Шануйце працу на зямлі

- 15:43Адукацыйная прастора

“Набыццё рабочай прафесіі — правільны першы крок у працоўную будучыню, абгрунтаванасць якога пацвярджае жыццё”, — такое меркаванне выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў падчас урачыстага ўручэння дыпломаў выпускнікам Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя.

Ганаровымі гасцямі свята сталі таксама начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі і старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, генеральны дырэктар Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната Валерый Лапо, старшыня Глыбоцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Наталля Зяновіч, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, педагогі, бацькі. У ходзе ўрачыстай цырымоніі ў раённым Доме культуры дыпломы аб прафесійнай адукацыі атрымалі маладыя прафесіяналы ў сферах вытворчасці прадукцыі раслінаводства, грамадскага харчавання, тэхнічнага забеспячэння сельскагаспадарчых, дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ, эксплуатацыі і рамонту аўтамабіляў. Усе 70 выпускнікоў маюць грунтоўную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, у кожнага ёсць магчымасць працаўладкавацца па спецыяльнасці на прадпрыемствах і ў сельгасарганізацыях.

— Сёння вы ўступаеце ў самастойнае працоўнае жыццё, — звярнуўся да герояў урачыстасці Мікалай Шарснёў. — Гэта першая прыступка, далей вы будзеце крок за крокам развіваць сябе, атрымліваючы новыя веды, кампетэнцыі, магчымасці. Маё цвёрдае перакананне: калі маладыя лю­дзі выбіраюць рабочыя прафесіі — гэта абсалютна правільна. Некаторыя з вас паступяць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, набудуць новыя прафесіі, пасады, але ў кожнага з вас застанецца галоўнае: веданне асноў вытворчасці. Таму вы будзеце здольны прымаць кіраўніцкія рашэнні больш дасведчана і прафесійна, сістэмна і аб’ектыўна ацэньваючы сітуацыю. Навыкі, якія вы атрымалі тут, практыка, якую вы прайшлі ў арганізацыях, — з часам вы спаўна ацэніце, наколькі гэта каштоўна і як спатрэбіцца вам па жыцці.

Кіраўнік вобласці падкрэсліў значнасць першага працоўнага вопыту і асобную ўвагу засяродзіў на развіцці аграрнага сектара, дзяржаўнай падтрымцы маладых спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны, гарантыях па забеспячэнні іх жыллём і дастойнымі ўмовамі працы, перавагах, якія прадастаўляюць мэтавыя дагаворы аб прафесійнай падрыхтоўцы. У прыватнасці, на ўзроўні рэгіёна для выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі па шэрагу профільных спецыяльнасцей да зарплаты прадугледжаны дадатковыя выплаты з абласнога бюджэту ў памеры 1000 руб­лёў. Ёсць прыклады, калі маладыя спецыялісты стварылі сям’ю, паспяхова працуюць і зарабляюць з улікам дадатковых выплат каля 5000 рублёў штомесяц.

— Цяперашнія выпускнікі ўстаноў прафадукацыі стаяць ля вытокаў сучаснай сельскай гаспадаркі, — адзначыў Мікалай Шарснёў. — Ужо сёння можна заўважыць яе праявы. Заўтра гэта будзе зусім іншая вёска: перспектыўная, экалагічная, з развітой інфраструктурай і камфортнымі ўмовамі працы. Калі я заканчваў сельскагаспадарчую ВНУ, мы нават не маглі ўявіць, што праз параўнальна невялікі час пачнецца маштабная рабатызацыя сельскай гаспадаркі, што механізатары будуць працаваць, арыентуючыся на даныя спадарожнікавай навігацыі. Прыклады, калі ­адзін вадзіцель на магутным сучасным трактары за час веснавой пасяўной кампаніі апрацоўвае па 3 тысячы гектараў глебы — фактычна тэрыторыю пяці-шасці сярэдніх гаспадарак, — ужо не фантастыка, а рэальнасць. Галоўнае, каб вы любілі зямлю і працавалі на ёй з душой. Шануйце працу на зямлі. Толькі тады з вас атрымаюцца моцныя прафесіяналы: рабочыя, спецыялісты, кіраўнікі.

Падзякамі старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта былі ўзнагароджаны майстар вытворчага навучання Юрый Клімантовіч і лепшыя выпускнікі, якія прадэманстравалі высокія вынікі падчас праходжання вытворчай практыкі: Данііл Бельскі, Дзмітрый Юковіч, Даніла Шпакоўскі. Мікалай Шарснёў уручыў дыпломы выпускнікам і серты­фікат на набыццё трох мультыбордаў — у падарунак ліцэю.

— Некалі я заканчваў СПТВ-27 па спецыяльнасцях “Трактарыст-машыніст шырокага профілю”, “Слесар катэгорыі С”, — віншуючы выпускнікоў са знамянальнай па­дзеяй, правёў паралель Аляксандр Шубскі. — Тое, што было і што мы зараз маем на вытворчасці і ў прафесійнай адукацыі, адрозніваецца карэнным чынам. Мы пра падобнае нават не марылі: падзеяй было сесці ў кабіну трактара МТЗ-80 “Беларус”, а калі ў кабіну МТЗ-82 ці зернеўборачнага камбайна СК-5 “Ніва”, лічылі гэта вялікай удачай. Помню, як на цаліне, куды мы ўсёй групай паехалі, мне пашанцавала пакіраваць такой тэхнікай — гэта ўспрымалася як найвышэйшае дасягненне. Сёння ў сельскай гаспадарцы раёна шырока ўкараняюцца найноўшыя тэхналогіі, мадэрнізуюцца жывёлагадоўчыя комплексы, набываецца сучасная тэхніка. І вельмі прыемна чуць ад кіраўнікоў гаспадарак па выніках практык, што многія выпускнікі па вопыце і ведах не ўступаюць сваім працуючым калегам. Смела крочце ў самастойны шлях, бо ў вас ёсць надзейная аснова для далейшага развіцця, у тым ліку для прафесійнага росту. Няхай арыенцірам для кожнага з вас бу­дзе ўпэўненасць: калі ты сапраўдны чалавек і прафесіянал у сваёй справе, цябе заўсёды будуць цаніць і паважаць людзі. Мы чакаем вас на Глыбоцкай зямлі — а ў ліцэі разам з нашымі землякамі вучацца юнакі і дзяўчаты з суседніх раёнаў: Мядзела, Віцебска, Мінска — і будзем ствараць усе ўмовы для вашага дабрабыту і плённай працы.

Аляксандр Шубскі падзякаваў бацькам за выхаванне дзяцей і падтрымку іх у прафесійным выбары, а ліцэю — за дапамогу прадпрыемствам і арганізацыям раёна ў перыяд асноўных сельскагаспадарчых кампаній. Ён перадаў у падарунак установе адукацыі сертыфікат на тры тысячы рублёў на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўручыў падзякі старшыні Глыбоцкага райвыканкама майстру вы­творчага навучання Аляксандру Зуеву, выпускнікам Аляксандру Тоўкачу і Віталю Грэцкаму.

З віншаваннямі і найлепшымі пажаданнямі да выпускнікоў звярнуліся Наталля Зяновіч і Валерый Лапо. Самых актыўных, адказных і працавітых узнагародзілі граматамі і каштоўнымі падарункамі.

— Вы прайшлі доўгую дарогу да атрымання прафесіі, напоўненую вучобай і творчасцю, перамогамі і адкрыццямі, атрымалі цвёрдыя веды і навыкі, духоўныя арыенціры, многія ўпершыню праявілі свае таленты. Вы выраслі ў прафесіяналаў. Аднак памятайце: каб быць сапраўднымі прафесіяналамі, трэба заўсёды ўдасканальвацца, — даў наказ выпускнікам ад імя калектыву ліцэя яго кіраўнік Васіль Любоза. — Памятайце і пра тое, што вашы веды запатрабаваны на Глыбоччыне. Каб быць шчаслівым, не абавязкова кудысьці далёка з’язджаць. Трэба працаваць для сябе, сваіх блізкіх, аддаваць ім часцінку свайго таленту, а не быць звычайным спажыўцом. Мы верым, што вы зробіце наш родны край больш камфортным і прывабным. У добры шлях!

Па завяршэнні ўрачыстай часткі мерапрыемства госці бліжэй пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай ліцэя, вопытам узаемадзеяння з установамі агульнай сярэдняй адукацыі раёна, уключаючы прафарыентацыйны складнік, і работай прыёмнай камісіі. На інтэрактыўных пляцоўках адбыліся майстар-класы па прафесіях сельскагаспадарчага профілю. Творчая каманда навучэнцаў і педагогаў ліцэя правяла прэзентацыю свайго праекта, які стаў пераможцам міжнароднай гульні “Фермер-пачатковец”. Была адзначана сістэмная мэтанакіраваная работа калектыву ліцэя па прафесійным станаўленні асобы навучэнцаў, захаванні і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, правя­дзенні прафарыентацыйнай работы ў супрацоўніцтве з аддзелам па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.