Шчасце маці

- 10:30Навіны рэгіёнаў

У кожнага сваё шчасце. Для адных гэта матэрыяльны дастатак, для другіх — забавы, для трэціх — уражанні. А вось Рыта Уладзіміраўна Кундзікава знайшла сваё шчасце ў мацярынстве, у магчымасці ўсю сябе прысвяціць дзецям, як родным, так і прыёмным.

Менавіта ў выхаванні дзяцей Рыта Уладзіміраўна бачыла сябе, сваё прызванне, таму прафесію выбрала адпаведную, скончыла каледж і стала выхавальнікам. Працаваць вярнулася на родную Клічаўшчыну. Тут жа неўзабаве сустрэла будучага мужа, стварыла сям’ю.
У нестабільныя 90-я ў Кундзікавых падрасталі трое дзяцей. Калі людзі з цяжкасцю адважваліся і на адно дзіця, Рыта Уладзіміраўна разам з мужам Сяргеем Аляксеевічам узяла на выхаванне яшчэ і пяцярых прыёмных дзетак.— Мы з мужам заўсёды хацелі вялікую сям’ю, а ў тыя гады шмат дзяцей аказалася не патрэбнымі бацькам. Мы вырашылі хоць каму-небудзь з іх зноў падарыць сямейнае цяпло, — расказвае Рыта Уладзіміраўна.
Калі сям’я папоўнілася пяцярымі новымі членамі, у невялікай гарадской кватэры стала цесна. Сям’і было выдзелена жыллё, а таксама прысвоены новы статус — дзіцячы дом сямейнага тыпу. Падобных устаноў у вобласці тады не было. Кундзікавы сталі першымі бацькамі-выхавальнікамі на Магілёўшчыне.
Першыя часы цяжкасцей хапала. Складана было з прадуктамі, рэчамі, але тыя часы мінулі, і зараз сям’я жыве ў вялікім, светлым і ўтульным доме, у якім ніколі не змаўкае вясёлы дзіцячы смех. За 25 гадоў існавання гэты дзіцячы дом сямейнага тыпу стаў па-сапраўднаму родным для 39 дзяцей-сірот.
Лёсы выхаванцаў розныя. Ёсць дзеці, якіх забралі з раддома, ад іх адмовіліся бацькі, ёсць дзеці з дома малюткі, з інтэрнатаў, Клічаўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, круглыя і сацыяльныя сіроты. Але ўсе яны, незалежна ад узросту, статусу, знайшлі ў сям’і Кундзікавых бацькоўскае цяпло, падтрымку, разуменне, клопат і любоў. Напэўна, таму ўсе шматлікія сыны і дочкі Рыты Уладзіміраўны называюць не іначай як мама і, нават будучы дарослымі, пастаянна прыязджаюць у госці.
— Без дзіцячых галасоў нам ужо складана ўявіць свой дом. Калі я іду ў прытулак паглядзець на дзіця, я ўжо ведаю, што наша сям’я папоўніцца яшчэ адным сынам ці дачкой. Не магу пакінуць у бядзе дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, — кажа Рыта Уладзіміраўна.
Дзверы светлага дома Кундзікавых адкрыты для ўсіх дзетак. Не адмаўляюцца тут узяць дзяцей і са складанымі медыцынскімі дыягназамі.
— Кожнае дзіця знойдзе сваё месца ў жыцці, галоўнае, прымаць яго такім, якое яно ёсць, і даць яму адчуць сябе патрэбным, — лічыць Рыта Кундзікава.
Дапамагчы дзіцяці знайсці сябе, зразумець, што яно не адно, што патрэбна грамадству, даць магчымасць самасцвердзіцца і рэалізаваць свой творчы патэнцыял — вось асноўны прынцып выхавання, якім кіруецца гэтая прыёмная мама. Для сваіх выхаванцаў Рыта Уладзіміраўна стварае ўсе ўмовы для паўнавартаснага развіцця. Заўсёды стараецца яна задаволіць цікаўнасць дзяцей, пашырае іх кругагляд, выхоўвае любоў да прыроды і роднага краю. Шмат увагі таксама ўдзяляе раскрыццю творчых здольнасцей дзяцей. Яны займаюцца ў Клічаўскім цэнтры дзіцячай творчасці, раённым Доме рамёстваў. Іх творчыя работы неаднаразова выстаўляліся на раённых святах сям’і, розных выставах народнай творчасці, у раённым краязнаўчым музеі, Бабруйскім аддзяленні Беларускага дзіцячага фонду.
Кундзікавы ўсіх дзяцей лічаць роднымі, усіх аднолькава любяць і выхоўваюць у іх такія якасці, як дабрыня, спагадлівасць, працавітасць. Часам выхаванне давалася няпроста. Дзеткі, якія перажылі сямейную трагедыю, не хацелі ісці на кантакт, але прыёмная мама да ўсіх знаходзіла падыход. Паводле яе слоў, шмат у чым наладжванню адносін з прыёмнымі дзецьмі дапамагалі сямейныя традыцыі.
Іх у доме Кундзікавых склалася шмат. Кожны дзень тут нязменна пачынаецца з зарадкі. А яшчэ яны арганізоўваюць сямейныя святы, тэматычныя вечары, чаяванні з уласнаручна прыгатаванымі пірагамі. Усё гэта спрыяе хутчэйшай адаптацыі дзяцей у сям’і. Іх сэрцайкі адтайваюць і пачынаюць прыслухоўвацца да настаўленняў прыёмных бацькоў. У выніку усе дзеці Кундзікавых выраслі прыстойнымі грамадзянамі. А яшчэ яны вельмі дружныя паміж сабой.
Па словах Рыты Уладзіміраўны, за доўгія гады, прысвечаныя выхаванню дзяцей, усяго хапала: і радасцей, і цяжкасцей. Справіцца адной было б складана, але ў яе заўсёды ёсць надзейная апора. З мужам Сяргеем Аляксеевічам яны ўжо больш за 30 гадоў жывуць душа ў душу, ва ўсім падтрымліваючы адно аднаго. Іх асабісты прыклад паспрыяў таму, што ва ўсіх іх дзяцей моцныя, дружныя сем’і.
Старэйшыя прыёмныя дзеці ў сям’і Кундзікавых даўно выраслі, некаторыя самі сталі бацькамі. Яны жывуць у розных гарадах Беларусі. Атрымалі прафесіі, уладкаваліся ў жыцці. Сярод былых выхаванцаў ёсць эканамісты, педагогі, меліяратары, будаўнікі, механізатары, кухары, пекары, цырульнікі, ветэрынары.
Родныя іх дзеці таксама ўжо дарослыя. Адзін з родных сыноў Захар ажаніўся з прыёмнай дачкой Юляй. Ад сваіх бацькоў маладая сям’я пераняла жаданне дарыць цяпло і любоў абяздоленым дзецям. Зараз яны выхоўваюць чацвярых прыёмных дзяцей, у будучым годзе выхаванцаў стане больш. У Клічаве хутка адкрыецца яшчэ адзін дзіцячы дом сямейнага тыпу Кундзікавых.
Самаадданая педагагічная праца Рыты Уладзіміраўны неаднаразова атрымлівала высокую ацэнку. У 2011 годзе за дасягненні ў выхаванні дзяцей Рыта Уладзіміраўна была прызнана жанчынай года. Удастоена яна і спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года”. У скарбонцы сям’і шматлікія ганаровыя граматы, а таксама перамога ў тэлепраекце канала АНТ “Гордасць нацыі”.
…У дзіцячым доме сямейнага тыпу Кундзікавых заўсёды шматлюдна, шумна і весела. Зараз тут на выхаванні знаходзяцца 14 прыёмных дзяцей і адзін усыноўлены. У выхадныя і святочныя дні народу заўсёды прыбаўляецца. Прыязджаюць у госці сыны і дочкі, якія пасталелі. Многія ўжо не адны, а са сваімі сем’ямі. Яны спяшаюцца сюды таму, што ведаюць: тут жыве іх мама, тут ім заўсёды рады. Калі вялікая сям’я збіраецца разам, Рыта Уладзіміраўна разумее: вось яно, яе шчасце, шчасце маці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва сям’і Кундзікавых.