Шчаслівы выпадак стаў лёсам

За плячыма настаўніка фізікі і намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Сяргея Шыбекі звыш 20 гадоў плённай дзейнасці ў сферы адукацыі. Педагогіку Сяргей Вячаслававіч лічыць сваім жыццёвым прызваннем.

Сяргей Вячаслававіч з ліцэістамі Георгіем Шэвярда і Максімам Гарысланавым.

Між тым прафесійны выбар С.В.Шыбека калісьці зрабіў па волі выпадку. А сёння ён перакананы: той выпадак быў шчаслівым. І нао­гул Сяргей Вячаслававіч лічыць, што ў жыцці любыя выпадковасці наканаваныя лёсам.

— З дзяцінства захапляўся фізікай, тэхнічнай творчасцю. Як скончыў 9 клас, адправіўся паступаць у тагачасны радыётэхнічны тэхнікум. Інфармаванасць тады была не такой, як цяпер, i так атрымалася, што на набор абітурыентаў я не паспеў па тэрмінах. Працягнуў сярэднюю адукацыю, за добрую вучобу атрымаў атэстат з адзнакай і сярэбраны медаль. У роднай школе мне прапанавалі асвоіць прафесію настаўніка, паабяцалі мэтавае накіраванне. Такім чынам і трапіў на фізмат сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова, — расказвае С.В.Шыбека.

Атрымаўшы настаўніцкі дыплом, Сяргей Вячаслававіч вярнуўся на малую радзіму, у Асіповіцкі раён. Свой педагагічны шлях пачаў у сярэдняй школе пасёлка Ялізава.

— У гэтай навучальнай установе прайшло маё прафесійнае станаўленне. Працаваць падабалася. Напэўна, застаўся б у Ялізава і надалей, але выпадак зноў унёс карэктывы ў маё жыццё, — працягвае С.В.Шыбека.

Стварыўшы сям’ю, ён услед за жонкай, таксама педагогам, адправіўся ў Магілёў. Больш за 10 гадоў працаваў у розных школах горада, а 4 гады назад стаў часткай педагагічнага калектыву абласнога ліцэя № 3. І амаль адразу адчуў сябе тут на сваім месцы.

— Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва, педагагічнага калектыву, мне ўдалося хутка ўліцца ў работу. У ліцэй прыхо­дзяць высокаматываваныя дзеці, таму даво­дзіцца ўвесь час займацца самаразвіццём, удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, — адзначае С.В.Шыбека.

Свае ўрокі Сяргей Вячаслававіч стараецца праводзіць творча, ствараючы на іх атмасферу, якая абуджае пазнавальную актыўнасць вучняў. Вельмі важнай педагог лічыць і практыка-арыентаванасць заняткаў.

— Фізіка даволі складаная навука, таму я заўсёды імкнуся наблізіць яе да рэальнага жыцця. Тады прадмет становіцца больш простым для ўспрымання. Бо адна справа, калі паўтараеш наглядны дослед па падручніку, і зусім іншая, калі ставіш эксперыменты, звязаныя са штодзённым жыццём. Фізіка адразу пачынае іграць новымі фарбамі, а вучэбны кабінет ператвараецца ў творчую лабараторыю, — расказвае настаўнік.

Кожны свой урок Сяргей Вячаслававіч імкнецца зрабіць запамінальным. Для гэтага шырока выкарыстоўвае элементы праблемнага навучання, гульнявых адукацыйных тэхналогій. Даволі часта ўжывае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, міжпрадметныя сувязі. Усё гэта стымулюе цягу вучняў да пазнання, развівае іх кемлівасць, пашырае кругагляд.

— Гэта неардынарны, вельмі творчы педагог. Адукацыйны працэс на яго ўроках заўсёды яркі і займальны, што дазваляе дасягаць высокіх вынікаў у навучанні ліцэістаў, — так характарызуе свайго намесніка дырэктар Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 К.М.Грыгаровіч.

У Сяргея Вячаслававіча сапраўды добра атрымліваецца раскрываць здольнасці навучэнцаў. Яго выхаванцы штогод становяцца прызёрамі абласнога і заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу даследчых работ школьнікаў, рэспубліканскіх конкурсаў “Энергамарафон”, “ТэхнаЁлка”. Яны былі ў ліку пераможцаў заключных этапаў такіх прэстыжных конкурсаў, як “ТэхнаІнтэлект” і “Таленты XXІ стагоддзя”.

Асаблівых поспехаў вучні С.В.Шыбекі дасягнулі ў тэхнічнай творчасці. За 4 гады Сяргей Вячаслававіч здолеў аб’яднаць вакол сябе шмат ліцэістаў і стварыць свое­асаблівы клуб па інтарэсах.

— Нейкага тэматычнага гуртка ў нас няма. Работа праводзіцца індывідуальна, па меры жадання навучэнцаў. Кіраўніцтва ліцэя заахвочвае наш энтузіязм. Сёння мы займаемся ў спецыяльна абсталяванай для гэтых мэт майстэрні, дзе ёсць паяльная станцыя, свідравальны станок і нават 3D-прынтар. Гэта дазваляе ствараць сапраўды перспектыўныя праекты, якія не толькі перамагаюць на конкурсах, але і цалкам гатовыя да практычнай рэалізацыі. На­прыклад, праект “Дуатэрмаген” пры­свечаны тэхналогіі выпрацоўкі электра­энергіі падчас мыцця рук. Яна паспяхова апрабавана ў ліцэі. Электраэнергіі цалкам хапае для асвятлення санітарнага пакоя. Таксама мы распрацавалі прыбор, які дазваляе новым метадам вымяраць глейкасць вадкасці, што вельмі важна на любой вытворчасці, асабліва ў будаўніцтве. З гэтымі і шэрагам іншых праектаў мае адораныя вучні Раман Карабейнікаў і Ягор Хітрыкаў змаглі ста ць пераможцамі вядомых конкурсаў, — адзна­чае С.В.Шыбека.

Сяргей Вячаслававіч пастаянна ў клопатах: то рыхтуецца да ўласных ўрокаў, то вырашае арганізацыйныя пытанні адукацыйнага працэсу ўсяго ліцэя, то працуе з адоранымі навучэнцамі. Любую справу, за якую бярэцца, гэты педагог прывык выконваць якасна. Таму часу часта не хапае.
— З асабістым часам не лічуся. Часта разам з вучнямі распрацоўку чарговых праектаў мы праводзім па вечарах або ў выхадныя дні. Бывала, з’яўляліся думкі пра тое, каб паменшыць гэтую нагрузку. Але калі чарговы вучань з энтузіязмам прапануе нейкую ідэю — не магу адмовіцца. А калі з гэтай ідэяй мы пасля перамагаем на конкурсах — гэта неймаверна натхняе, матывуе на яшчэ больш плённую працу, — дзеліцца педагог.

У планах Сяргея Вячаслававіча — пачаць больш вынікова рыхтаваць вучняў да ўдзелу ў алімпіядным руху. Ён будзе працягваць і далейшае далучэнне ліцэістаў да навукова-даследчай дзейнасці, тэхнічнай творчасці, бо перакананы, што гэтыя захапленні не толькі развіваюць, але і дапамагаюць навучэнцам вызначыцца з будучай прафесіяй. Дарэчы, сярод вучняў С.В.Шыбекі мноства тых, хто выбраў фізіку за аснову сваёй прафесійнай дзейнасці. Былыя навучэнцы не забываюць свайго настаўніка. На думку Сяргея Вячаслававіча, лепшай узнагароды для педагога і быць не можа.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.