Шакаладнае пісьмо

Каманда Віцебшчыны прымала ўдзел на рэспубліканскай пляцоўцы па 30 кампетэнцыях. За перамогу ў спаборніцтве змагаліся 48 прадстаўнікоў паўночнага рэгіёна. Навучэнка Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя Настасся Кавалёва выступала ў кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”.

Будучую спецыяльнасць наша гераіня выбрала задоўга да паступлення ў ліцэй. Смачна гатаваць віцяблянка любіла з маленства. У сярэдніх класах Мазалаўскай сярэдняй школы яна ўжо не сумнявалася, што абавязкова стане кандытарам. Родныя рашэнне падтрымалі, хаця і не без пэўнай засцярогі: прафесійных кухараў або кулінараў у сям’і не было.

— Важна знайсці такую спецыяльнасць, каб ты шчыраваў і душа спявала. Работа павінна дарыць радасць, станоўчыя эмоцыі. Толькі тады плён тваёй працы будзе радаваць людзей і прыносіць найбольшую карысць, — упэўнена Насця. — Мне пашчасціла двойчы. Найперш у тым, каб наблізіцца да здзяйснення сваёй дзіцячай мары, хаця цяпер для мяне яна хутчэй жыццёвы арыенцір. І пашанцавала паступіць у выдатную ўстанову прафесійнай адукацыі. У нас цудоўныя педагогі і майстры вытворчага навучання. Штодня ў ліцэі я адкрываю для сябе штосьці новае. Калі ты працуеш і адчуваеш, наколькі табе ўсё падабаецца, цікава, гэта акрыляе. Прыходзіць разуменне: любая прафесійная вышыня пры належным старанні з недасягальнай паступова ператворыцца ў цалкам рэальную мэту. Твой узровень расце, і хочацца даведацца яшчэ больш, навучыцца рабіць яшчэ лепш.

У свеце захапленняў для дзяўчыны безумоўны прыярытэт — любімыя спецтэхналогіі. Пра іх яна можа расказваць бясконца. Апошнім часам бліжэй пазнаёмілася з труфелямі, корпуснымі цукеркамі і мусавымі тартамі, прычым вельмі спадабалася рабіць труфелі. Хаця прафесійнай сферай інтарэсы далёка не абмяжоўваюцца. Нават у напружаным вучэбным графіку знаходзіцца час, каб сустрэцца з сябрамі, пачытаць, паглядзець новы фільм. Вельмі падабаюцца руская мова і літаратура, маляванне. Але варта заўважыць, што гэтыя заняткі ў нечым набываюць прыкметную прафесійную скіраванасць. Так, маляванне, па прызнанні Настассі, — адпачынак для душы. Разам з тым кандытару ён добра спрыяе ў працы. Арыгінальна ўпрыгожыць выраб, вылепіць тую ж фігуру для торта — як тут абысціся без адпаведных навыкаў, мастацкага бачання? Тое ж і з філалогіяй.

— Кандытару пастаянна даводзіцца ўвасабляць у цесце ці ў шакаладзе штосьці слоўна-літаратурнае, — усміхаецца мая суразмоўніца. — Майстру трэба быць падрыхтаваным да любой рабочай сітуацыі, быць дасведчаным ва ўсім, у тым ліку не лішнім будзе ведаць гісторыю, айчынную і замежную культуру, класічныя і папулярныя сучасныя літаратурныя сюжэты, уяўляць знешні выгляд герояў. Самае простае — надпіс на торце — не зробіш без ведання правапісу і стылістыкі. Нават прыгожы почырк для кандытара — прафесійная неабходнасць.

Свой прафесійны почырк у маладога майстра толькі выпрацоўваецца. Тым не менш колькасць у гэтым плане яўна пачынае пераходзіць у якас ць. Як тлумачыць фіналіст-ка WorldSkills Belarus — 2018, “спачатку атрымліваеш веды, назапашваеш — і цягне на эксперыменты”. Ёй заўсёды цікава было ў нечым адысці ад канонаў, дадаць у выраб сваю іскрынку, што на пэўным этапе падрыхтоўкі таксама становіцца прафесійнай неабходнасцю. Разам з тым галоўныя, на думку Настассі, якасці для сапраўднага кандытара — стараннасць і працавітаць. Трэба мець цярпенне многа разоў паўтараць адно і тое ж. Гэтая работа неспецыялісту можа здавацца і руціннай, і манатоннай, але інакш не дасягнуць ідэальнага смаку.

Эксклюзіўныя шакаладныя кампазіцыі, арыгінальныя цукеркі, шыкоўныя мнагаярусныя тарты, вытанчаныя кветкі з цукру — усё ўдаецца нашай гераіні. Першыя памочнікі і дарадцы ў любімай справе — канечне ж, майстры вытворчага навучання. Да конкурсу віцяблянка рыхтавалася пад кіраўніцтвам вопытных прафесіяналаў. Кацярына Аляксееўна Ашчыннікава і Наталля Сяргееўна Шамборкіна неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі многіх прэстыжных прафесійных спаборніцтваў, у тым ліку Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага мастацтва ў рамках харчовай выставы-кірмашу “ПРАДЭКСПА”. І ўсё, што ведаюць і ўмеюць майстры, ведае і ўмее іх вучаніца. Велізарны плюс у падрыхтоўцы — матэрыяльная база ўстановы адукацыі.

— У кандытарскую тэму мы прыйшлі, менавіта ўдзельнічаючы ў руху WorldSkills, — адзначае намеснік дырэктара Віцебскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя па вучэбна-вытворчай рабоце Марына Уладзіміраўна Уласевіч. — Настолькі захапіліся, што зараз нашы навучэнцы і майстры вытворчага навучання пастаянна і вынікова ўдзельнічаюць як у WorldSkills Belarus, так і ў чэмпіянатах, конкурсах прафесійнага майстэрства рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўню. Стараемся ведаць усе тэндэнцыі, быць у курсе інавацыйных напрамкаў кандытарскай вытворчасці. Напрыклад, некаторы час назад на Сусветнай кулінарнай алімпіядзе ў Эрфурце мы бліжэй пазнаёміліся з узорамі сучаснага абсталявання. Дзякуючы падтрымцы ўпраўлення адукацыі некалькі адзінак тэхнікі набылі і выкарыстоўваем у вучэбна-вытворчай дзейнасці. На базе нашага ліцэя працуе рэсурсны цэнтр, дзе мы рыхтуем навучэнцаў не толькі сваёй, але і іншых профільных устаноў адукацыі. І радуем віцяблян, гасцей горада ўласнай прадукцыяй, яна карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Калі адзіныя мэты і інтарэсы аб’ядноўваюць калектыў, ёсць падставы чакаць высокіх вынікаў. Прыклад майстроў натхняе моладзь. Красамоўны факт: Настасся Кавалёва ў будучыні бачыць сябе выключна майстрам вытворчага навучання.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.