СГА — важная пляцоўка для развіцця эканамічных інтарэсаў нашай краіны

Беларусь захоўвае вялікі інтарэс да ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю і мае намер у найбліжэйшы час прадоўжыць адпаведныя перагаворы з гандлёвымі партнёрамі. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка.

“Інтарэс у нас вельмі вялікі, таму што СГА аб’ядноўвае ўсіх асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі. У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, якое ён даў у 2016 годзе, апошнія два гады мы значна актывізавалі перагаворны працэс. Мы ўжо завяршылі перагаворы прыкладна з 20 гандлёвымі партнёрамі. Засталося 5—6 краін, але гэта, вядома, і найбольш складаныя партнёры. Мы запланавалі правесці ў лютым у Жэневе чарговы раўнд перагавораў, пасяджэнне рабочай групы па ўступленні Беларусі ў СГА”, — сказаў першы намеснік міністра.

Паводле яго слоў, таксама падрыхтавана чарговая рэдакцыя зводнага даклада рабочай групы. “Гэта падагульняючы дакумент, у якім будуць зафіксаваны ўсе абавязацельствы Беларусі пры ўступленні ў СГА.

Якраз у лютым плануем правесці і пасяджэнне нашай рабочай групы, на якой, як правіла, прысутнічае значная частка прадстаўнікоў — членаў СГА, і правесці серыю двухбаковых перагавораў, перш за ўсё з Еўрасаюзам і тымі краінамі, з якімі мы вельмі блізкія да падпісання двухбаковых пратаколаў”, — растлумачыў Андрэй Еўдачэнка.

Ён таксама адзначыў, што цяпер ідзе працэс рэфармавання СГА, часам сустракаецца меркаванне, што гэта арганізацыя стала непатрэбнай або неэфектыўнай. “Я не сказаў бы, што такое адбываецца. Якраз цяпер у рамках СГА ідзе працэс аптымізацыі, рэарганізацыі, ачышчэння ад непатрэбных функцый і ў той жа час узмацнення наглядных функцый за выкананнем дзяржавамі-членамі сваіх абавязацельстваў”, — расказаў дыпламат.

Андрэй Еўдачэнка выказаў перакананне, што чуткі аб сконе СГА моцна перабольшаны. “Калі гэтая арганізацыя сапраўды будзе мадэрнізавана пад сённяшнія эканамічныя тэндэнцыі, то яе аўтарытэт і роля ў сусветным гандлі толькі павысяцца, таму Беларусі трэба быць там, каб удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў міжнароднага гандлю. У нас ёсць свае эканамічныя інтарэсы, і мы хацелі б дастойна іх развіваць на міжнароднай пляцоўцы, асабліва такой важнай, як СГА”, — рэзюмаваў першы намеснік міністра.