Шайба — раз, шайба — два… Перамога!

- 11:13Актуально, Апошнія запісы

У панядзелак малая арэна сталічнай “Чыжоўка-Арэны” прымала фінальны матч рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у дывізіёне “А” старшай узроставай групы. 10:3 — з такім лікам каманда Цэнтральнага раёна Мінска “Грыфоны” перамагла горацкіх хакеістаў з “Сокала”.

“Шайбу! Шайбу!” — гучала над трыбунамі. І на гэты заклік шматлікіх балельшчыкаў юныя хакеісты адказвалі цэлым россыпам галявых момантаў. У “дзявятку”, пад перакладзіну, пад варатаром, ад штангі — шайбы заляталі ў вароты сапернікаў адна за адной. Выніковым аказаўся не толькі фінальны матч, але і ўсе сустрэчы турніру. На лядовых пляцоўках “Чыжоўка-Арэны” і Палаца спорту з 3 па 7 студзеня ішла напружаная, бескампрамісная барацьба. Усё было як на спаборніцтвах сярод прафесіяналаў. Сярод удзельнікаў “Залатой шайбы” абавязкова ёсць тыя, хто стане прафесійным хакеістам і будзе абараняць гонар нацыянальнай зборнай па хакеі з шайбай і гонар знакамітых клубаў.

Шлях фіналістаў да матча за галоўны трафей “Залатой шайбы” — пераходзячы кубак — быў няпростым. У першым матчы “Грыфоны” сустракаліся з “Металургам” (Жлобін) і перамаглі 12:3. Наступным сапернікам сталічных хакеістаў стаў салігорскі “Шахцёр”. 4 студзеня “Грыфоны” зноў аказаліся мацнейшымі (11:1). У трэці дзень спаборніцтваў былі пераможаны “Прынёманскія ястрабы” з Кастрычніцкага раёна Гродна (11:5). Па выніках трох матчаў “Грыфоны” занялі 1-е месца ў групе “А”. У групе “Б” сапернікамі “Сокала” з Горацкага раёна сталі “Партызан” (Партызанскі раён Мінска), “Атлант” з Кобрына і віцебская каманда “Паўночная сталіца”. Першую перамогу “Сокал” здабыў над “Партызанам” (9:6), у другім матчы ён аказаўся мацнейшым за “Паўночную сталіцу” (13:2), а ў суботу, 5 студзеня, на лядовай пляцоўцы Палаца спорту быў пераможаны “Атлант” з лікам 9:0. Па выніках спаборніцтваў у дывізіёне “А” кобрынская каманда заняла ганаровае 3-е месца, здабыўшы перамогу ў вырашальным паядынку над “Прынёман-скімі ястрабамі” (8:1).

Менавіта гулец “Атланта” Іван Кузьміцкі быў прызнаны лепшым нападаючым турніру. Лепшым варатаром (Мікіта Вольскі), лепшым абаронцам (Ян Філіповіч) і лепшым бамбардзірам турніру (Мікалай Лукашэнка) сталі прадстаўнікі “Грыфонаў”. Дарэчы, лепшы бамбардзір паказаў выдатны вынік, набраўшы па выніках матчаў 19 балаў (10 шайб і 9 галявых перадач). Увайшоў Мікалай Лукашэнка і ў сімвалічную пяцёрку турніру. Кампанію капітану “Грыфонаў” склалі Аляксандр Кавалёў, Данііл Лахноў і Ягор Іванчанка з “Сокала”, а таксама Уладзімір Крастоўскі з “Атланта”. Свае ўзнагароды лепшыя гульцы па амплуа “Залатой шайбы” атрымалі ад кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі пасля завяршэння фінальнай сустрэчы XV Каляднага міжнароднага турніру сярод аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Арганізатары “Залатой шайбы”, якімі па традыцыі выступілі Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, БРСМ, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь, дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі “Залатая шайба”, падрыхтавалі для ўдзельнікаў турніру шмат сюрпрызаў. Так, 4 і 6 студзеня юныя хакеісты наведалі “Мінск-Арэну”, дзе сталі балельшчыкамі матчаў КХЛ паміж “Дынама-Мінск”, СКА і ЦСКА. Запомніўся і майстар-клас ад удзельнікаў XV Каляднага турніру. Арганізатары “Залатой шайбы” ўручылі юным хакеістам і “баявыя” ўзнагароды падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пасля фінальнага матча. Так, міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка ўзнагародзіў гульцоў “Атланта” (3-е месца), міністр спорту і турызму Сяргей Міхайлавіч Кавальчук — прадстаўнікоў “Сокала” (2-е месца), а старшыня цэнтральнага савета Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Дзмітрый Аляксандравіч Лукашэнка ўручыў галоўны трафей турніру камандзе “Грыфоны”.

Нагадаем, у дывізіёне “А” “Залатой шайбы” ўдзельнічаюць каманды з гарадоў, дзе ёсць крытыя лядовыя арэны, а ў дывізіёне “Б” за прызавыя месцы змагаюцца каманды з населеных пунктаў, дзе крытых арэн няма. Такое дзяленне, якое вядзецца з 2015 года, робіць саперніцтва больш напружаным і справядлівым, дазваляе змагацца за прызы “Залатой шайбы” нават дружынам з невялікіх гарадоў і вёсак, папулярызуе хакей з шайбай. Сёлета ў папярэдніх адборачных турнірах дывізіёна “А” старшай узроставай групы ўдзельнічалі 186 каманд і 2947 хакеістаў. Своеасаблівым рэкардсменам стала Брэсцкая вобласць. У гэтым рэгіёне заяўкі падалі 53 каманды і больш за 1000 гульцоў.

Фінальныя спаборніцтвы “Залатой шайбы” ў малодшай узроставай групе дывізіёна “А”, а таксама ў дывізіёне “Б” пройдуць у сакавіку, як плануецца, у Оршы, Жлобіне і Маладзечне.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота БелТА.