“ШАГ” да фарміравання грамадзянскай самасвядомасці

У рамках праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” ў сярэдняй школе № 21 Магілёва прайшоў адкрыты дыялог з навучэнцамі 8—11 класаў “Будучыня Беларусі — гэта мы!”. Дзеці і педагогі абмеркавалі шэраг сацыяльна значных тэм, у тым ліку правядзенне дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, вынікі Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2018”, павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва жылля для мнагадзетных сем’яў. Да дыялогу з моладдзю далучылася дырэктар па вытворчасці ААТ “Магатэкс” Вольга Кавалёва.

У ліку тых, хто падчас сустрэчы разважаў на прапанаваныя тэмы, была і вучаніца 11 “Б” класа Мілана Быхаўцава — яркая і прыветлівая дзяўчына з вялікімі разумнымі вачыма. Асабліва актуальным для яе стала пытанне дабрачыннасці і неабходнай дапамогі найменш абароненым катэгорыям дзяцей, якія па прычыне жыццёвых акалічнасцей маюць патрэбу ў павышанай увазе, любові і падтрымцы. І гэта нядзіўна, бо пра валанцёрства дзяўчына ведае не па чутках.

“Я не толькі рэалізоўваю сябе ў вучобе і спорце, але і пастаянна ўдзельнічаю ў арганізацыі і правядзенні дабрачынных мерапрыемстваў, — расказала Мілана. — Напрыклад, у рамках абласной дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды” ў складзе валанцёрскага атрада БРСМ мы збіралі для пэўных катэгорый дзяцей і мнагадзетных сем’яў навагоднія падарункі, цацкі, канцтавары і спартыўны інвентар. Ужо не першы год напярэдадні зімовых свят мы наведваем дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і сацыяльныя прытулкі, прывозім для іх выхаванцаў падарункі і ладзім казачныя паказы. І гэта вельмі прыемна, калі разумееш, што можаш дапамагчы людзям, зрабіць нешта карыснае для іншых, а не проста жыць як душа жадае. Усё пачынаецца з малога: калі кожны зробіць нешта добрае, няхай нават і невялікае, у цэлым гэта дасць добры вынік”.

Таксама дзяўчына падкрэсліла, што актыўнае і цікавае грамадскае жыццё стымулюе на далейшае самаразвіццё, настройвае на пошук свайго жыццёвага шляху. І сустрэчы ў рамках школы актыўнага грамадзяніна адыгрываюць у гэтым не апошнюю ролю. “Кожны з нас — у большай або ў меншай ступені — вынесе з такіх абмеркаванняў нешта новае. Для аднаго пачутая інфармацыя стане падставай задумацца, іншы прыме яе як кіраўніцтва да дзеяння. Сустрэчы займаюць не так многа часу, але ўсё-такі прыносяць плён. Наўрад ці маладыя людзі будуць самі мэтанакіравана шукаць і вывучаць гэтую інфармацыю ў вольны ад вучобы час. Іншая справа ў школе: мы не толькі даведваемся, што адбываецца ў нашай краіне, але і актыўна абмяркоўваем гэта з аднагодкамі”.

Дзесяцікласніц Настассю Ганчарову і Дар’ю Сірэнка таксама не пакінула абыякавымі тэма дабрачыннасці. Самым цікавым для іх была інфармацыя пра тое, як на ААТ “Магатэкс” дапамагаюць дзецям, якія жывуць у нястачы. Школьніцы задаліся пытаннем, колькі такіх дзяцей пражывае ў Беларусі і ці дастатковая дапамога ім аказваецца. Таксама дзяўчаты цікавіліся, як у нашай краіне падтрымліваюць выхаванцаў сацыяльных прытулкаў пасля дасягнення імі паўналецця.

Спагадлівасць, міласэрнасць, спачуванне, узаемадапамога і суперажыванне — гэта не проста словы, упэўнены юныя суразмоўцы. Гэта тыя пачуцці, якімі трэба кіравацца ў штодзённым жыцці, каб быць упэўненым, што навакольны свет можна змяніць да лепшага. “Кожны для сябе вырашае сам, як зрабіць наша жыццё лепшым: нехта становіцца блогерам і актыўна распаўсюджвае свае ідэі ў інтэрнэце, а нехта ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях, прыносіць канкрэтную дапамогу. І адказаць адназначна, што лепш, нельга. У гэтым пытанні мы можам агучыць нашы меркаванні і прыслухацца да меркаванняў іншых”, — падагульніла Дар’я Сірэнка.
Дарэчы, адміністрацыю школы радуе такая актыўнасць моладзі, бо галоўная мэта адзіных дзён інфармавання ў рамках школы актыўнага грамадзяніна — навучыць дзяцей арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, аналізаваць разнастайную атрыманую інфармацыю, а таксама фарміраваць уласныя меркаванні па пытаннях развіцця грамадзянскай супольнасці.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.