Шчаслівымі іх робіць духоўнае багацце

- 10:41Выхаванне

У жыцці кожнага чалавека сям’я займае асаблівае месца. Яна самае дарагое з усіх чалавечых адносін. Нараджаючыся, мы акунаемся ў цеплыню клапатлівых маці і бацькі, а стаўшы дарослымі, зберагаем у памяці ўспаміны пра пачатак пачаткаў — бацькоўскі дом.

У сям’і Петрушко з невялічкага райцэнтра Калінкавічы, што на Гомельшчыне, заўсёды пануе спакой і паразуменне. Тут кожны адчувае сябе шчаслівым, і ў кожнага — надзейны тыл. Пра іх кажуць, што гэта звычайная незвычайная мнагадзетная сям’я. У мінулым годзе яна атрымала тытул сям’і года, стаўшы пераможцай у аднайменным рэспубліканскім конкурсе.

Калі Аляксандр і Наталля ажаніліся, марылі пра дружную сям’ю і траіх дзетак. А сёння яны выхоўваюць двух сыноў і чатырох дачок. Старэйшая, Аляксандра, ужо студэнтка ўніверсітэта, а самай малодшай, Ганне, крыху больш за два гады. Малютку называюць шчасліўкай, жартуючы, што ў яе ажно сямёра нянек.

Сябры, знаёмыя і суседзі, абапіраючыся на сваю жыццёвую псіхалогію, кажуць, што дабрабыт Петрушко крыецца ў надзейным галаве сям’і. Аляксандр Петрушко — выдатны прыклад таго, якім павінен быць сапраўдны мужчына — добры муж і бацька. А яго моцная сям’я як пацвярджэнне таго, што даўнія традыцыі і ўстоі — гэта не перажытак мінулага, а той цвёрды падмурак, на якім будуецца простае чалавечае шчасце. Мужчына-здабытчык і апора для жонкі і дзяцей — той прынцып, якога Аляксандр Паўлавіч нязменна прытрымліваецца вось ужо два дзясяткі гадоў.

Як звычайна ў мнагадзетнай сям’і, Наталля Мікалаеўна займаецца домам і дзецьмі. Ці лёгка працаваць маці? Вядома, усяляк бывае. Але яна ведае, што за плячыма — вялікая брыгада памочнікаў. А муж не абмяжоўвае сябе толькі клопатам пра матэрыяльны дастатак. У іх доме прынята не проста ўсё рабіць разам, дапамагаць адно аднаму, а яшчэ і з карысцю праводзіць час — зразумела, усім дружным сямействам.

Аляксандр Паўлавіч працуе інструктарам-метадыстам у Калінкавіцкім фізкультурна-спартыўным клубе. І амаль усе члены сям’і займаюцца тэквандо. А бацька і старэйшы сын — уладальнікі чорных паясоў, у спісе іх дасягненняў нямала перамог на буйных спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню. З захапленнем усходнімі адзінаборствамі ў хлопцаў і дзяўчат вельмі добра ўжываецца любоў да музыкі. Старэйшая дачка ўжо выкладае па класе фартэпіяна ў музычнай школе, малодшыя асвойваюць музычныя інструменты. Ды і сам Аляксандр добра спявае і грае на гітары.

Чым больш даведваешся пра сям’ю Петрушко, тым больш здзіўляешся яе неардынарнасці і разумееш, што ў грамадстве чамусьці апошнім часам склалася няправільнае меркаванне пра вялікія сем’і. Тут няма зморанай маці, разбэшчаных дзяцей і раўнадушша да ўсяго, што адбываецца наўкол.

— Гэтая сям’я пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых магчымасцей, ведаў, падзей, ідэй, — расказвае загадчык аддзялення мясцовага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Калыбенка. — Актыўны лад жыцця — гэта іх стыхія, яны любяць падарожнічаць, выязджаць на прыроду. Без удзелу гэтай сям’і ў нас не праходзіць амаль ні адно культурна-масавае мерапрыемства.

Калі нехта думае, што мнагадзетныя бацькі заўсёды чакаюць дапамогі ад каго-небудзь, то Петрушко разбіваюць ушчэнт гэты стэрэатып. Наадварот, дабрачыннасць для гэтай сям’і — частка найважнейшых спраў. Яны даўнія сябры бальніцы сястрынскага догляду, пастаянна наведваюць падапечных, даюць дабрачынныя канцэрты, чытаюць вершы, дораць людзям хвіліны радасці.

Аляксандр Паўлавіч і Наталля Мікалаеўна лічаць, што самым вострым дэфіцытам у апошні час сталі чалавечае цяпло і клопат пра блізкага, таму ў сям’і каштоўнымі застаюцца міласэрнасць, добрасардэчнасць, спагадлівасць і спачуванне. Гэтым чалавечым якасцям бацька і маці вучаць сваіх дзяцей. Каштоўнасці сямейных асноў і традыцый трэнер Петрушко стараецца прывіваць таксама хлопчыкам і дзяўчынкам, якія прыходзяць да яго на заняткі па тэквандо. У аснове выхавання чалавека Аляксандр бачыць духоўнасць. Гэты свой бацькоўскі прынцып ён хоча перанесці на выхаванцаў і наогул на мясцовую моладзь, таму сям’я Петрушко ініцыіравала стварэнне маладзёжнага клуба фізічнай і духоўнай падрыхтоўкі ў родных Калінкавічах. Зараз яны працуюць над гэтай ідэяй разам з мясцовымі ўладамі.

“Мы з любоўю адно аднаму даруем, вучымся прымаць недахопы і дапамагаць адно аднаму, — гаворыць Аляксандр Паўлавіч. — Менавіта гэта нас згуртоўвае і гэта наша аснова”.

Наталля ЛУТЧАНКА.