Шчасце — жыць з мэтай

Пераступаеш парог гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і адразу акунаешся ў дзівосную творчую атмасферу. Бо з аднаго боку чуюцца розныя мелодыі, а ў другім літаральна на вачах нараджаюцца карціны будучых мастакоў, якія ператварылі фае ўстановы ў імправізаваную майстэрню. Сёння ў сталічным “храме мастацтваў”, што на вуліцы Макаёнка, 14, займаецца больш за пяць соцень адораных хлопчыкаў і дзяўчынак, якім дапамагаюць раскрыць свой талент прафесійныя педагогі. Сярод іх і настаўніца па класе фартэпіяна Алена Міхайлаўна Казінец, гледзячы на якую, адразу ўяўляецца, як яе тонкія пальцы дакранаюцца да чорна-белых клавіш фартэпіяна, а гукі нібы самі па сабе складаюцца ў прыгожую мелодыю.

Cлухаючы ігру Алены Міхайлаўны, у душах будучых музыкантаў нара­джаецца штосьці светлае і ўзнёслае. Да таго ж, відавочна, педагог зачароўвае іх не толькі сваім майстэрствам і прафесійным выкананнем, а і прыгажосцю ды маладосцю. Музыкай Алена Казінец пачала займацца ў шэсць гадоў у аграгарадку Нарач Вілейскага раёна. Разам са сваёй старэйшай сястрой, так бы мовіць, за кампанію, пайшла і паступіла ў звычайную музычную школу. Бацькі ж даведаліся, што іх малодшую дачушку прынялі ў музычную школу, ужо па факце. Пасля яе заканчэння дзяўчына паступіла ў Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І.Глінкі. Скончыўшы яго, адправілася ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, пасля — у магістратуру. І ўвесь гэты час пад пільным кіраўніцтвам дацэнта кафедры спецыяльнага фартэпіяна БДАМ Марыны Русаковай яна ўдасканальвала свае ўменні і адточвала выканальніцкае майстэрства. “Марына Уладзіміраўна была маім флагманам, падтрымкай і творчым настаўнікам ад каледжа і да магістратуры”, — падкрэсліла педагог.

Варта адзначыць, што дзе б ні вучылася Алена Міхайлаўна, усюды была выдатніцай. “Я з сям’і педагогаў: тата — гісторык-краязнавец, мама — выхавальніца дзіцячага садка, таму на сіндром выдатніка ў нашай сям’і хварэюць усе. Вучыцца я заўсёды любіла, бо мне гэта было цікава, прычым паспявала ўсюды: і выступаць у складзе валейбольнай каманды, і займацца ў музычнай школе, і вучыцца ў агульнаадукацыйнай, і захапляцца фальклорам, народнымі абрадамі і традыцыямі. І акадэмію музыкі я скончыла з чырвоным дыпломам”, — узгадала настаўніца.

Пакуль яна вучылася ў магістратуры, паралельна па размеркаванні працавала ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага. “У 2012 годзе прыйшла працаваць сюды, у гімназію-каледж Ахрэмчыка, спачатку канцэртмайстрам, а пасля і настаўніцай па класе фартэпіяна. Так пачаўся самы цікавы этап у маёй прафесійнай дзейнасці. Хоць, па праўдзе кажучы, педагогам я працую з 16 гадоў, таму на сённяшні дзень стажу ў мяне ўжо больш за 15 гадоў. А летась я стала педагогам вышэйшай катэгорыі”, — расказала Алена Міхайлаўна.

Акрамя таго, яна чацвёрты год працуе ў якасці загадчыцы цыклавой камісіі настаўнікаў фартэпіяна. “За гэты час мы стварылі некалькі новых унутраных канцэртаў, якія нашым навучэн­цам ідуц­ь на карысць, бо яны набываюць
вопыт выступлення на публіцы, — тлумачыць Алена Міхайлаўна. — У гімназіі-кале­джы праводзіцца Рэспубліканскі конкурс піяністаў імя Ларысы Ільінічны Марголінай — нашага былога педагога. У гэтае музычнае спаборніцтва мы таксама ўдыхнулі маладыя сілы, максімальна далучыліся і падключыліся да яго. Калі раней у ім удзельнічала каля 20 чалавек, то ў апошнія два гады колькасць удзельнікаў павялічылася да 90, прычым гэта вучні звычайных музычных школ нашай краіны. Дарэчы, наступны, восьмы, конкурс адбудзецца ўжо 28—29 сакавіка. Мы яго крыху змянілі — раздзялілі на ўзроставыя катэгорыі, а яшчэ ўвялі для канкурсантаў бясплатныя кансультацыі напярэдадні выступлення. Ужо чацвёрты год мы дорым імянныя сертыфікаты на бясплатныя майстар-класы ад нашых вядучых педагогаў на працягу года, пасля якіх многія дзеці прыходзяць пасту­паць у гімназію-каледж”.

Да сваіх вучняў Алена Казінец заўсёды падыходзіць індывідуальна, цікавіцца іх жыццём і ўнутраным светам, прывівае ім любоў не толькі да музыкі, а і да ўсяго мастацтва. “Музыка мае мноства граней і паралелей, і каб зразумець іх, трэба мець шырокі кругагляд і мысленне, бо толькі пры такой умове музыка напоўніцца зместам, — пераканана яна. — Я скіроўваю вучняў на розныя майстар-класы, прывучаю чытаць літаратуру і хадзіць на канцэрты, заводзіць новыя знаёмствы з равеснікамі-музыкантамі і абменьвацца з імі навінамі і ведамі. А яшчэ заўсёды гавару: рабі максімум з усяго магчымага, калі за нешта бярэшся, то гэта павінна быць зроблена добра і якасна. Мая галоўная задача — правільна накіраваць дзяцей, а галоўная мэта — навучыць іх абыходзіцца без мяне”.

З такім настроем нядзіўна, што вучні Алена Міхайлаўны штогод актыўна ўдзель­нічаюць у фартэпіянных канцэртах, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Многія з іх становяцца дыпламантамі і лаўрэатамі фестывалю-конкурсу маладых выканаўцаў імя М.Грушвіцкага, які ла­дзіцца ў Ракаве, конкурсу класічнай музыкі Кaunas Sonorum. “Сёлета з вучнямі паедзем на конкурс у Даўгаўпілс, Ракаў, Бабруйск, на адкрыты рэгіянальны конкурс юных піяністаў імя У.Алоўнікава, а таксама на Міжнародны дзіцячы конкурс “Музыка надзеі” ў Гомель”, — падзялілася планамі настаўніца.

Не без гордасці яна адзначыла, што атрымлівае сапраўднае задавальненне ад прафесіі, зносін з дзецьмі і калегамі, і ўзгадвае адну з першых сваіх вучаніц — Марыам Джавад, якая пайшла па яе слядах і паступіла ў БДАМ. Правучылася там два гады і паступіла ў Базельскую музычную акадэмію, дзе конкурс складае 50 чалавек на 5 месцаў. “Яна ўжо вучыцца
там другі год, рэгулярна прыязджае і дзеліцца сваімі поспехамі, што вельмі прыемна, — падкрэсліла Алена Міхайлаўна. — Яшчэ два вучні — на 3 курсе каледжа і таксама збіраюцца паступаць у Акадэмію музыкі. А Вікторыя Матрашылава зараз выпускніца гімназіі і будзе далей паступаць у наш каледж. Я не сумняваюся, што ў яе ўсё атрымаецца. Яшчэ адна таленавітая вучаніца, якая падае надзеі, — першакурсніца каледжа Эстэр-Джэніфер Герасімовіч”.

Напрыканцы нашай размовы Алена Казінец прызналася, што для яе шчасце — гэта жыць з мэтай і мець сілы для яе дасягнення: “Калі родныя і сябры, вучні і іх бацькі падтрымліваюць цябе, ёсць магчымасць быць пачутым, зразумелым і ацэненым па вартасці — гэта і ёсць найвялікшае шчасце!”

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.