Шахматы на бягу

- 13:13Спартыўныя падзеі

Сярод значнага стоса дыпломаў і грамат самага высокага разраду ў спартыўным арыентаванні для Эдварда Ародзя найбольш дарагі самы першы, які за актыўны ўдзел у першым у яго жыцці раённым турзлёце, што праходзіў 40 гадоў назад у Свіслацкім раёне, уручыў мясцовы райкам ЛКСМБ. Той турзлёт і паклаў пачатак шматгадоваму захапленню: кожны год Эдвард Станіслававіч прымае ўдзел у турзлётах і спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні, больш за 30 гадоў займаецца іх арганізацыяй. Ён узначальвае абласную федэрацыю і з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі спартыўнага арыентавання. Ён жа — суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, старшы выкладчык кафедры фізвыхавання ГрДУ імя Янкі Купалы.

А пачалося ўсё, як і ў многіх камсамольцаў-актывістаў, у студэнцтве. Таму, што першакурснік-матэматык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы абраў справай жыцця спорт, паспрыяў менавіта камсамол і яго будатрады. Юнак з сябрамі працаваў у будатрадзе, калі арганізацыя, якой яны дапамагалі, збіралася на турзлёт і запрасіла студэнтаў увайсці ў склад іх каманды.

Поспеху юнага Эдварда на тым турзлёце паспрыяла падрыхтоўка В.К.Бойкі, яго выкладчыка, а ў будучыні і трэнера. Менавіта ён заўважыў прыродныя задаткі першакурсніка, які вучыўся да гэтага ў сельскай школе, дзе не было ніводнай спартыўнай секцыі, і захапіў лёгкай атлетыкай. А потым угаварыў Эдварда прыйсці на трэніроўку па спартыўным арыентаванні. Той неахвотна зайшоў. І застаўся ў арыентаванні на ўсё жыццё. Нават студэнтам 5 курса працаваў выкладчыкам на кафедры фізвыхавання.

Так, матэматыка для яго не стала прафесіяй, але ж у арыентаванні дапамагае заўсёды. Эдвард Станіслававіч па размеркаванні 3 гады працаваў у школе настаўнікам матэматыкі, але з першага дня вёў групы спартыўнага арыентавання. І ўсё сваё жыццё ці арганізоўваў, ці сам як педагог рыхтаваў да спаборніцтваў дзяцей. І дысертацыя яго таксама была прысвечана арыентаванню.

Турзлёты, успамінае Эдвард Станіслававіч, займалі вялікае месца ў жыцці камсамольцаў — і працоўнай моладзі, і студэнтаў, праходзілі ў ВНУ, на прадпрыемствах. Лепшыя турысты змагаліся ў гарадскіх турзлётах, абласных, рэспубліканскіх. Але самымі запамінальнымі былі ўсесаюзныя турзлёты, якія аб’ядноўвалі камсамольцаў-спартсменаў з усяго Савецкага Саюза.

Самай маштабнай у турзлётаўскай біяграфіі Эдварда Станіслававіча стала маладзёжная сустрэча, у праграму якой уваходзілі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні “Гран пры” ў Латвіі ў 1982 годзе і ў якіх на працягу 5 дзён высвятлялі спар-тыўныя стасункі больш за 3,5 тысячы ўдзельнікаў з 15 савецкіх краін.

“Кожны дзень мы спаборнічалі, але не абыходзілася без традыцыйнай рамантыкі: па вечарах рыхтавалі на вогнішчы вячэру, на траве арганізоўвалі імправізаваны стол, пад гітару спявалі песні. Падчас такіх стартаў завязваліся і самыя моцныя сяброўскія адносіны з моладдзю Літвы, Латвіі, Грузіі, Азербайджана і інш. Напрыклад, мой сябра тых дзён жыве ў Кіеве, і мы дагэтуль падтрымліваем добрыя адносіны. Некаторыя сябры цяпер жывуць у Казахстане, Расіі, Літве. Усе яны засталіся адданымі спорту і турызму і цяпер прывіваюць сучаснай моладзі любоў да “шахмат на бягу” — успамінае Э.С.Ародзь.

Менавіта так арыенціроўшчыкі называюць паміж сабой гэты від спорту. Гэтую метафару мой суразмоўца тлумачыць так: “Гледзячы на карту, мы павінны перамясціцца з аднаго пункта ў другі за самы кароткі час. І калі мы будзем павольна думаць, сапернікі нас абыдуць. Таму трэба імгненна прымаць правільныя рашэнні, не зважаючы на фізічную стомленасць, бо, хоць дыстанцыі вымяраюцца і дзясяткамі кіламетраў, мы павінны захаваць ясную галаву. Таму ў арыентаванні, як і ў шахматах, галоўнае — рашэнне задач па выбары аптымальнага шляху, толькі тут яшчэ і на бягу”.

“Турзлёт, з аднаго боку, складаная штука, з другога — вельмі важная, — разважае Эдвард Станіслававіч. — Калі пры камсамоле ўсе дзеці ў школах напрыканцы навучальнага года хадзілі ў паходы, то сёння гэтая традыцыя знікла. Яна ёсць, але фармальная. Гэта ж тычыцца і студэнцкай моладзі. А асноўная бяда ў тым, што некаторыя педагогі не хочуць браць на сябе адказнасць. Але калі дзейнічаць па прынцыпе “толькі б чаго не здарылася”, то, мабыць, не варта ўвогуле нешта праводзіць. Але, насамрэч, калі дзеці выязджаюць на прыроду, калі іх задача — арганізаваць самастойна ўласны адпачынак, знайсці дровы, размеркаваць абавязкі, прыгатаваць ежу, — гэта сапраўдная школа жыцця, якую не заменіць ніякая тэорыя. Нішто так не навучыць пераадольваць цяжкасці, як абставіны турзлётаў. Вось паспрабуйце падчас моцнага ліўня, які прымусіў не толькі палаткі паплысці, але і на месцы вогнішча зрабіў басейн, распаліць касцёр, сагрэцца, высушыць адзенне. Якраз у такіх умовах правяраюцца не толькі турысцкія навыкі, але і псіхалагічныя”.

Сёння ўсе гэтыя ўменні Эдвард Станіслававіч адточвае ў сваіх студэнтаў, для якіх арганізоўвае паходы і турзлёты. Яго захопленасць прыцягвае людзей рознага ўзросту. Сёння ва ўніверсітэцкім турыстычна-спартыўным клубе “Кронан” , заснавальнікам і нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Э.С.Ародзь, займаюцца больш за паўсотні студэнтаў і выкладчыкаў.

“Цяпер у нас са студэнтамі вельмі напружаная работа, бо рэалізоўваем ініцыятыву ПРААН па папулярызацыі арыентавання “Арыентаванне на здаровы лад жыцця” — ва ўсіх школах Гродна праходзяць адпаведныя мерапрыемствы. Актыўна рыхтуемся і да чэмпіянату Еўропы сярод юнакоў, які пройдзе ў Гродне ў наступным годзе. Упершыню спаборніцтвы па арыентаванні такога ўзроўню пройдуць у Беларусі. А ў 2020 годзе мы правядзём чэмпіянат Еўропы па арыентаванні сярод работнікаў лясной дрэваапрацоўчай прамысловасці, тых, для каго арыентаванне па картах — прафесійная неабходнасць. Чакаем каля 500 удзельнікаў з замежжа”.

Відавочна, што распачатыя некалі маладзёжнай арганізацыяй традыцыі не знікнуць. І ў першую чаргу дзякуючы такім апантаным людзям.

Святлана НІКІФАРАВА.