Шчаслівыя, што нарадзіліся ў Дзень Незалежнасці

У Беларусі ў Дзень Незалежнасці нарадзілася 181 дзіця, больш за ўсё малышоў з’явілася на свет у Мінскай вобласці — 35, паведаміла намеснік дырэктара па акушэрстве і гінекалогіі РНПЦ “Маці і дзіця” Святлана Нагібовіч.

Паводле яе слоў, па ўсёй краіне — ад цэнтральных раённых бальніц да галаўной установы — створаны ўмовы для спрыяльнага, бяспечнага і камфортнага мацярынства. Сярод іншых магчымасцей — партнёрскія роды, калі можа прысутнічаць муж, маці, сястра або іншы чалавек, якому жанчына давярае.

Для маці, якія нарадзілі ў Дзень Незалежнасці, 5 ліпеня рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” правяло акцыю “Белая Русь — з любоўю да дзяцей”. У кожным рэгіёне краіны члены ўрада, парламентарыі, кіраўнікі адміністрацый раёнаў, кіраўніцтва арганізацыйных структур “Белай Русі” віншавалі і ўручалі падарункі маладым маці. Наведаўшы РНПЦ “Маці і дзіця”, старшыня аб’яднання Генадзь Давыдзька адзначыў: “Нарадзіць у Дзень Незалежнасці — шчаслівае супадзенне. Гэтыя дзеці будуць адзначаць свой дзень нараджэння разам з галоўным святам краіны. Я спадзяюся, што з іх вырастуць сапраўдныя патрыёты, будучыя члены “Белай Русі”.

“Здорава, што мая Кацярына нарадзілася менавіта ў гэты дзень, таму што ён асаблівы і вельмі значны для рэспублікі, — адзначыла Вольга Шкляннік, якая ўжо другі раз стала маці. — Вельмі хочацца, каб нашы дзеці раслі такімі ж незалежнымі і шчаслівымі. Эмоцыі, якія я адчуваю, словамі вельмі складана апісаць. Гэта шчасце”. Паводле слоў жанчыны, сацыяльная накі-раванасць дзяржавы — на карысць яе жыхароў, у Беларусі ўмеюць падтрымліваць людзей не толькі пры нейкіх глабальных праблемах, але і ў маленькіх жыццёвых радасцях.

У Настассі Карзюк 3 ліпеня нарадзіўся хлопчык Міхаіл. “Я вельмі чакала малыша. За апошнія 5 гадоў у нашай сям’і з’явілася трое дзяцей, і ўсе яны былі народжаны ў гэтым цэнтры. Тут акружаюць любоўю, клопатам і дапамагаюць маленькім беларусам з’яўляцца на свет.

У цэнтры працуюць прафесіяналы. Створаны камфортныя ўмовы, каб жанчыны нараджалі, каб маці былі шчаслівыя, а дзеці здаровыя”, — сказала яна. Жанчына рада, што яе дзеці нарадзіліся ў Беларусі — краіне, у якой хочацца жыць, нараджаць і выхоўваць дзяцей.

Рэспубліканская акцыя “Белая Русь — з любоўю да дзяцей” традыцыйна праходзіць у гонар святкавання Дня Незалежнасці. У рэспубліканскім маштабе акцыя праводзіцца з 2009 года. Ужо больш за 2,7 тысячы мам па ўсёй краіне атрымалі падарункі ад грамадскага аб’яднання.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *