Шчасце вялікай сям’і

- 11:53Навіны рэгіёнаў

— Вы самыя лепшыя! — такімі словамі натхніла сваю вялікую каманду перад выхадам на сцэну Алена Мар’янаўна Чылік. Ну дык і не памылілася. Сям’я Алены Мар’янаўны Чылік і Андрэя Яўгеньевіча Казушчыка са Слоніма стала перможцай абласнога конкурсу замяшчальных сем’яў.

Конкурс называецца “Планета сям’я”. 22 сям’і з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел у яго завочным этапе, у фінал выйшлі 9. Арганізатарамі конкурсу выступаюць галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, абласныя арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, абласныя аддзяленні Беларускага дзіцячага фонду і Беларускага фонду міру, абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі.

У творчай “Візітнай картцы” кожная сям’я расказвала аб сваім жыцці, захапленнях. І прадставіла гэта вобразна і запамінальна. У сям’і Вішнявецкіх з Ваўкавыскага раёна ўсе дзеці танцуюць. Усе дзяўчаткі Жыляніных з Дзятлава займаюцца ў школе мастацтваў. Сям’я Нікіціных з Гродна вельмі спартыўная, а прадстаўнікі Бойша-Вінакуравых з Гродзенскага раёна любяць пячы пірагі, што і прадэманстравалі на сцэне.
Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Віктараўна Асмалоўская, у вобласці створана 27 дамоў сямейнага тыпу, а ўсяго ў замяшчальных сем’ях выхоўваецца каля 700 дзетак. Гэты конкурс разглядаецца і як магчымасць для такіх сем’яў сустрэцца, пазнаёміцца, пераняць вопыт. Пры падвядзенні вынікаў улічвалася шмат фактараў, у тым ліку вынікі завочнага этапу.

— Рыхтаваліся да конкурсу ўсёй сям’ёй, прыдумвалі, рэпеціравалі. Так, каб намаляваць карціну з адбіткаў далонек усіх членаў нашай сям’і, спрабавалі розныя фарбы, — расказвае Алена Мар’янаўна Чылік.

Алена Мар’янаўна і Андрэй Яўгеньевіч выхоўваюць двое сваіх і васьмёра прыёмных дзяцей. Сям’я не проста вялікая, а дружная і актыўная — пераможца раённага конкурсу на лепшае ўпрыгожванне дома да Новага года, прымала ўдзел у конкурсе пчаляроў у Славеніі, фотаконкурсе “Мы сваёй Радзімай ганарымся”. У красавіку гэтага года Алена Мар’янаўна ўдзельнічала ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Сям’я, сацыялізацыя падрастаючага пакалення”.

2-е месца падзялілі сем’і Вішнявецкіх з Ваўкавыскага раёна і Паповых з Ашмянскага. Вольга Пятроўна і Віктар Уладзіміравіч Вішнявецкія выхоўваюць пяцёра дзяцей, трое з якіх прыёмныя. Яны актыўныя ўдзельнікі метадычнага аб’яднання прыёмных бацькоў клуба “Мы разам”. За час існавання дома сямейнага тыпу Алены Аляксандраўны і Мікалая Уладзіміравіча Паповых тут выхоўвалася 14 дзяцей, зараз у сям’і іх 11. 3-е месца заняла сям’я Алы Чаславаўны і Васіля Мікалаевіча Каспяровіч з Мастоў. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала сям’я Аліны Вацлаваўны і Мікалая Уладзіміравіча Бойша-Вінакуравых з Гродзенскага раёна.

А каб конкурс стаў яшчэ і святам і адпачынкам, усіх удзельнікаў запрасілі на забаўляльную праграму і абед у агратурыстычны комплекс “Каробчыцы”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.