Шчасце педагога

- 11:52Людзі адукацыі, Суразмоўца

Педстаж выхавальніцы старшай (лагапедычнай) групы ясляў-­сада № 6 Маларыты Галіны Васільеўны Федарук — 32 гады. У яе працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс аб прыёме на работу. 

Вучыць і пастаянна вучыцца самой — такі жыццёвы прынцып педагога, якога яна прытрымліваецца з пачатку прафесійнай дзейнасці. Г.В.Федарук вучыць выхаванцаў думаць, спасцігаць таямніцы жыцця, слухаць і чуць, глядзець і бачыць, гаварыць і выказвацца, адчуваць тых, хто побач, захапляцца навакольным светам ва ўсіх праяўленнях.  

— Толькі таго, хто ўпэўнена ідзе наперад, пера­адольваючы любыя перашкоды, жыццё не адкідвае назад, — лічыць Галіна Васільеўна. — Каб быць сучасным выхавальнікам, адчуваць пульс часу, трэба пастаянна самаўдасканальвацца, выкарыстоўваць на практыцы прагрэсіўныя педагагічныя методыкі і тэхналогіі.

Работа ў дашкольнай установе прыносіць педагогу вялікае задавальненне. Тут яна адчувае сябе шчаслівым чалавекам.

У школьныя гады будучая выхавальніца добра вучылася, актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах. Ужо тады яна вырашыла, што бу­дзе працаваць у інспекцыі па справах непаўналетніх. Таму рыхтавалася да паступлення ў Акадэмію МУС Беларусі. Але бацька, тагачасны намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў, пераконваў дачку, што служба ў міліцыі — не жаночая справа, асабліва для такой, як яна, невысокай і хударлявай. 

— “Што будзеш рабіць са злачынцамі, калі давя­дзецца сустрэцца з імі адзін на адзін?” — не раз пытаўся ў мяне тата і дадаваў: “Каб ім супрацьстаяць, неабходна найперш фізічная сіла. А ў цябе яна якая? Як у камара! Таму не спяшайся з выбарам жыццёвай дарогі”, — успамінае
Г.В.Федарук. — Гэтыя словы выклікалі ў мяне абурэнне. Я не разумела, як можна так проста адмовіцца ад сваёй мары. Але сёння згодна з бацькам і ўдзячна яму, бо ён зыходзіў з уласнага вопыту, нялёгкай службы ў органах унутраных спраў, клапаціўся пра мяне… 

Да татавага меркавання Галіна Васільеўна прыслухалася: пасля школы паступіла ў тагачаснае Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна. Атрымаўшы дыплом, уладкавалася ў яслі-сад № 6 “Сонейка” Маларыты і адначасова завочна вучылася на факультэце дашкольнага выхавання колішняга Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна.

Да гэтага часу педагог добра памятае першы працоўны дзень у малодшай групе з 26 хлопчыкаў і дзяўчынак. На работу прыйшла загадзя. З хваляваннем чакала выхаванцаў. З першага дня імкнулася стварыць атмасферу сяброўства, шчырасці і цеплыні, памятала пра цярпенне, вытрымку і дабрыню, не забывала пра ўсмешку. Для кожнага знаходзіла ласкавае слова. 

Бацькі, чые дзеці наведваюць групу Г.В.Федарук, расказваюць, што іх сыны і дочкі часта пытаюцца: “Чаму вы мяне так рана забіраеце? Я хачу яшчэ пабыць у садку!” Гэта яскравы доказ таго, што дзецям тут утульна, добра і весела. 

Сёння ёсць шмат методык і тэхналогій для работы з дзецьмі, у якіх парушана маўленне. Якія з іх лепшыя, педагог адназначна адказаць не можа.

— Неабходна ўліч­ваць індывідуальныя асаблівасці кожнага дзіцяці і групы ў цэлым, — гаворыць Г.В.Федарук. — Добрыя вынікі прыносіць тэхналогія развіцця мовы “Словам душа расце”, распрацаваная Н.А.Улікавай з Санкт-Пецярбурга. Дзякуючы ёй, выхаванцы актыўна далучаюцца да розных відаў мастацка-творчай, практычнай, пазнавальнай і маўленчай дзейнасці. 

Вялікую ўвагу Галіна Васільеўна ўдзяляе развіццю сацыяльнай адоранасці і яе праяўленням у дашкольным узросце, патрыятычнаму выхаванню, далучэнню да нацыянальнай культуры. Работу ў гэтым напрамку, лічыць педагог, варта пачынаць ужо з дзіцячага сада.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.