Педагогіка і астраномія сталі для настаўніка астраноміі Магілёўскага абласнога ліцэя № 2 Васіля Пятрова прафесійным прызваннем. Усё яго жыццё непарыўна звязана з сістэмай адукацыі, і ён лічыць сябе шчаслівым чалавекам.
— Калі б раптам вярнуўся назад у маладосць, выбар прафесіі застаўся б нязменным, — гаворыць Васіль Васільевіч.
Астраномія захапіла яго яшчэ ў юнацкім узросце. Прычым настолькі, што Васіль Пятроў нават сам сканструяваў тэлескоп. Настаўнічаць яму таксама хацелася. Паўплывала на гэта імкненне маці, якая працавала педагогам, а таксама выдатныя школьныя настаўнікі. Звязаць два захапленні ў адной прафесіі яму ўдалося, скончыўшы Мінскі педагагічны інстытут імя А.М. Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка).Працоўная дзейнасць Васіля Пятрова пачалася ў адной з сельскіх школ Брэстчыны. Потым была вучоба ў аспірантуры, а пасля амаль сорак гадоў выкладання ў Магілёўскім дзяржуніверсітэце імя А.А.Куляшова. У якасці настаўніка астраноміі ў абласны ліцэй № 2 ён прыйшоў, ужо афіцыйна знаходзячыся на заслужаным адпачынку. Сёння Васілю Васільевічу амаль восемдзесят, аднак такі салідны ўзрост ніяк не паўплываў на працаздольнасць гэтага неардынарнага педагога. За любую справу ён бярэцца з нястрымнай энергіяй і вялікім энтузіязмам.
Маючы больш чым паўвекавы стаж работы педагогам, кожны свой урок па-ранейшаму прадумвае да дробязей. Стараецца выкарыстоўваць і калектыўны, і дыферэнцыраваны метад навучання, актыўна ўкараняе інфармацыйныя тэхналогіі, развівае ў вучняў творчую актыўнасць, накіроўвае іх на самастойны пошук ведаў.
— На першых уроках мы з вучнямі быццам размаўляем на розных мовах. Але праходзіць некаторы час, дзеці захапляюцца прадметам — мы пачынаем разумець адно аднаго, — усміхаючыся, расказвае Васіль Васільевіч.
Вялікую ўвагу ён удзяляе развіццю здольнасцей навучэнцаў. З адоранымі дзецьмі Васіль Пятроў праводзіць індывідуальныя заняткі. Плённая работа ў гэтым кірунку дае свой вынік. На працягу шэрага гадоў вучні Васіля Васільевіча становяцца пераможцамі і прызёрамі абласнога і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі.
Сваім вопытам і майстэрствам Васіль Пятроў ахвотна дзеліцца з калегамі, цесна супрацоўнічаючы з Магілёўскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. З’яўляецца ён і трэнерам абласной каманды навучэнцаў па падрыхтоўцы да ўдзелу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі.
За доўгую педагагічную дзейнасць Васіль Васільевіч быў удастоены мноства ганаровых грамат мясцовых выканаўчых органаў, але не іх ён лічыць сваёй галоўнай заслугай. Самая каштоўная ўзнагарода для яго — зацікаўлены бляск дзіцячых вачэй на ўроку, а таксама поспехі вучняў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.