Шчасце нарадзіцца тут

- 11:47Навіны рэгіёнаў

“Быць дзяржынцам — гэта гонар!” — каб так лічыў кожны юны жыхар раёна, на Дзяржыншчыне рэалізоўваецца аднайменны праект. Мерапрыемствамі ахоплены дзеці рознага ўзросту, і да кожнага дзіцячага сэрца і розуму шукаюць падыход.

Раённы краязнаўчы праект “Быць дзяржынцам — гэта гонар!” распачаты 4 гады назад. І асаблівае гучанне і значнасць ён набыў у Год малой радзімы.

— Аснова праекта была закладзена экс-начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме В.І.Матусевічам. Эстафету гонару за край, у якім жывеш, павагі да яго гісторыі і традыцый прынялі і падтрымалі сённяшні кіраўнік Г.В.Гапанькова і ўсе педагогі раёна. Праект аб’ядноўвае мерапрыемствы, акцыі, конкурсы і спаборніцтвы, накіраваныя на пазнанне сваёй малой радзімы — месца, блізкага кожнаму, — расказвае загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Канстанцінаўна Чыгір. — Ад гісторыі краіны да гісторыі свайго краю, сваёй сям’і — гэта асноўная ідэя праекта. З павагі і любві да месца, дзе ты нарадзіўся, пачынаецца павага і гонар за краіну. Твая гісторыя — гэта гісторыя тваёй краіны.

У лютым у рамках праекта адбыліся дзве значныя падзеі, якія ахапілі навучэнцаў усіх узростаў. Для самых маленькіх школьнікаў стартавалі дні творчасці пачатковых класаў. А навучэнцы сярэдніх і старшых класаў сталі ўдзельнікамі раённай краязнаўчай алімпіяды.

Краязнаўчая алімпіяда прайшла восьмы раз. 115 навучэнцаў у складзе 23 каманд — прадстаўніц усіх школ і гімназій раёна сабраліся ў гімназіі Дзяржынска, каб прадэманстраваць свае веды па гісторыі і культуры рэгіёна і выказаць павагу да сваёй малой радзімы.

Алімпіяда ладзілася ў форме квеста і патрабавала сур’ёзнай падрыхтоўкі. Першая станцыя квеста мела назву “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца!”. У тэатралізаванай пастаноўцы ўдзельнікі знаёмілі гледачоў і журы з народнымі святамі, абрадамі, традыцыямі. Многім камандам удалося знайсці і паказаць традыцыі і абрады, якія ладзіліся не проста на Дзяржыншчыне, а менавіта ў іх мястэчках і вёсачках. Напрыклад, вучні Скірмантаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы паказалі абрадавую гульню “Ката пячы”, якую нашы продкі праводзілі на загавіны перад Піліпаўскім постам. У Скірмантаве яна мела свае асаблівасці. Гэтая гульня атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Акрамя хлопцаў і дзяўчат са Скірмантава, на згаданай станцыі самымі моцнымі былі каманды гімназіі Дзяржынс­ка, сярэдняй школы № 4 горада, негарэльскай сярэдняй школы № 1, Чарнікоўшчынскага дзіцячага сада — базавай школы.

На другой станцыі квеста разгортвалася спаборніцтва пад назвай “Школьны музей: новыя магчымасці”. Навучэнцы расказвалі пра новыя формы работы, якія выкарыстоўваюцца ў школьных музеях. Так, гімназія № 1 і гімназія Дзяржынска прадставілі цікавыя ідэі па выкарыстанні сайта ўстановы і віртуальнай версіі музея для правядзення экскурсій, а вучні Томкавіцкага ясляў-сада — базавай школы распрацавалі цікавыя і змястоўныя гульні для юных наведвальнікаў музея. Гэтыя гульні не толькі забаўляюць, але і дапамагаюць даведацца і запомніць інфармацыю. Лідзіравалі на згаданай станцыі навучэнцы Забалацкага дзіцячага сада — базавай школы. На трэцім этапе алімпіяды вучні прадстаўлялі буклеты школьных музеяў, прэзентавалі музей­ныя маршруты, знаёмілі з найбольш каштоўнымі экспанатамі. 

Завяршала квест станцыя “Салют, Вялікая Перамога!”, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Каб справіцца з заданнямі віктарыны, якая чакала ўдзель­нікаў на станцыі, трэба было валодаць грунтоўнымі ведамі. Найбольш ярка праявіў сябе Станіслаў Карнееў, навучэнец Бароў­скага ясляў-сада — сярэдняй школы.

Акрамя лідараў на кожнай станцыі, былі вызначаны таксама пераможцы ва ўсёй алімпіядзе. 1-е месца раздзялілі паміж сабой гімназія Дзяржынска і Петкавіцкі яслі-сад — сярэдняя школа.

Пакуль старэйшыя школьнікі спраўляліся з заданнямі алімпіяды, для маленькіх вучняў пачаліся дні творчасці пачатковых класаў — гэта 14 разнастайных мерапрыемстваў, якія дазваляюць дзецям праявіць любыя свае здольнасці і таленты. Прычым усе мерапрыемствы праводзяцца спачатку на школьным узроўні, а потым — на раённым. Такім чынам, ахопленымі творчасцю аказваюцца практычна ўсе дзеці. Напрыклад, юных мастакоў запрасілі на арт-фестываль: яны спачатку выканалі дамашняе заданне, а потым узялі ўдзел у вочным туры. Аматараў экалогіі чакаў раённы экалагічны серпанцін “Знаўцы прыроды”, дзе сваю дасведчанасць пра экалагічныя праблемы навакольнага асяроддзя дзеці дэманстравалі, рашаючы тэсты, крыжаванкі, адказваючы на пытанні і выконваючы практычныя заданні. Конкурс “Юны калекцыянер” дазволіў удзельнікам раскрыць свет сваіх захапленняў. Гледачам дэманстравалася 55 цікавых і незвычайных калекцый.

А наперадзе ў маленькіх дзяржынцаў — творчыя конкурсы “Я і мама — майстрыхі”, “Я і тата — майстры”, фестываль тэатральных калектываў, конкурсы юных пісьменнікаў і чытальнікаў, спаборніцтвы па канструяванні і іншыя цікавыя падзеі. І кожнае з гэтых мерапрыемстваў будзе прысвечана малой радзіме: дзеці будуць спасцігаць і ўслаўляць свой родны край, пераконвацца, што нарадзіцца тут — гэта шчасце. 

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама.