На прынцыпах педагагічнай эрганомікі

- 10:29Людзі адукацыі

У настаўніка велізарная ўлада над душой дзіцяці: ён можа дапамагчы маленькаму чалавеку стаць сапраўднай асобай або перашкодзіць яго жаданням і дасягненням. Настаўнік можа паказаць дзіцяці, чаго ён варты, якія мае таленты, падказаць, куды ісці далей па жыцці, удасканальваць усе лепшыя рысы характару.

Вучням Аксаны Паўлаўны Карпялені, якая працуе ў сярэдняй школе № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага, пашанцавала ў жыцці. Яны сустрэлі ў асобе гэтай прывабнай жанчыны настаўніка, сябра, дарадчыка. Колькі б часу ні прайшло, яны заўсёды з цеплынёй будуць успамінаць добрыя вочы Аксаны Паўлаўны, якія, здаецца, сочаць за выхаванцамі з надзеяй, што ўсё ў іх атрымаецца, што кожны зойме пачэснае месца ў жыцці. І гэта не пустыя словы.

Аксана Паўлаўна не належыць сабе. Яна шчыра любіць дзяцей, ставіцца да іх як да роўных, каб дзеці верылі ёй, дзяліліся сваімі поспехамі, праблемамі, радасцю, бо ў кожнага вучня свая біяграфія, свой лёс і кожны з іх хоча, каб любімая настаўніца выслухала, паверыла.

А.П.Карпяленя скончыла тую ж школу, дзе зараз аддае цяпло душы дзецям. Залаты медаль надаваў упэўненасці, жаданне вучыцца далей было вялікім. Кім быць, доўга не думала: так сталася, што бацькі Аксаны Паўлаўны таксама былі настаўнікамі, многа зрабілі для школы, для вучняў. І школьная дынастыя атрымала працяг. Дачка пайшла па бацькоўскіх слядах, узяўшы ад старэйшага пакалення ўсё самае лепшае: розум, цярплівасць, добрасумленнасць, чуллівасць, уменне ладзіць з дзецьмі і даваць ім трывалыя веды, здзіўляць сваімі цікавымі ўрокамі.

Аксана Паўлаўна Карпяленя — настаўнік, які заўсёды ў пошуку. Яна працуе па новых методыках, смела паглыбляючыся ў іх вывучэнне. Зараз задзейнічана ў рэалізацыі інавацыйнага рэспубліканскага праекта “Укараненне мадэлі адукацыйнага працэсу на прынцыпах педагагічнай эрганомікі”. Сутнасць праекта заключаецца ў павышэнні якасці ведаў вучняў за кошт павелічэння працаздольнасці і пазбягання перагрузак. Гэта вельмі сур’ёзны праект, і менавіта Аксане Паўлаўне даверылі яго ўкараняць. Захаванне здароўя, павелічэнне рухальнай актыўнасці вучняў для іх гарманічнага развіцця — аснова гэтай інавацыі.

Для рэалізацыі праекта ў школе створаны спецыяльны кабінет. У ім устаноўлены вучнёўскія канторкі для дынамічных поз, зманціраваны трэнажор “Чатыры вуглы”, набыты масажныя дыванкі і многае іншае. Думаецца, што вучыцца ў такіх умовах проста цудоўна! Клас прыгожы, светлы, прасторны. Калі бацькоў навучэнцаў апытвалі на прадмет задаволенасці арганізацыяй навучання ў інавацыйным класе, яны на 100% адказалі станоўча.

У мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу на прынцыпах педагагічнай эрганомікі выкарыстоўваюцца здароўезберагальныя тэхналогіі, накіраваныя на прафілактыку парушэнняў зроку, сардэчна-сасудзістай, апорна-рухальнай сістэм і псіхічнага здароўя. Арганічнае спалучэнне рухальнай актыўнасці і адукацыйнага працэсу забяспечвае здаровае і гарманічнае развіццё дзяцей.

Падчас выканання практыкаванняў на мышачна-цялесную і зрокавую каардынацыю, а таксама на развіццё ўвагі і хуткасці рэакцыі выкарыстоўваюцца афтальматрэнажоры, якія ўяўляюць сабой плакаты-схемы зрокавых траекторый у максімальна магчымую велічыню, што размешчаны на сценах. Практыкаванні спалучаюць у сабе рухі вачамі, галавой і тулавам, асноўваюцца на зрокава-пошукавых стымулах, якія нясуць у сабе актывізуючы зарад для ўсяго арганізма. Вынікам такіх практыкаванняў з’яўляецца развіццё агульнай і зрокавай каардынацыі, зрокава-маторнай рэакцыі.

Вядома, патрабуецца нямала сіл і часу, каб кожнае дзіця магло адчуваць патрэбу свайго арганізма ў змене дынамічных поз. І толькі калі гэтая змена стане для іх прывычнай, яны змогуць лёгка пераключацца з адной дзейнасці на іншую. Тут на дапамогу прыходзіць надзейны сябар — настаўнік, які накіруе, падтрымае, пахваліць.

Не застаецца па-за ўвагай зацікаўленасць Аксаны Паў­лаўны інавацыямі. Яна праводзіць шматлікія майстар-класы для настаўнікаў пачатковай школы раёна, а таксама суседніх рэгіёнаў. Яе заняткі вельмі карысныя, падпарадкаваны рабоце ў рамках дзейнасці абласнога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій “Нёман”. Калегі з задавальненнем наведваюць гэтыя заняткі, яны паважаюць А.П.Карпяленю як прафесіянала і як чалавека.

 — Аксана Паўлаўна добразычлівая, уважлівая, працавітая. Яна заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. З дабрынёй і разуменнем ставіцца да сваіх калег. Гэта чалавек высокай душы, спагадлівасці, прыстойнасці і, канечне, прафесіяналізму, — расказвае пра калегу настаўніца Валянціна Ге­надзьеўна Несцерчык.

За педагагічную дзейнасць А.П.Карпялені ў яе было шэсць выпускаў, і з кожным з іх настаўніцу звязвае шчырае пачуццё ўзаемаразумення, павагі адно да аднаго, любові, удзячнасці. Зацікавіць, нават заінтрыгаваць — вось што галоўнае для педагогаў. Урок можа быць розным па змесце, але важна, каб дзецям было цікава, каб яны хацелі вучыцца. Аксана Паўлаўна не стараецца ўсё ўкласці вучням. Дзеці павінны хацець здабываць веды, верыць у свае сілы, у тое, што яны таленавітыя, што іх праца не бу­дзе дарэмнай.

Калі прафесія і прызванне супадаюць, чалавек шчаслівы сам і прыносіць шчасце іншым. І гэтая цудоўная жанчына кожны дзень робіць шчаслівымі дзяцей.

Святлана ШАКУН,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага.
Фота Таццяны КОЛАС.