Шчаслівыя разам

- 9:10Сацыяльны ракурс

Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем’яў “Шчаслівыя разам” прайшоў на Магілёўшчыне. Удзел у творчым спаборніцтве прымалі восем маладых сямейных пар з усёй Беларусі.

Удзельнікі конкурсу падчас выканання задання “Вясёлыя старты для маладых сем’яў”.

Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў разнастайныя заданні. Самых спартыўных і фізічна падрыхтаваных выявілі “Вясёлыя старты для маладых сем’яў”. Працоўныя навыкі канкурсанты дэманстравалі, выконваючы заданне “Умелыя ручкі”: ім неабходна было зрабіць ключніцу і прыгожа яе аформіць. Таксама сем’ям прапанавалі паказаць сваё ўменне планаваць сямейны бюджэт. Сямейныя пары закуплялі прадуктовы набор на пэўную суму. Наступным заданнем было гатаванне страў для святочнай вячэры. Мужу і жонцы неабходна было справіцца і са святочнай сервіроўкай стала.

Завяршальным этапам спаборніцтваў для сем’яў стала выступленне на сцэне. Канкурсанты прадстаўлялі свае візіткі “Ты памятаеш, як усё пачыналася?”, дзе арыгінальна і крэатыўна расказвалі пра гісторыю стварэння сваёй сямі, яе традыцыі і асаблівасці. Выконваючы заданне Famile-Look, удзельнікі прэзентавалі стыльны вобраз сваёй сямейнай пары. Выступаючы, таксама дэманстравалі свае творчыя таленты.

Конкурс расцягнуўся на чатыры дні. Увесь гэты час удзельнікі не толькі выконвалі разнастайныя заданні. Для іх была арганізавана шырокая культурная праграма, праходзілі кулінарныя майстар-класы.

Па выніках усіх конкурсных заданняў перамогу падзялілі сем’і Арцёма і Настассі Кавалеўскіх з Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Уладзіслава і Юліі Шкраб з Інстытута пагранічнай службы. Астатнія сем’і былі адзначаны дыпломамі прызёраў.

Конкурс “Шчаслівыя разам” праводзіцца з мэтай фарміравання ў моладзі пазітыўнага стаўлення да традыцыйных сямейных каштоўнасцей і адказнага бацькоўства, падтрымкі студэнцкіх сем’яў, прывіцця маладым людзям высокіх маральных якасцей і ўключэння іх у актыўнае сацыякультурнае жыццё. Арганізатарам спаборніцтва выступае Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання па даручэнні Міністэрства адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.