Шчаслівы лёс

- 10:28Людзі адукацыі

Вядомы афарызм наконт шчаслівага чалавека, які з задавальненнем спяшаецца раніцай на любімую работу, а вечарам вяртаецца з радасцю дадому, у поўнай меры можна аднесці і да настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Віктараўны Пукач, якая пераканана ў сваім шчаслівым лёсе. І не без падстаў.

Без асаблівых ваганняў дзяўчына з далёкай Глу­шчыны вырашыла стаць настаўніцай. Сумнявалася толькі наконт прадмета. Любімымі былі мовы і матэматыка. Спрэчку “лірыкі ці фізікі” спыніла дырэктар слаўкавіцкай школы Еўдакія Паўлаўна Басякова, якая, дарэчы, і захапіла роднай мовай сваю вучаніцу, а потым параіла паступаць на філалагічны факультэт. Як адно імгненне праляцелі гады вучобы ў Магілёўскім педагагічным інстытуце.

Разлічвала вярнуцца ў родную школу, а трапіла ў суседнюю, у якой працуе ужо чвэрць стагоддзя. За гэты час ні разу Ірына Віктараўна не пашкадавала пра свой выбар. Год за годам назапашваўся вопыт, адшліфоўваўся прафесіяналізм, што прынесла заслужаны поспех і настаўніцы, і яе вучням.

Апошнія дзесяць гадоў вучні І.В.Пукач з’яўляюцца бясспрэчнымі лідарамі на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры ў Глускім раёне. Высокіх вынікаў дасягнулі яны і на абласным узроўні. Асабліва парадаваў сын Косця, які тройчы ўваходзіў у лік пераможцаў трэцяга этапу. Ад маці-настаўніцы юнак пераняў не толькі ўлюбёнасць у родную мову, але і настойлівасць, імкненне ўсё рабіць па максімуме. Таму не стала нечаканасцю вестка пра чарговае дасягненне Косці, што ён двойчы — па беларускай мове і матэматыцы — атрымаў максімальныя 100 балаў на ЦТ. 

Пасля такога поспеху можна было б і супакоіцца, але не ў характары гэтай сімпатычнай жанчыны спыняцца на дасягнутым. “Калі ты ўпэўнены, што можаш яшчэ шмат зрабіць, калі ёсць вучні, якія вераць табе, ці можна спыняцца? Не, трэба ісці далей, да новых вяршынь”, — пераканана Ірына Віктараўна. І зноў пошук эфектыўных методык, форм работы з высокаматываванымі дзецьмі, а ў выніку — чарговы поспех на раённай алімпіядзе Настассі Марус і Максіма Гаравікова.

А калі стала вядома, што Максім атрымаў права ўдзельнічаць у трэцім этапе прадметнай алімпіяды, ні настаўніца, ні вучань не разумелі, чаго больш у іх адчуваннях: радасці або адказнасці. І толькі ім вядомы кошт таго пачуцця шчасця, калі Максім знайшоў сваё імя ў спісе пераможцаў, пацвердзіўшы высокае месца ў рэйтынгу. Як сапраўдных герояў, віталі гэты дуэт не толькі ў роднай школе — шчыра радаваліся іх поспеху і калегі з суседніх устаноў адукацыі.

Трэба адзначыць, што сваім вопытам І.В.Пукач ахвотна дзеліцца з настаўнікамі раёна, якія неаднойчы прысутнічалі ў яе на занятках. Не толькі работа з адоранымі дзецьмі ўваходзіць у кола прафесійных інтарэсаў Ірыны Віктараўны. З вялікай павагай і любоўю ўспамінаюць свайго класнага кіраўніка выпускнікі. А для сённяшніх дзесяцікласнікаў іх класная — гэта настаўніца і старэйшы сябар, з якім цікава адправіцца і на пошукі былога гарадзішча, і тэатралізаваны паказ падрыхтаваць, і клумбы прыгожыя разбіць.

Шчасцем лічыць Ірына Віктараўна сустрэчу са сваім мужам, які не проста “церпіць” хранічную занятасць жонкі, але і падтрымлівае яе задумкі і захапленні. Бацькоўскі аўтарытэт Сяргея Расціслававіча аказаў вялікі ўплыў на фарміраванне ў іх дзяцей цікавасці да кніг, на развіццё самастойнасці, адказнасці. У гэтай сям’і не маюць звычкі спадзявацца толькі на шанцаванне. Працавітасць, шчырасць, добразычлівыя адносіны, павага — вось складнікі поспеху для ўсіх членаў сям’і Пукач, якія ўпэўнены, што шчаслівымі яны могуць быць толькі разам.

Надзейная падтрымка з боку сям’і дапамагае Ірыне Віктараўне выдатна спраўляцца не толькі з прафесійнымі задачамі, хатняй гаспадаркай, якая, дарэчы, немаленькая, але і для грамадскай дзейнасці знаходзіць час. Калегі цэняць у ёй менавіта шчы­расць, добразычлівасць, уменне выслухаць, таму і даверылі ўзначаліць прафсаюзную арганізацыю ўстановы адукацыі. Ад імя кіраўніцтва магу адзначыць, што з такім сацыяльным партнёрам любыя праблемы вырашальныя.

За шматгадовую добрасумленную працу па навучанні і выхаванні дзяцей, за высокі прафесіяналізм І.В.Пукач неаднаразова была ўзнагароджана граматамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі Магілёў­скага аблвыканкама, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Святлана ЛАБАДАЕВА,
дырэктар Заеліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глускага раёна Магілёўскай вобласці.