Шахматы падчас бегу

- 11:13Вышэйшая школа

Калі хочацца бегаць, але звычайны бег ужо надакучыў, можна паспрабаваць ускладнены варыянт — спартыўнае арыентаванне. Там атрымліваеш усе тыя ж плюсы, што і раней, але дадаецца яшчэ азарт і цікавасць знайсці кантрольныя пункты за як мага меншы час. Сустрэць аднадумцаў даволі проста — звярнуцца ў Клуб арыентавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Першыя крокі

Спартыўнае арыентаванне пачало зараджацца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў 60-я, аднак афіцыйна клуб адкрыўся толькі ў 1999 годзе. Менавіта тады ён увайшоў у Беларускую федэрацыю арыентавання, а яго ўдзельнікі пачалі выступаць на ўсіх афіцыйных спаборніцтвах. Трэнеры Віктар Рыгоравіч Акімаў, Станіслаў Фёдаравіч Рыжанкоў, Віктар Віктаравіч Красільнікаў паклалі нямала сіл для развіцця гэтага віду спорту ва ўніверсітэце.

Цяперашні кіраўнік клуба Дзмітрый Давідовіч прыйшоў на заняткі за год да афіцыйнага стварэння — у 1998 годзе. Захапіўся спартыўным арыентаваннем яшчэ ў школе, таму ва ўніверсітэт прыйшоў з двума гадамі “стажу”. Дзмітрый Аляксандравіч хваляваўся, што можа не трапіць у секцыю: а раптам трэба здаваць нейкія нарматывы, мабыць, праблемы з сэрцам паўплываюць? Але ўсё прайшло гладка. Першую трэніроўку С.Ф.Рыжанкоў назначыў у Гаі (дзе біялагічны факультэт БДУ). Яе Дзмітрый Давідовіч ніколі не забудзе. “Мы знайшлі неабходнае нам месца, спартыўную залу, але Станіслава Фёдаравіча ў трэнерскай не было. У кагосьці выпадкова знайшоўся яго дамашні нумар тэлефона, мы патэлефанавалі і засталі трэнера дома, у Зялёным Лузе. Так мая першая трэніроўка сарвалася, нават не пачаўшыся”.

Прайшло ўжо больш за 20 гадоў, а спартыўнае арыентаванне прысутнічае ў жыцці Дзмітрыя Аляксандравіча і цяпер. Раней амаль кожныя выхадныя для кіраўніка клуба азначалі чарговыя спаборніцтвы, прычым беларускай тэрыторыяй яны не абмяжоўваліся. Часта ён бываў у Літве, Латвіі, Польшчы, Расіі, ва Украіне. З найбольш экзатычнага — Аўстрыя, Іспанія, Фінляндыі, Чэхія, Швецыя. Дзмітрый Давідовіч выступае асабіста, але заўсёды стараецца падкрэсліць, што ён з БДУ. Фінансавыя выдаткі ляжаць толькі на ім: за сваё захапленне прыходзіцца плаціць. “Зараз знайсці спаборніцтвы вельмі проста, таму што ўся інфармацыя ёсць у інтэрнэце. Выбірай, рэгіструйся і едзь. Раней арыенціроўшчыкі дзяліліся інфармацыяй: вярталіся з адной паездкі, расказвалі пра яе, іншыя спартсмены ехалі туды ўжо ў наступным годзе”.

Вопыт спартсмена Дзмітрыя дапамагае кіраўніку Дзмітрыю Аляксандравічу параўноўваць мінулае і сучаснае, бачыць плюсы і мінусы, развіваць тое, што атрымліваецца, і спрабаваць тое, чым раней не займаліся. “Мы сталі больш сур’ёзнымі. Калі спачатку ў клубе былі амаль адны студэнты — цяпер шмат выпускнікоў. З цягам часу мы пачалі праводзіць больш буйныя спаборніцтвы, у тым ліку чэмпіянат Беларусі”.

Выпускнікі БДУ Андрэй Якаўлеў і Аляксей Громаў на спаборніцтвах у Кіеве (2019 г.)

Вітаем усіх

Займацца ў клубе можа амаль любы жадаючы. Асноўная маса — гэта, безумоўна, студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яны могуць запісацца на штогадовым сходзе ва ўніверсітэцкім спарт­комплексе. Калі туды не па­спеў, ёсць варыянт звярнуцца да трэнера Сяргея Астраўлянчыка, ён пра ўсё раскажа. Такім жа чынам (праз трэнера) можа запісацца і не студэнт — у клубе абяцаюць, што дапамогуць акунуцца ў свет арыентавання. Дарэчы, важная частка клуба — гэта выпускнікі, якія працягваюць лічыцца ўдзель­нікамі. Яны не хо­дзяць на асноўныя трэніроўкі, але абавязкова падтрымліваюць каманду на спаборніцтвах. Многія лічаць, што арыентаванне — гэта адзін раз і на ўсё жыццё. Клуб сваім прыкладам гэта даказвае і як бы дадае: “Спартыўнае арыентаванне падыходзіць для любога ўзросту”. Можна па­чаць займацца ў школе, а можна і ў 50 гадоў — ніякай праблемы. Лю­дзі ўлюбляюцца ў гэты спорт калі заўгодна.

Асаблівых навыкаў для заняткаў спартыўным арыентаваннем не патрабуецца, навічкам няма чаго баяцца. Важна, каб па здароўі не было супрацьпаказанняў, бо гэта ўсё ж спорт. Спачатку некаторыя праблемы могуць быць не надта крытычнымі, але з павелічэннем нагрузкі яны становяцца ўсё больш небяспечнымі. “Многія майстры спорту, падрыхтаваныя ў нашым клубе, прыйшлі да нас на 1 курсе, не ведаючы, што такое арыентаванне, — расказвае Дзмітрый Давідовіч. — Праз 5 гадоў яны змаглі стаць прафесіяналамі. Таму ніякіх асаблівых ведаў для таго, каб запісацца, не трэба, іх можна атрымаць тут”.

Арыентаванне падыдзе для тых, хто мае матэматычныя здольнасці (яго часта называюць шахматамі падчас бегу), не баіцца бегаць у лесе, дзе можна апячыся крапівой ці запэцкацца ў багне, мае мінімальную фізічную падрыхтоўку (з часам яна палепшыцца). Не з кожнага чалавека атрымаецца спартсмен высокага ўзроўню, але прайсці лёгкую дыстанцыю зможа любы. Да таго ж заблукаць у лесе ці горадзе будзе вельмі цяжка, палепшыцца зрокавая памяць, мысленне стане больш чыстым.

Дзмітрый Давідовіч на спаборніцтвах у Гродне (2000 г.)

“У навічкоў часцей за ўсё ўзнікае пытанне, як працаваць з картай на дыстанцыі, бо бегаць умеюць усе, а вось бегаць па лесе з картай — не. Трэба навучыцца яе чытаць, запомніць умоўныя знакі. Звычайна гэты працэс займае тыдзень-два. Пасля гэтага навічок можа ўдзель­нічаць у лёгкіх спаборніцтвах, а за восень нават атрымаць спартыўны разрад”, — гаворыць Дзмітрый Давідовіч.

Майстэрства прыходзіць з трэніроўкай

Заняткі ў клубе праходзяць 5 разоў на тыдзень. Два-тры з іх — трэніроўкі з картай на мясцовасці (калі няма снегу). Мясцовасць — гэта месца, якое мае спецыяльную карту для спартыўнага арыентавання. Напрыклад, амаль ва ўсіх мінскіх парках такія ёсць. На выхадных каманда стараецца па­ехаць куды-небудзь далей, у Маладзечанскім ці Лагойскім напрамку. Там ёсць выдатныя мясцовасці для навучання. Плюс праходзяць лёгкаатлетычныя трэніроўкі, дзе студэнты бегаюць кросы — у гару, з гары і г.д. Не абысціся без заняткаў па ўдасканаленні тэхнічных пытанняў, дзе ўдзяляецца ўвага тэорыі, вывучаюцца аспекты накшталт умоўных знакаў на карце, разбіраюцца пытанні спартсменаў. Але лепшая трэніроўка — гэта спаборніцтвы, лічыць Дзмітрый Давідовіч. “Спаборніцтвы больш за ўсё падабаюцца спартсменам. Гэта выезд на прыроду, знаёмства з новымі гарадамі, зносіны з іншымі клубамі. Часам мы бяром з сабой палаткі, увечары сядзім перад вогні­шчам. Самыя важныя спаборніцтвы для клуба — гэта Рэспубліканская ўніверсіяда, студэнты да яе рыхтуюцца цэлы год. Вынікі паказваюць, што мы ідзём правільным шляхам, бо ўжо 20 гадоў нашы спартсмены не апускаюцца ніжэй за 4—5-я месцы, амаль заўсёды ў прызёрах. Яшчэ ўдзельнічаем у спаборніцтвах Беларускай федэрацыі арыентавання — у чэмпіянатах і кубках Беларусі. Там таксама спрабуем змагацца за высокія месцы”.

На спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні трэба прайсці ўсе кантрольныя пункты за найменшы час. Ёсць тры віды: арыентаванне ў зададзеным напрамку, па выбары і на маркіраванай трасе. У першым выпадку трэба прайсці дыстанцыю ў зададзеным парадку. На старце ўдзельнік атрымлівае карту, дзе ёсць месца старту, кантрольныя пункты, якія злучаны лініяй. Па ёй спартсмен павінен бегчы і прытрымлівацца паслядоўнасці праходжання КП.

Пры арыентаванні па выбары ўдзельнік можа прайсці дыстанцыю ў такім парадку, у якім хоча. Спаборніцтвы могуць праходзіць па трох сцэнарыях.

1. Прайсці дыстанцыю ад старту да фінішу.

2. Сабраць усе КП за найменшы час.

3. Набраць як мага больш балаў за канкрэтны час. Да спаборніцтваў КП атрымліваюць пэўныя балы (залежыць ад складанасці і далечыні). За перавышэнне часу спартсмен атрымлівае штраф (напрыклад, мінус бал за кожную лішнюю хвіліну).

Арыентаванне на маркіраванай трасе заключаецца ў тым, што ва ўдзельніка ёсць карта з месцам старту. Ён бяжыць па маркіраванай дыстанцыі і адзначае на карце КП, якія бачыць на сваім шляху. На фінішы дакладнасць нанесеных абазначэнняў правяраюць суддзі.

Пакуль што спаборніцтвы адменены, але апантаныя арыенціроў­шчыкі знайшлі выхад. MapRunF — мабільны дадатак, якім карыстаюцца, каб спаборнічаць на адлегласці. Яго можна спампаваць на тэлефон (даступна для iOS і Android). Пакуль дадатак працуе толькі на англійскай мове, але інтэрфейс просты, разабрацца няцяжка. Спачатку трэба прайсці рэгістрацыю (Name), каб потым знайсці сябе ў спісе вынікаў. Потым можна выбраць пункт для арыентавання (SelectEvent). У рэгіёне Беларусь даступна каля 30 дыстанцый. Большасць размешчана ў Мінску, але ёсць карты яшчэ для Гродна і Брэста. Выбіраеце тую, якая вам падабаецца, едзеце на месца, націскаеце GotoStart. Заўсёды трымайце ўключанымі інтэрнэт і
GPS-навігатар (ён будзе сачыць за вамі на дыстанцыі). Дадатак дасылае паведамленні, калі вы праходзіце праз старт і кожны з пунктаў. Зручна, што ёсць трасы розных відаў складанасці — паспрабаваць можа любы.

“Калі раней кантрольныя пункты на спаборніцтвах расстаўляў трэнер, то цяпер іх можна ўба­чыць на сваім смартфоне. Зручна і тое, што яны знаходзяцца ў прыла­дзе тыдзень-два, можна ў любы час прайсці дыстанцыю. Застаецца і цікавасць да спаборніцтваў, бо потым у агульнай табліцы можна паглядзець свае вынікі. У цяперашняй сітуацыі гэта добры варыянт, каб не спыняць трэніровак і атрымліваць ацэнку сваёй дзейнасці. Аднак гэта не заменіць паўнавартасных су­стрэч ужывую, той азарт, які мы адчуваем, калі бачым сапернікаў”, — разважае Дзмітрый Аляксандравіч.

Сваімі вынікамі ўдзельнікі клуба арыентавання дзеляцца ў сацыяльных сетках. Мабыць, менавіта такі спосаб трэніровак, даступны кожнаму, падштурхне цікавасць да гэтага віду спорту, і ён стане яшчэ больш масавым не толькі ў БДУ, але і за яго межамі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Клуба арыентавання БДУ.