Шчаслівай будучыні!

І чаму Ельск назвалі Ельскам? Елкі ў гэтым куточку Палесся сустракаюцца рэдка, наўкола — амаль адны сосны: меднастволыя, стромкія, нібыта карабельныя мачты; разгалістыя, моцныя, нібыта дубы; адметныя, непадобныя да іншых, як, напрыклад, помнік прыроды (сасна звычайная з пяццю стваламі). Значыць, тапонім утварыўся не ад елкі. Найбольш верагодна ад фіна-ўгорскага “ел”, што азначае “крыніца, рэчка”. Магчыма, ад прозвішча памешчыкаў Ельскіх, якія некалі валодалі тутэйшымі землямі. Як бы там ні было, калі чуеш мілагучнае “Ельшчына”, хочацца хутчэй пазнаёміцца з гэтым краем, разгадаць яго таямніцы.

Пакручасты лёс

Ельшчына маляўнічая, прыцягальная, вось толькі лёс у яе няпросты, пакручасты. Шмат ран нанесла гэтаму краю мінулае стагоддзе. І да сённяшняга часу баліць Чарнобыль. Хоць мінула ўжо 33 гады, а жыхары адселеных вёсак па-ранейшаму з болем у сэрцы згадваюць колішняе жыццё, у якім былі радасц­ь і гора, спадзяванні і расчараванні, у якім было ўсё, як у звычайным чалавечым жыцці, за выключэннем аднаго слова — “радыяцыя”. Не загойваюцца ў людской памяці і раны Вялікай Айчын­най вайны, хоць партызанскія акопы і зямлянкі параслі мохам, а попел спаленых акупантамі вёсак даўно развеяўся над палескім прасторам.

Раны баляць, але жыццё працягваецца. Своеасаблівым сімвалам гэтага жыцця з’яўляецца яблыневы сад каля помніка “Ахвярам ХХ стагоддзя”. Кожны год напярэдадні 26 красавіка тут, у цэнтры Ельска, з’яўляюцца бялюткія кветачкі — сімвал спадзяванняў, людской веры ў шчаслівую будучыню роднага краю. Як вядома, вера без спраў мёртвая. Ні дня без добрай справы — такім з’яўляецца свое­асаблівы дэвіз педагогаў не толькі Рамязоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы, Дабрынскай сярэдняй школы, сярэдняй школы № 1 Ельска, якія пазнаёмяць нас з адметнасцямі малой радзімы, але і ўсіх устаноў адукацыі раёна.

Ваенныя выпрабаванні

У кожнага настаўніка — свой напрамак працы на карысць роднага краю. Напрыклад, намеснік дырэктара Рамязоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Людміла Фадзееўна Трошка займаецца краязнаўствам. Сотні экспанатаў, дзясяткі даследчых работ і дыпломаў, якія захоўваюцца ў школьным музеі працоўнай і баявой славы, сведчаць пра плённую пошукавую дзейнасць Людмілы Фадзееўны, яе калег і вучняў.

Дырэктар Рамязоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы В.У.Шэцка з музейнымі прадметамі

— Музей быў заснаваны ў 1984 годзе па рашэнні ўрада БССР і першапачаткова адкрываўся як музей Ціхана Якаўлевіча Кісялёва, былога першага сакратара ЦК КПБ, які да Вялікай Айчыннай вайны працаваў у нашай школе дырэктарам, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Значная частка музейных прадметаў і цяпер прысвечана гэтаму палітычнаму і грамадскаму дзеячу. З цягам часу пачалі з’яўляцца новыя прадметы. Унікальнымі з’яўляюцца карціны з выявамі вёскі і партрэтамі яе жыхароў. Адносяцца карціны да перыяду 70—80-х гадоў. На жаль, у часе згубілася імя мастака. Фонды папаўняліся, таму ў музеі з’явіліся раздзелы, прысвечаныя этнаграфіі, гісторыі школы, ветэранам вайны і працаўнікам сельскай гаспадаркі, мемарыяльная дошка з імёнамі землякоў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, — паведаміла Людміла Фа­дзееўна.

Вучань сярэдняй школы № 1 Ельска Дзмітрый Халадовіч — актыўны ўдзельнік абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў.

Найбольшая колькасць экспанатаў адносіцца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Па словах юных экскурсаводаў (навучэнцаў 8—11 класаў), Ельшчына, як і ўсё Беларускае Палессе, у перыяд акупацыі стала цэнт­рам канцэнтрацыі вялікіх партызанскіх сіл. Яшчэ да прыходу немцаў былі пакінуты людзі для арганізацыі партызанскага руху. Сярод іх — Васіль Мінавіч Цык, які быў прызначаны камісарам Скараднянскага атрада пад камандаваннем Пятра Мікалаевіча Рагозенкі. У 1943 годзе па рашэнні абкама партыі В.М.Цык быў перакінуты ў Жыткавіцкі раён для арганізацыі партызанскага руху і кіраўніцтва атрадам.

Л.Ф.Трошка разам з юнымі экскурсаводамі.

Гераічнай старонкай партызанскай барацьбы з’яўляецца бой у 1942 годзе партызан пад камандаваннем сакратара Ельскага падпольнага райкама партыі Івана Архіпавіча Козінцава з нямецкім гарнізонам у Рамязах. Уначы партызаны ўшчыльную падышлі да месца размяшчэння немцаў. У першыя гадзіны бою вораг быў выбіты з некаторых пунктаў, але асноўная частка засела ў будынку школы. Вось тут і разгарэўся жорсткі бой. Уся складанасць была ў тым, што партызаны знаходзіліся на адкрытай мясцовасці, неслі страты. Да кулямётнага гнязда падпоўз Георгій Рашэтнікаў, удалы кідок гранаты — і кулямёт замоўк. Партызан быў смяротна паранены. Удалося авалодаць будынкам школы, гарнізон быў разгромлены, захоплена вялікая колькасць зброі. У далейшым немцы не адважваліся адкрываць тут жандарскі ўчастак. У тым баі загінуў І.А.Козінцаў. Яго прах перанесены ў Ельск, у гонар героя названа вуліца, а на будынку рамязоўскай школы ўстаноўлена памятная дошка.

У вольны ад вучобы час.

На партызанскую актыўнасць немцы адказвалі карнымі аперацыямі. У 1942 годзе карнікі знішчылі вёску Скароднае, а ў 1943 годзе — іншыя вёскі Ельскага раёна. У чэрвені 1943 года за актыўную дапамогу і сувязь з партызанамі немцы спалілі жыхароў Рамязоў. Згарэлі ўсе дамы. За часы акупацыі ахвярамі тэрору сталі 84 мірныя жыхары, у тым ліку 24 дзіцяці. Тыя, што засталіся жывымі, сышлі ў лясы і пасяліліся ў зямлянках. Асабліва цяжкай выдалася зіма 1943—1944 гг. Былі вялікія маразы, глыбокія снягі, не хапала прадуктаў харчавання, а­дзення, абутку. Шмат нягод давялося перажыць вяскоўцам у гэтыя суровыя гады вайны.

Баявое братэрства

Адной з яскравых старонак Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Ельшчыны з’яўляецца баявое беларуска-славацкае братэрства. Восенню 1942 года ў Ельскі раён для нясення гарнізоннай службы пачалі прыбываць “ненадзейныя”, на думку немцаў, славацкія часці, у прыватнасці 101-ы славацкі полк, у якім служылі капітан Ян Налепка і яго сябар паручнік Міхаіл Петра. Яшчэ ў Петрыкаўскім і былым Капаткевіцкім раёнах славакі ўсталявалі сувязь з мясцовым насельніцтвам і партызанамі. Такая ж сувязь была наладжана і з ельскімі партызанамі. Пераходзілі да партызан не толькі радавыя славакі, але і афіцэры. Ян Налепка шукаў партызанскі атрад, які змог бы прыняць увесь 101-ы полк. Такая магчымасць з’явілася, калі з бранскіх лясоў на тэрыторыю Беларусі перайшло партызанскае злучэнне Аляксандра Мікалаевіча Сабурава. Ян Налепка рэгулярна інфармаваў партызан пра планы немцаў і дапамагаў своечасова прымаць меры абароны. Цікавы факт: у маі 1943 года танкіст Марцін Корбель, ведаючы, дзе прыблізна знахо­дзяцца партызаны, накіраваўся на сваёй баявой машыне ў бок Рамязоў. У наваколлі вёскі танк трапіў у дрыгву, тады славак вывеў машыну з ладу, а сам пайшоў пешшу. У вёсцы яго сустрэлі сувязныя і дапамаглі дабрацца да партызанскага атрада. Пасля вайны Марцін Корбель, генерал чэхаславацкай арміі, падтрымліваў сувязь з піянерскай дружынай рамязоўскай школы.

Работы настаўніцы нямецкай мовы рамязоўскай школы Т.А.Цімошчанка, прысвечаныя малой радзіме.

Памяць пра Яна Налепку і яго землякоў захоўваюць не толькі ў Рамязах, але і ў сярэдняй школе № 1 Ельска. Піянерская дружына гэтай установы носіць імя славацкага героя, а на тэрыторыі школы расце дрэва, пасаджанае паслом Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ёзефам Мігашам. У самім жа райцэнтры ў пачатку вуліцы імя Героя Савецкага Саюза Яна Налепкі ўстаноўлены памятны валун.

Чарнобыльская рана

Помнік “Ахвярам ХХ стагоддзя”, які знаходзіцца ў цэнтры Ельска, унікальны. Каля скульптуры смуткуючай жанчыны-маці знаходзяцца гранітныя пліты з памятнымі шыльдамі. З правага боку — шыльда з назвамі трох вёсак, якія былі спалены ў гады Вялікай Айчыннай вайны разам з жыхарамі і не адноўлены (Круглае, Копанка, Забалацце), а таксама шыльда з інфармацыяй пра колькасць жыхароў Ельшчыны, якія загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах (4509 воінаў-сялян, 136 партызан і падпольшчыкаў), колькасць мірных жыхароў, забітых акупантамі (2797 ча­лавек). З правага боку — пліта, шыльды на якой сведчаць, што ў выніку аварыі на ЧАЭС 5600 жыхароў Ельскага раёна былі вымушаны пакінуць родныя мясціны і перасяліцца ў чыстую зону, а восем вёсак (Кузьмічы, Шышкі, Патапы, Пагарэлае, Глазкі, Везцы, Шыя, Асавы) былі пахаваны.

Ельская Свята-Троіцкая царква, помнік архітэктуры XVIII ст.

Пад кіраўніцтвам Людмілы Фа­дзееўны рамязоўскія навучэнцы, удзельнікі гуртка “Краязнаўцы”, напісалі грунтоўную даследчую работу, прысвечаную гісторыі Ельскага раёна пасля аварыі на ЧАЭС. Была вывучана літаратура па праблеме чарнобыльскай аварыі, прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі Ельскага райвыканкама, былым галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна, былым дырэктарам КСУП “Ельск”, жыхарамі выселеных вёсак, ліквідатарамі аварыі, запісаны ўспаміны жыхароў-перасяленцаў.

Час лечыць, аднак чарнобыльская рана загоіцца яшчэ няхутка. Сваім чорным крылом Чарнобыль закрануў лёс многіх жыхароў Ельшчыны, у тым ліку настаўніцы хіміі і біялогіі Ельскай раённай гімназіі Галіны Іванаўны Гайдук. Нягле­дзячы на тое, што пасля высялення і пахавання ў 1993 годзе вёскі Асавы прайшло амаль тры дзесяцігоддзі, настаўніца часта ўзгадвае малую радзіму. І хоць слёзы ўжо рэдка з’яўляюцца падчас гэтых успамінаў (з гадамі боль сцішыўся), аднак вобразы роднай вёскі, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва, па-ранейшаму хвалююць душу. “Тут мы з сябрамі бавілі вольны час. За гэтымі дамамі на лузе гулялі ў футбол, а зімой на сажалках у хакей. Тут, на лаўцы, па вечарах любілі збірацца жанчыны. Вось як выглядала наша вёска, якая прыгожая, якія дагледжаныя сядзібы”. Сёння ўся гэтая прыгажосць засталася толькі ў памяці. Няма таго лугу, дзе бавіліся дзеці, няма і прыгожых, дагледжаных сядзіб. На месцы вёскі — памятны валун, а дзе-ні­дзе сустракаюцца старыя яблыні, кустоўе, асфальтаваныя сцежкі, па якіх асаўчане пазнаюць месцы сваіх сядзіб.

Г.І.Гайдук.

— Пасля высялення многія пераехалі ў Ельск, не сталі пакі­даць раён. Што цікава: жыхароў вёскі Кузьмічы пасялілі ў адным шматпавярховіку, дык яны цэлай вёскай у гэты дом і пераехалі, а нас, жыхароў Асавоў, сялілі там, дзе былі вольныя кватэры. Аднак кожны год мы па традыцыі збіраемся разам на Тройцу, а на Радаўніцу абавязкова ездзім на старыя асаўскія могілкі. Жанчыны, калі збіраюцца разам, часта ўзгадваюць былое вясковае жыццё, сваю маладосць. Нягледзячы на тое, што ўжо 26 гадоў мы жывём у Ельску, па-ранейшаму лічым сябе асаўцоўскімі, — паведаміла Галіна Іванаўна.

“А мы жывём!”

Вёсцы Дабрынь (сёння гэта аграгарадок) пашчасціла значна больш. Пасля аварыі на ЧАЭС яна не была выселена, хаця і мела статус з правам адсялення. Аднак толькі адзінкі дабрынцаў пакінулі родныя мясціны. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Святланы Валянцінаўны Касуха, гадоў 10 назад тэрыторыя школы была забруджана, а на школьнай бярозе вісела нават шыльда з папярэджаннем, што забараняецца знаходзіцца на тэрыторыі школы, не пакрытай асфальтам. Цяпер гэтай шыльды няма, паколькі верхні слой глебы на тэрыторыі школы быў зняты, завезены чысты пясок, дзеці ўжо маглі гуляць, дзе заўгодна.

Дырэктар Дабрынскай сярэдняй школы А.А.Пазняк каля прадметаў этнаграфічнай экспазіцыі.

— Калі адбылася аварыя, нам сказалі апранаць хусцінкі і менш хадзіць на вуліцу. Памятаю, як мама пастаянна намагалася недзе купіць ёд. Потым нас пачалі вывозіць на некалькі месяцаў у санаторыі, лагеры, і мы вельмі сумавалі па доме. Чамусьці запомнілася, што калі мы прыязджалі ў чыстую зону, то нас цэлымі атрадамі вялі ў лазню, вымяралі наш радыяцыйны фон. Жыццё ёсць жыццё, і для сённяшніх дзяцей, калі мы расказваем такія рэчы, усё здаецца дзіўным, нерэальным. Людзі заняты побытавымі клопатамі, і многае забываецца. Але ўсё роўна чарнобыльская рана не загойваецца ў сэрцы. І ўсё ж, ня­гледзячы на гэта, мы працягваем працаваць, будаваць шчаслівую будучыню нашай малой радзімы, — сказала Святлана Валянцінаўна.

У дабрынцаў нават ёсць свое­асаблівы дэвіз “А мы жывём!”. Узнік ён гадоў 30 назад, пасля прыезду ў школу дэлегацыі з Японіі. Дабрынцы пацікавіліся ў гасцей, як жывуц­ь ураджэнцы Хірасімы, Нагасакі. Японцы адказалі: “Яны не жывуць”. Гэта настолькі засела ў памяці палешукоў, што яны прыдумалі свой дэвіз у адказ: “А мы жывём!” Жыццё ў Дабрыні працягваецца. І як сімвал гэтага жыцця — буслянкі, якія ў Дабрыні сустракаюцца ледзь не на кожным слупе.

С.В.Касуха.

Жыццё ў Дабрыні не проста працягваецца, яно літаральна струменіць, асабліва школьнае жыццё, у пазаўрочны час, у шосты школьны дзень. Паколькі Дабрынь знаходзіцца каля дзяржаўнай граніцы, цеснае супрацоўніцтва наладжана з пагранічнікамі, праводзяцца сумесныя квесты. Ваеннаслужачыя ўдзельнічаюць і ў школьнай “Зарніцы”, якая набыла міжрэгіянальны і нават міжнародны характар, паколькі ў добравядомай кожнаму беларускаму школьніку гульні з захапленнем удзель­нічалі навучэнцы і педагогі з Нідэрландаў. Яшчэ адзін з напрамкаў — гэта пошукавая краязнаўчая работа, папаўненне фондаў школьнай этнаграфічнай экспазіцыі.

Увага працавітасці

На працягу апош­ніх 5 гадоў на раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгулярным прызёрам становіцца адна з найстарэйшых устаноў Гомельскай вобласці — сярэдняя школа № 1 Ельска. У мінулым годзе яна святкавала 155-годдзе. Па словах дырэктара школы Зоі Уладзіміраўны Дражынай, ва ўстанове паспяхова арганізавана дзейнасць 10 аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці. Вельмі любяць дзеці займацца ў аб’яднанні “Юны аматар палявання і рыбалоўства”, работа якога праводзіцца сумесна з Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. Тут дзеці вучацца не толькі сакрэтам рыбалоўства, але і ўдзельнічаюць у акцыях “Чыстае возера”, “Чысты лес”. Чацвёрты год працуе школьная бізнес-кампанія “Майстар-вумен” пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Алены Мікалаеўны Лізун.

Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета М.Л.Жыльская каля ўнікальнай сасны.

— Асноўнай мэтай бізнес-кампаніі з’яўляецца набыццё прадпрымальніцкіх навыкаў. У нашай кампаніі робім вырабы, карысныя ў побыце, сувеніры. Сваю прадукцыю рэалізуем на кірмашах, агульнашкольных бацькоўскіх сходах і з нагоды свят. Наша бізнес-кампанія яшчэ вельмі маладая, але ўжо ёсць вынік. На заробленыя сродкі была набыта мэбля для майстэрань. Самае галоўнае, што праз дзелавую гульню мы вучым дзяцей эстэтыцы, вядзенню бізнесу, уменню лічыць грошы, прадбачыць вынік. Для навучэнцаў і педагогаў дзейнасць бізнес-кампаніі — гэта вельмі цікавая, захапляльная справа. А яшчэ нашы навучэнцы набываюць бясцэнны працоўны вопыт, — адзначыла Зоя Уладзіміраўна.

Сапраўды, пры выхаванні грамадзяніна працавітасці важна ўдзя­ляць вялікую ўвагу. У гэтым перакананы і настаўнік працоўнага навучання настаўнік-метадыст Яўген Мікалаевіч Козел. Яго выхаванцы з’яўляюцца рэгулярнымі ўдзель­нікамі і прызёрамі рэспубліканскіх выстаў, а таксама алімпіяд па працоўным навучанні. Адна з цэнтральных тэм выхаваўчай работы школы — 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як ужо адзначалася, піянерская дружына сярэдняй школы № 1 Ельска носіць імя Яна Налепкі, наладжаны сяброўскія адносіны са славацкімі педагогамі і навучэнцамі. Пра гэта сведчыц­ь, напрыклад, выстава дзіцячых малюнкаў, прысвечаных Славакіі, дзе ельскія школьнікі правялі частку мінулагодніх летніх канікул. Наогул, калідоры школы — гэта своеасаблівая выставачная пляцоўка. Тут і работы па тэме Вялікай Айчыннай вайны, і вырабы ўдзельніц бізнес-кампаніі “Майстар-вумен”, і сапраўдныя шэдэўры, створаныя ўдзельнікамі творчай майстэрні “Умелец”, якой кіруе Яўген Мікалаевіч.

З.У.Дражына знаёміць са школьнай выставай, прысвечанай Году малой радзімы.

Нягледзячы на нягоды

Шмат ран нанесла маляўнічай Ельшчыне ХХ стагоддзе, шмат гора перажылі працавітыя, шчырыя жыхары гэтага краю. Раны Вялікай Айчыннай вайны і Чарнобыля яшчэ не хутка загояцца. Нягледзячы на розныя нягоды, палешукі сумленна працуюць дзеля будучыні роднай зямлі і сваіх дзяцей. Няхай іх спа­дзяванні спраўдзяцца! Няхай жыццё будзе шчаслівым!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.