“Шчасце настаўніка — калі ў вучняў застаюцца самыя цудоўныя ўспаміны пра школу”

На пачатку года сталі вядомы вынікі І Міжнароднага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўніцкая анлайн-лабараторыя Рыбакоў Фонду”, у якім прынялі ўдзел каля 2,3 тысячы настаўнікаў, студэнтаў педагагічных УВА з Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана. У намінацыі “Лепшы ўрок па праграме Беларусь” перамогу атрымала настаўніца рускай мовы і літаратуры намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ленінскага ясляў-сада — сярэдняй школы Слуцкага раёна Мінскай вобласці Ірына ЯЦУК. Пра тое, што прывяло педагога да поспеху, як зрабіць урокі рускай мовы і літаратуры цікавымі і змястоўнымі, — наша гутарка з Ірынай Антонаўнай. 

— Ірына Антонаўна, раскажыце пра ваш шлях у педагагічную прафесію.

— Свой шлях у педагогіку я пачала ў 1981 годзе, калі паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мне пашанцавала: маёй настаўніцай у перыяд праходжання практыкі была Алімпіяда Раманаўна Пушкарэвіч, заслужаны настаўнік БССР, аўтар падручнікаў. Нам, студэнтам, пасля завяршэння практыкі яна падарыла кнігі “Усё пачынаецца з настаўніка” з памятнымі надпісамі. Надпіс, які быў прызначаны для мяне, стаў маім педагагічным дэвізам: “Паспрабуйце, каб у вашых вучняў засталіся самыя цудоўныя ўспаміны пра школу. У гэтым заключаецца шчасце настаўніка”.

Паступала на філалагічны факультэт БДУ я невыпадкова. Яшчэ ў школе была звязана з рэдакцыяй раённай газеты “Сельская праўда” — з’яўлялася членам літаратурнага аб’яднання. Пасля праходжання першай практыкі ў школе зразумела, што зрабіла правільны выбар. Мой педагагічны стаж ужо 34 гады.

— Сучаснае пакаленне дзяцей адрозніваецца ад пакалення, якое было ў пачатку вашай прафесійнай дзейнасці? Чым?

— Сучасныя дзеці, вядома, іншыя. Гэта дзеці новага стагоддзя. Яны выраслі на камп’ютарных гульнях, больш раскаваныя ў сваіх думках і пачуццях. Інфармацыю хутчэй успрымаюць са звыклага для іх асяроддзя — камп’ютарнага. Урок у звычайным фармаце імі часам не ўспрымаецца, а толькі даеш інтэрактыў (практыкаванне, гульнявы элемент), як яны адразу мяняюцца: праяўляецца актыўнасць нават у тых, у каго і ў гульнях з аднагодкамі яе не назіралася. Таму і настаўніку неабходна даваць урокі ў новым фармаце, зразумелым сучасным школьнікам.

— На якія педагагічныя прынцыпы вы абапіраецеся ў сваёй рабоце? Чаму асноўнаму стараецеся наву­чыць сваіх выхаванцаў?

— Стараюся навучыць жыццю. Літаратура — гэта падручнік жыцця, а не толькі крыніца ведаў пра асаблівасці развіцця літаратурнага руху ў розныя перыяды станаўлення грамад­ства. Праблемы маральныя былі, ёсць і будуць заўсёды. Зло і дабро, любоў і нянавісць, адносіны бацькоў і дзяцей… Хтосьці ў гэтым жыцці будзе Моцартам, а хтосьці — Сальеры. Калі ў маіх сілах дапамагчы вучню стаць творцам, я абавязкова яму дапамагу ў гэтым. Дзіця не заўсёды ў дарослым жыцці адрозніць ямб ад харэя, але чалавекам у грамадстве будзе заўсёды. Дык няхай з дзяцінства на літаратурным матэрыяле вучыцца быць асобай, якая не пабаіцца ўзяць на сябе адказнасць за свае словы, учынкі, якая не здрадзіць, якая акажа дапамогу таму, каму яна патрэбна, падтрымае слабага, тым самым зрабіўшы сябе мацнейшым.

— У чым залог паспяховага ўрока мовы і літаратуры? Вы маглі б сфармуляваць свае патрабаванні да такога ўрока?

— Любы ўрок — сутворчасць настаўніка і вучня. Мы не толькі вучым, але і вучымся ў сваіх вучняў. Залог паспяховага ўрока (не абавязкова мовы і літаратуры) — у яго цэласнасці, стройнасці. Ёсць пэўныя структурныя часткі, якія павінны быць, без якіх урок ператвараецца ў звычайную кансультацыю. Форма і змест павінны адпавядаць задуме настаўніка. Але заўсёды за вучнем ёсць права змяніць ход урока. І толькі ад майстэрства настаўніка залежыць, ці зможа ён сам своечасова змяніць кірунак работы, перабудаваць урок на карысць вучняў. Паспяховы ўрок — гэта ўрок-дыялог, які прадугледжвае зносіны, а не проста ўзнаўленне пэўнага аб’ёму інфармацыі. На ўроку на адно і тое ж пытанне выклікаю адказваць двух-трох вучняў. Вучу гаварыць аб адным і тым жа па-рознаму.

— Ірына Антонаўна, якія адукацыйныя тэхналогіі вы лічыце найбольш эфектыўнымі?

— На літаратуры гэта праблемнае навучанне, без яго немагчыма вучыць таму, чаму заклікана вучыць літаратура, — жыццю. І без інфармацыйных тэхналогій ужо не абысціся, таму яны ў педагагічнай практыцы займаюць усё большае месца.

Эфектыўным з’яўляецца ўключэнне школьнікаў у актыўны пошук шляхам вырашэння даследчых задач. Пры ўмелым кіраўніцтве настаўніка урок любога тыпу (урок-пошук, урок — творчая справаздача, урок-дыскусія, урок адкрытых думак і інш.) садзейнічае развіццю даследчых уменняў. Але толькі на ўроку-даследаванні вучань можа адчуць сябе сапраўдным творцам, адкрывальнікам. Менавіта даследчая дзейнасць дае вялізны адукацыйны патэнцыял, фарміруе самастой­насць у здабыванні ведаў, выхоўвае навуковы светапогляд.

— Як даўно вы прымяняеце інфармацыйныя тэхналогіі ў сваёй рабоце? Ці  карыстаюцца вучні на ўроках мабільнымі тэлефонамі і іншымі гаджэтамі?

— Як толькі з’явіўся камп’ютар і стала магчыма рабіць прэзентацыі, я пачала выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі (дарэчы, у 2018 годзе наша школа атрымала грошы ад Парка высокіх тэхналогій на набыццё камп’ютараў, удалося абнавіць камп’ютарны клас, а ў снежні 2020 года мы атрымалі мультыборд). Спачатку гэта былі прэзентацыі ў PowerPoint, потым у Prezi, цяпер у Genially, на чарзе Canva. У нашы дні гэта яшчэ і такая ўнікальная магчымасць, як выкарыстанне інтэрактыву, выкананне інтэрактыўных заданняў. Дзяцей здзіўляе, што можна “гуляць у рускую мову”, а не толькі ў звыклыя для іх камп’ютарныя гульні.

Мабільныя тэлефоны ў школе — гэта тэма для асобнай гутаркі. Яны адначасова і дапамагаюць, і перашкаджаюць. Нават урок часам пачынаю з дапамогай сканіравання
QR-кода або даю індывідуальнае інтэрактыўнае заданне вучню на мабільнай прыладзе. Але калі вучань думае не аб уроку, а аб інфармацыі, якую атрымаў ад сяброў, калі яму не церпіцца пагуляць з новай дарагой цацкай, я супраць такой формы работы.

— Якія творы ў школьнай праграме кранаюць сучаснага школьніка?

— Тыя, якія настаўніку ўдасца данесці да вучня, якія ўзнімаюць праблемы, што не маюць часавых меж. Калі на вечарах сустрэчы выпускнікі ўспамінаюць твае ўрокі, расказваюць пра тое, што запомнілася (нават праз шмат гадоў!), ловіш сябе на думцы: “А для цябе ж гэта быў звычайны працоўны ўрок, да якога ты проста добрасумленна рыхтаваўся, каб даць пэўны багаж ведаў для вучняў”. І неяк па-асабліваму пачынаеш адчуваць, наколькі ад настаўніка залежыць лёс дзіцяці, яго будучыня, яго стаўленне да жыцця, людзей, да самога сябе.

А творы сучаснага школьніка кранаюць любыя: і класіка (як гэта ні дзіўна гучыць цяпер), і праграмныя творы ХХ і ХХІ стагоддзяў. У 5 класе з асаблівым уздымам прахо­дзяць урокі па вершы М.Ю.Лермантава “Барадзіно”, таму што ў далёкім 1812 годзе менавіта каля нашага населенага пункта праходзіў значны ў стратэгічным плане бой. І дзеці заўсёды дзівяцца гэтаму факту, задаюць шмат пытанняў. Праўда, потым часта забываюць. Але верш чытаецца на ўздыме.

У 8 класе асаблівыя пачуцці выклікае вывучэнне паэмы М.А.Някрасава “Рускія жанчыны”. Самаадданасць дзекабрыстак здзіўляе, а некаторых захапляе.

І так у кожным класе можна вылучыць праграмныя творы, якія не пакінуць абыякавымі сучасных школьнікаў. Добрая літаратура — гэта пазачасавае паняцце.

— Ірына Антонаўна, ці не баліць душа ад таго, што мова становіцца прымітыўнай у сацыяльных сетках?

— Баліць. Заўсёды кідаецца ў вочы вялікая колькасць памылак — цяжка чытаць. Але ж і кава афіцыйна ўжо не толькі мужчынскага роду, а і сярэдняга. Жыццё і рэальнасць перамагаюць. Страшна падумаць, як цяперашнія сацсеткі зменяць праз пару гадоў “вялікую і магутную” рускую мову. Але гэта рэальнасць. Яе трэба разумець і прымаць. Мы не зменім свет, але свет вакол можа прымусіць нас змяніцца. Добра, каб у лепшы бок. Дарэчы, на ўроках мы і пра гэта гаворым. Мова — мабільная сістэма, яна мяняецца: нешта з’яўляецца новае, нешта сыходзіць з маўленчай практыкі. Наша задача — выхоўваць культуру зносін, у тым ліку і ў сацсетках. Усіх лінгвістамі не выхаваеш, а вось лінгвістычнае чуццё развіць можна.

— Цяпер у трэндзе блогі, пасты. А вы ў сацсетках са сваімі дзецьмі?

— Калі я была класным кіраўніком, мела зносіны ў сацсетках са сваімі дзецьмі. Часам, чаго граху таіць, выконвала наглядную функцыю. Маёй задачай было дапамагчы дзіцяці зразумець, што, нягледзячы на віртуальнасць зносін, яны могуць прынесці непрыемнасці і нават праблемы як таму, з кім маюць зносіны, так і сабе. Для мяне сацсеткі — гэта дзённік жыцця. А я не з усімі гатова дзяліцца сваім патаемным. Чытаць дзённікі іншых мне цікава, пазнавальна, але сваё жыццё рабіць здабыткам каго-небудзь я не гатова. Разам з тым у Instagram я падпісана на многіх блогераў. Мне прыносіць задавальненне прагляданне нататак пра будні настаўнікаў, завучаў, мнагадзетных мам… Шмат для сябе атрымліваеш карыснай інфармацыі, правяраеш сябе, знаёмішся з цікавымі прыёмамі, тэхнікамі і тэхналогіямі. Але мець зносіны ў фармаце сацсетак не магу. Аддаю перавагу зносінам ужывую. Мне трэба бачыць вочы чалавека, чуць інтанацыі яго голасу, разумець, дзе праўда, а дзе хлусня або выхвальства. Але ўсё яшчэ наперадзе…

— Як сучасныя дзеці пішуць сачыненні? Большасць спісваюць гатовыя варыянты з інтэрнэту? Як вы іх спрабуеце заахвоціць да ўласнай творчасці?

— З сачыненнямі вельмі цяжка. Успамінаю праграму 80-х гадоў, калі на развіццё мовы адводзілася ў сярэдніх класах столькі гадзін, колькі цяпер адведзена ў старшых на вывучэнне мовы на ўвесь навучальны год. Тады на адным уроку мы збіралі матэрыял, вучыліся яго структураваць, дзеці пісалі чарнавікі, мы іх зачытвалі, рэдагавалі. Затым яны пісалі самастойна сачыненне. Пасля маёй праверкі пачыналася абмеркаванне і выпраўленне памылак (работа над маўленчымі нормамі). І гэта ўсё рабілася ў класе на ўроку. Сачыненні былі цікавымі. Але тады і інтэрнэту не было. Даводзілася думаць самім. Змагацца са спісваннем можна толькі двума спосабамі. Першы — прапаноўваць вучням не інтэрнэтныя тэмы, а таксама тэмы, якія прымусяць думаць, выказваць свой пункт гледжання. Другі — чужую думку зрабіць сваёй. Цяпер многія бяруць з прастораў інтэрнэту інфармацыю, а вось зрабіць гэта не плагіятам атрымліваецца не ў многіх. Бессэнсоўна змагацца з тым, чаго не зменіш. Трэба паспрабаваць да гэтага прыстасавацца.

— Што даў вам удзел у Міжнародным конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўніцкая анлайн-лабараторыя Рыбакоў Фонду”, пераможцай якога вы сталі? Раскажыце больш падрабязна пра вашу распрацоўку, якую вы прадстаўлялі.

— Конкурс быў незвычайным (сапраўды конкурс педагагічнага майстэрства). Нас цэлы месяц рыхтавалі да ўдзелу ў ім. І першапачаткова мае ўрокі адхілілі, бо яны не зусім адпавядалі патрабаванням палажэння конкурсу. Канкрэтна напісалі, што неабходна дапрацаваць. Але ўсё ж такі перамозе адразу не паверыла. Гэта здавалася немагчымым, а таму яшчэ больш дзіўным.

Урок, які перамог, — мой традыцыйны ўрок, перароблены з афлайн-фармату ў анлайн. Вельмі ж добрая платформа СORE! Лёгка структуруецца, лёгка выкладаецца вучэбны матэрыял. Ёсць, вядома, свае нюансы. Але распрацоўшчыкі пастаянна нешта дадаюць, яны адкрыты для зносін. З задавальненнем вучаць усіх, хто хоча. Трэба толькі самому захацець.

На конкурс я прадстаўляла два ўрокі: урок рускай мовы ў 10 класе “Правапіс суфіксаў і канчаткаў назоўнікаў і прыметнікаў” і ўрок рускай літаратуры ў 6 класе “Моей земли пленительные краски”. Абодва ўрокі прайшлі ў фінал. Другі стаў пераможцам. Такіх урокаў за сваю педагагічную практыку ў фармаце традыцыйнага ўрока я правяла каля дваццаці. Матэрыял заўсёды адбіраецца з улікам асаблівасцей класа, ключавых момантаў, якія я для сябе вызначаю. Задума сцэнарыя нарадзілася на пачатку маёй педагагічнай кар’еры. З кожным годам ён усё больш удасканальваўся. З гэтым урокам я ў свой час удзельнічала ў раённым конкурсе “Настаўнік года” і заняла 2-е месца. Мне вельмі падабаецца спалучэнне розных відаў мастацтваў. Музыка, жывапіс, паэзія — спляценне пачуццяў. У анлайн-уроку цяжка арганізаваць такі варыянт, як абмеркаванне некалькіх музычных урыўкаў або некалькіх ілюстрацый па адной з вершаваным матэрыялам тэме. Але мне падабаецца, калі дзеці параўноўваюць і даказваюць свой пункт гледжання. А яшчэ падабаецца, калі ў дзяцей гараць вочы, калі ў іх нешта атрымліваецца. Толькі не заўсёды, на жаль, нам, настаўнікам, атрымліваецца гэтую іскрынку распаліць ці хаця б падтрымаць гэты агеньчык.

— Ірына Антонаўна, падзяліцеся, калі ласка, сваімі прафесійнымі планамі.

— Планаў сапраўды шмат! Паспець бы! А калі сур’ёзна, то падрыхтаваць і правесці майстар-класы для калег на платформе для анлайн-навучання CORE, па рабоце з канструктарамі Genially, Canva. Асвоіць новыя канструктары (Wordwall, Liveworksheets, Learnis, Mentimeter) не проста на ўзроўні знаёмства, а на ўзроўні выкарыстання ў практыцы. Рэалізаваць праект па стварэнні ЭСН па арфаграфіі ў тым фармаце, у якім я бачу трэнажор для адпрацоўкі арфаграфічных навыкаў. Адкрыць, нарэшце, доступ да свайго сайта, на якім назапашваецца матэрыял (пакуль ніяк не магу яго выбудаваць у стройную сістэму, не хапае часу). Падрыхтаваць новы ўрок або ўрокі для наступнага конкурсу.

І… пачаць узаемадзейнічаць у сацсетках.

— Вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.