Шчаслівыя вочы насупраць

“Якасная адукацыя” — менавіта гэтую мэту паставіла перад сабой і перад усім Віцебскам маладзёжны пасол Мэт устойлівага развіцця Яўгенія Кулакова, студэнтка 3 курса факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Віцебска на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў яна адкрыла студыю інклюзіўнай творчасці.

Свае першыя крокі да ўстойлівага развіцця Яўгенія зрабіла яшчэ падчас вучобы ў гімназіі № 4 Віцебска. Яна была адной з самых актыўных навучэнак і таму часта ініцыіравала розныя цікавыя мерапрыемствы. У старшых класах яны часта тычыліся тэмы дасягнення Мэт устойлівага развіцця. “Я і сёння памятаю, як глабальна мы правялі Дзень міру на базе нашай гімназіі — у нас быў і факел міру, і шэсце вакол будынка ўстановы, і закладка алеі міру. Мы ўсталявалі білборд з надпісам “Дзеля міру я гатовы…” і правялі такі флэшмоб: усе адначасова стваралі жураўлікаў з паперы — сімвала міру, і на іх мы пісалі, на што іменна мы гатовы дзеля міру. Гэта было вельмі прыгожае і маштабнае мерапрыемства”, — дзеліцца Яўгенія.

Пасля паступлення ва ўніверсітэт большасць яе творчых намаганняў была скіравана ў бок адукацыі. На 2 курсе Яўгенію абралі маладзёжным паслом Мэт устойлівага развіцця, і яна пачала актыўна працаваць над дасягненнем мэты № 4 — “Якасная адукацыя”. Крыху пазней яе родны Віцебск першым у Беларусі ўвайшоў у глабальную сетку “гарадоў, якія навучаюцца”, у якой налічваецца 250 такіх гарадоў па ўсім свеце. Яўгенія ўвайшла ў каардынацыйны савет “Горада, якія навучаецца”, каб прасоўваць ідэі ўстойлівага развіцця. І цяпер, якія б прапановы ні ўносіліся, якія б мерапрыемствы ні планаваліся ў горадзе, менавіта яна стараецца максімальна далучаць да іх асаблівых людзей, прасоўвае ідэі безбар’ернага асяроддзя, папулярызуе Мэты ўстойлівага развіцця.

“Якраз папулярызацыі трэба ўдзя­ляць як мага больш увагі, — лічыць Яўгенія Кулакова. — Год назад адбыўся Першы нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці, абраны і працуюць 17 маладзёжных паслоў, лагатыпы накшталт “Ведай свае мэты” мільгаюць усюды: на білбордах, трамваях, але ўсё роўна людзі ў большасці сваёй пакуль мала што ведаюць пра гэтыя мэты. Нават дзеці. Я цяпер працую ў школе сацыяльным педагогам і ўпэўнілася ў гэтым. Дэвіз “Думай глабальна — дзейнічай лакальна” павінен успрымацца літаральна, бо, калі мы нарэшце пачнём дзейнічаць лакальна — усё атрымаецца, мы ўсяго даб’ёмся”.

Менавіта пад такім дэвізам дзяўчына адкрыла студыю інклюзіўнай творчасці. А дапамог ёй у гэтым выпадак. “Мая спецыяль­насць — “Спецыяльная педагогіка”. І неяк мы з выкладчыкам (я тады была на 2 курсе) прывялі першакурснікаў на заняткі ў тэрытарыяльны цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў, прычым тых, якія выбралі спецыяльнасць “Сацыяльная работа”, а значыць, мы прывялі студэнтаў на іх будучае працоўнае месца. Такога страху, такой непрыязнасці ў вачах я яшчэ ні ў кога ніколі не бачыла! Так, гэта 1 курс, але гэта ненармальна, што людзі-інваліды мо­гуць выклікаць такую рэакцыю. Насамрэч яны добрыя, сапраўдныя, шчырыя, але жывуць, як у маленькай каробачцы, адарваныя ад свету. Дрэннае стаўленне да іх яны вельмі востра адчуваюць. Таму ў мяне і ўзнікла ідэя з самага юнага ўзросту, яшчэ са школы, праз сумесную дзейнасць гэты бар’ер знімаць”, — расказвае Яўгенія Кулакова.

Сабраўшы каманду аднадумцаў на сваім факультэце і сярод школьнікаў горада, яна пачала праводзіць сумесныя мерапрыемствы з наведвальнікамі гэтай установы. “Кірункаў у нас шмат. Гэта і дэкаратыўна-прыкладная творчасць (тут мы робім усё — ад пашыву мяккіх цацак да сувеніраў), і тэатральная (мы ставім пакуль невялікія спектаклі, але ў будучыні, калі будзе больш вольнага часу, мы хочам паставіць вялікі мюзікл), і краязнаўча-патрыятычны кірунак (напрыклад, выходзім на экасцежку “Юр’ева горка” ці ў горад, дзе кіраўнікі гурткоў праводзяць для нашых груп цікавыя экскурсіі). Ідэі кірункаў прапаноўваюць і школьнікі, і студэнты: калі яны добра асвоілі нейкую сферу, то хочуць навучыць гэтаму і сваіх новых сяброў. Яшчэ ў нас прай­шла “Фотасушка” — студэнты і навучэнцы школ разам з маладымі людзьмі з ТЦСАН прынялі ўдзел у конкурсе “Куточкі майго Першамай­скага раёна”.

Даведацца як мага больш, навучыцца самастойна рабіць прыгожыя рэчы, паспрабаваць сябе ў ролі акцёраў — для любога чалавека гэта цікава. А для моладзі з ТЦ САН — проста падзея. Вы не ўяўляеце, наколькі рады гэтыя маладыя людзі, што да іх прыйшлі госці! Яны разумеюць, што прыйшлі менавіта да іх. Іх эмоцыі зашкальваюць. І шчасце ў іх вачах не апісаць словамі!” — гаворыць дзяўчына.

Праект Яўгеніі стаў маленькай часцінкай вялікага плана дзейнасці праграмы “Віцебск — горад, які навучаецца” ў глабальнай сетцы гарадоў ЮНЕСКА. Хоць праект пачаў працаваць не так даўно, студыя інклюзіўнай творчасці і яе ўдзельнікі атрымалі карысныя веды, уменні і навыкі ў розных сферах, але самае галоўнае — масу станоўчых эмоцый і добры настрой ад праведзенага разам часу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Яўгеніі Кулаковай.