць

Настаўнік інфарматыкі Аляксандр Уладзіміравіч Цагельнік лічыць, што гімназістаў для сур’ёзнай даследчай работы трэба адбіраць ужо з 5 ці нават 4 класа. Але самае складанае, на яго думку, знайсці ідэю праекта, якая будзе і вучню цікавая, і адначасова арыгінальная, актуальная, а таксама мець практычную накіраванасць. Калі ўсе гэтыя пункты сышліся, тады і поспех гарантаваны. 

— Аляксандр Уладзіміравіч — галоўны генератар усіх ідэй нашых юных інфарматыкаў, — адзначае намеснік дырэктара гімназіі № 2 па метадычнай рабоце Тамара Ананьеўна Шчарбакова. — Каля яго заўсёды завіхаюцца вучні. Ва ўніверсітэтах педагога таксама добра ведаюць — і ў БДУІР, і ў БНТУ, і ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Выхаванцы А.У.Цагельніка неаднаразова станавіліся пераможцамі розных інтэлектуальных спаборніцтваў. Так, апошняя работа Аляксандра Голава — прылада аўтаматычнага ўвільгатнення паветра — атрымала дыплом абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Квант”. 

У хуткім часе вучань плануе прадставіць яе для конкурснага адбору ў дзіцячы тэхнапарк. 

— Як паказваюць назіранні, у памяшканнях, дзе доўгі час працуюць людзі, пагаршаецца стан паветра, — расказвае юны вынаходнік. — Адчыняць вокны — не заўсёды выйсце, у некаторых выпадках, наадварот, гэта толькі ўскладняе сітуацыю, напрыклад зімой. Як вядома з курса хіміі, паветра пры рэзкім астуджэнні губляе сваю вільготнасць — і мы атрымліваем адваротны эфект. Таму лепш выкарыстоўваць распыляльнік вады. 

Задума распрацаваць такі агрэгат з’явілася ў старшакласніка ў лістападзе 2021 года. Са снежня ён пачаў непасрэдна займацца прыборам. 

— Яго можна выкарыстоўваць нават у гімназіі. Я рабіў эканамічнае абгрунтаванне праекта. Кошт прылады прыкладана 12—20 долараў у эквіваленце. Яна намнога таннейшая, чым існуючыя на рынку мадэлі. Такім чынам, яна можа канкурыраваць з іншымі прапановамі, — адзначае вучань.

Навучэнцы тэхнапарка: “Калі ты бачыш, да чаго імкнешся, і маеш мэту, ёсць стымул вучыцца і атрымліваць новыя веды”.

Пры гэтым Саша пасаромеўся пахваліцца: калі выступаў на конкурсе “Хачу ў 3.0”, на яго агрэгат звярнулі ўвагу прадстаўнікі Татарстана. І зараз абмяркоўваецца пытанне, як наладзіць узаемадзеянне. 

Дарэчы, гэта не адзіная распрацоўка вучняў гімназіі, якая ўжо сёння карыстаецца попытам. Праектам другога вучня, Арцёма Шэпелева, зацікавіліся ў адной з еўрапейскіх краін. Ён прапанаваў да ўвагі спажыўцоў праграмна-апаратны комплекс WheelGo, у склад якога ўваходзіць абсталяванне для веласіпеда, у тым ліку камп’ютар, які фіксуе хуткасць, адлегласць, калорыі, што спальваюцца падчас руху. 

Інжынерная супольнасць

Цікавы факт: многія адораныя выпускнікі гімназіі не імкнуцца паступаць у сталічныя УВА, яны плануюць вучыцца дома — у Полацкім дзяржаўным універсітэце. І гэта невыпадкова, адзначаюць у гімназіі.

— Мы заключылі з ПДУ тры дагаворы аб супрацоўніцтве: з кафедрамі фізікі, тэхналогій праграмавання, тэхналогіі і абсталявання перапрацоўкі нафты і газу. Таксама на базе гімназіі працуюць два філіялы кафедр ПДУ (фізікі і тэхналогій праграмавання). Вучні займаюцца ва ўніверсітэцкіх лабараторыях, выкладчыкі прыходзяць да хлопцаў і дзяўчат у нашу ўстанову, дапамагаюць ім працаваць над праектамі, праводзіць розныя турніры, — расказвае Тамара Шчарбакова. — Таксама добрыя партнёрскія сувязі наладжаны з мясцовым фондам падтрымкі навукі, адукацыі і прадпрымальніцтва “Новы Полацк”. Такім чынам, у нас склалася сапраўдная інжынерная супольнасць: гімназія — універсітэт — фонд. Дзеці ствараюць праекты, а на базе ПДУ яны праходзяць апрабаванне. “Новы Полацк” дапамагае знаходзіць арганізацыі, дзе навучэнцы могуць рэалізаваць свае ідэі. Напрыклад, леташнія выпускнікі Акім Галубёнак і Мікіта Тамашэвіч для некаторых прадпрыемстваў выконваюць заказы з дапамогай 3D-прынтара. Акрамя таго, пераможцы навуковых канферэнцый і алімпіяд атрымліваюць ад фонду прэмію, памер якой залежыць ад занятага месца. Мінімальная сума — 150 рублёў. Старшыня праўлення фонду Аляксандр Уладзіміравіч Галубёнак прытрымліваецца наступнага прынцыпу: нашы таленавітыя дзеці павінны развіваць свой рэгіён. “Моцны рэгіён — моцная  дзяржава”, — лічыць ён. І прыкладае ўсе намаганні, каб моладзь замацоўвалася на малой радзіме.

Святлана ЛОЦМАНАВА.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.