#ШчасцеНавучаць

- 11:53Людзі адукацыі

Практыка паказвае, што маладыя настаўнікі па сутнасці наступаюць на адны і тыя ж граблі: робяць аднолькавыя памылкі ў пачатку сваёй педагагічнай кар’еры. Каб дапамагчы ім зрабіць першыя крокі ў прафесіі, некалькі месяцаў назад настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 38 Мінска Анастасія Мікалаеўна Ганчарова пачала рэалізоўваць праект #ШчасцеНавучаць: яна выкладвае на YouTube відэаролікі, дзе дзеліцца вопытам работы. Педагог хоча зрабіць канал платформай, дзе маладыя педагогі змогуць абмяркоўваць свае надзённыя пытанні, дзяліцца набалелым.

— Першыя думкі пра тое, каб стаць настаўніцай, з’явіліся ў мяне ў 10 класе. Любоўю да прадмета я абавязана свайму педагогу Валянціне Іванаўне Донавай, якая адкрыла для мяне рускую мову і літаратуру з зусім нечаканага боку. Мне здаецца, што менавіта яна дала штуршок да выбару педагагічнай прафесіі. Я скончыла БДПУ імя Максіма Танка, потым — магістратуру пры гэтай установе і па размеркаванні трапіла ў гімназію, у якой працую ўжо пяты год, — расказвае Анастасія Мікалаеўна. — У прынцыпе я была маральна падрыхтавана да работы з дзецьмі, бо часам мае школьныя настаўнікі апісвалі ўсе “радасці” прафесіі, усяляк адгаворвалі ад яе, ды і мама перасцерагала. Першыя прафесійныя крокі былі няпростымі, аднак усё было не так сумна, як малявалася. Думаю, маладыя спецыялісты будуць уцякаць са школы ў тым выпадку, калі прыйшлі ў прафесію не па прызванні. А такіх, на жаль, нямала і ў педуніверсітэце, і ў школе.

Сваю асноўную задачу А.М.Ганчарова бачыць у навучанні дзяцей крытычнаму мысленню і ўвогуле крытычнаму аналізу інфармацыі, якая паступае да іх, бо час перанасычаны інфармацыяй і важна ўмець фільтраваць яе. Праз літаратуру педагог імкнецца навучыць дзяцей чалавечнасці і ўзаемаадносінам з іншымі людзьмі, вырашаць розныя канфліктныя сітуацыі і граматна з іх выходзіць.

На працягу апошніх гадоў настаўніца актыўна выкарыстоўвала інтэрактыўныя метады навучання з прыцягненнем электронных рэсурсаў. А з сярэдзіны мінулага навучальнага года пачала ўкараняць метад перавернутага ўрока, калі вучань больш уцягнуты ў адукацыйны працэс і з пасіўнай ролі пераходзіць у актыўную. Мяняецца і роля настаўніка на занятках. Перавернутае навучанне практыкуецца педагогам як на ўроках мовы, так і літаратуры.

Як прызнаецца Анастасія Мікалаеўна, сама ідэя праекта #ШчасцеНавучаць выношвалася вельмі доўга. “Я разумела, што, з аднаго боку, маладыя настаўнікі не застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі (для іх арганізоўваюцца шматлікія мерапрыемствы, дзейнічае школа маладога педагога, ва ўстановах працуе інстытут настаўніцтва і інш.), але ў той жа час бываюць такія сітуацыі, калі табе падаецца, што ты адзін. У мяне гэта яшчэ абцяжарылася тым, што я першым часам замкнулася і ні з кім асабліва не кантактавала. Магчыма, людзям, якія не замыкаюцца, прасцей у першыя гады работы. Яны могуць атрымаць адказы на ўсе пытанні, якія хвалююць, ад старэйшых калег. Для мяне ж было няпроста ў эмацыянальным плане. Ты разумееш, што перад табой стаяць задачы, з якімі ты ніколі не працаваў. І з усім гэтым трэба спраўляцца, правільна выстройваць адносіны з дзецьмі, бацькамі, якія не заўсёды задаволены, што ў іх малады класны кіраўнік. У другі год работы злавіла сябе на думцы, што мне, па-першае, не хапае пэўнага рэсурсу, дзе маглі б у любы час узаемадзейнічаць паміж сабой маладыя настаўнікі; па-другое, дзе б мы маглі атрымаць рэальную метадычную дапамогу і эмацыянальную падтрымку. Я доўга шукала платформу, спосаб, пры дапамозе якога гэта можна зрабіць. Летам на YouTube-канале пачала выкладаць ролікі (дарэчы, стварэнне аднаго займае каля 7 гадзін), а потым падпісчыкі задаюць свае пытанні. Аналізуючы іх, я разумею, што праблема ў маладога спецыяліста можа з’явіцца на роўным месцы: як прайсці субяседаванне, якія пытанні варта задаць работадаўцу, а якія лепш не задаваць, на што звярнуць увагу, з якімі нарматыўнымі дакументамі трэба азнаёміцца ў жніўні, як паводзіць сябе на лінейцы, як арганізаваць першы бацькоўскі сход і г.д. Атрымліваецца, што ёсць рэчы, да якіх УВА не падрыхтуе”.

Некаторыя парады ад А.М.Ганчаровай мы прапануем нашым чытачам.

— Як прыйсці на субяседаванне да работадаўцы?

— Я раіла б удзяліць увагу таму, як вы будзеце выглядаць, падумаць, якое ўражанне вы хацелі б пакінуць, прадумаць адказы на нейкія стандартныя пытанні. Не губляцца, доўга не думаць над адказамі. Падчас гутаркі не толькі вам будуць задаваць пытанні, але і вы таксама павінны гэта рабіць, таму неабходна загадзя іх прадумаць. Напрыклад, якая будзе ваша вучэбная нагрузка, бо ад яе напрамую залежыць заробак. Спытайцеся, у якіх класах вы будзеце выкладаць, ці будзе ў вас класнае кіраўніцтва? Абавязкова пацікаўцеся, якія абавязкі ўскладзе на вас кіраўнік, чаго ён ад вас чакае, акрамя правядзення ўрокаў. Можа, ён хоча, каб вы рыхтавалі дзяцей да конкурсу, алімпіяды ці даследчай дзейнасці. Так вы зможаце супаставіць свае магчымасці з чаканнямі кіраўніцтва. Зыходзячы з гутаркі можна скласці меркаванне, наколькі вам з такім работадаўцам будзе камфортна, наколькі яму будзе камфортна з вамі.

— Ці сапраўды педагогу даводзіцца запаўняць шмат папер?

— Так, сапраўды, папяровай работы ў настаўніка дастаткова. А ў класнага кіраўніка яе яшчэ больш. Хаця я першапачаткова не была супраць класнага кіраўніцтва. Думаю, для педагога вельмі важна разумець, што кожная папера, якая да цябе прыходзіць, мае сэнс. І калі вы гэта зразумееце, то і работа не будзе падавацца вельмі складанай. А распланаваць свае справы і ўсё паспець дапаможа тайм-менеджмент — мастацтва кіраваць сваім часам. Перад педагогам стаіць шмат задач. Не хапайцеся адразу за ўсе, бо ніколі з усімі імі не справіцеся. Важна ацаніць ступень іх тэрміновасці. Можна ўвечары запісаць усе задачы, каб дакладна разумець, з якімі аб’ёмамі работы давядзецца спраўляцца заўтра. Варта расставіць прыярытэты: у першую чаргу выконваць задачы з паметкай “дэдлайн”, далей можна сканцэнтравацца на стратэгічных задачах, якія дапамогуць рухацца ў прафесіянальным развіцці.

— Як наладзіць узаемаадносіны з бацькамі?

— Першапачаткова трэба падрыхтавацца да таго, што недавер да маладога спецыяліста будзе прысутнічаць заўсёды. Больш таго, скептычныя адносіны ёсць да любога класнага кіраўніка, бо ўсім 27 бацькам нельга спадабацца. Гэта тычыцца і ўзаемаадносін з дзецьмі. Якім б вы ні былі, усё роўна любімым для ўсіх не станеце. Гэта проста неабходна прыняць. З бацькамі трэба паспрабаваць вытрымаць тонкую грань: з аднаго боку, каб захаваць чалавечыя, разумеючыя адносіны, з іншага боку, дакладна вызначыць межы ўзаемадзеяння. Каб табе не тэлефанавалі ў 23 гадзіны ці звярталіся на “ты” або па імені, трэба гэтыя моманты акрэсліць на першым бацькоўскім сходзе.

Працэс наладжвання ўзаемаадносін з бацькамі доўгі. Канфлікты з імі здараюцца ва ўсіх без выключэння настаўнікаў, не толькі ў маладых. А здольнасць іх вырашаць, знаходзіць паразуменне прыходзіць толькі з вопытам. Заўсёды ёсць бацькі, якія лёгка ідуць на кантакт, падтрымліваюць і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. На іх і варта абапірацца ў першую чаргу. Сумесны адпачынак вучняў, настаўніка і бацькоў дапаможа наладзіць узаемаадносіны і будзе вельмі карысны.

Я рэкамендавала б маладым педагогам чытаць больш інфармацыі пра тое, як граматна выходзіць з канфліктных сітуацый з бацькамі, бо, калі сутыкаюцца інтарэсы іх дзяцей і гімназіі альбо іх дзяцей і іншых людзей, безумоўна, кожны адстойвае сваё дзіця. Бацькі часам не могуць, ды і не хочуць аб’ектыўна паглядзець на сітуацыю. Калі ўзнікаюць канфліктныя сітуацыі, то пажадана прыцягваць трэці бок, каб адэкватна ацаніць сітуацыю. Калі сваё аўтарытэтнае меркаванне выказвае прадстаўнік адміністрацыі, чалавек з вопытам, то яго бацькі лепш чуюць. Зараз я разумею, што пераадоленне пэўных канфліктных сітуацый — гэта зона росту, якая дае магчымасць зрабіць пэўныя высновы.

Многія маладыя настаўнікі адчуваюць боязь перад вучнёўскай аўдыторыяй, няўпэўненасць у сваіх камунікатыўных магчымасцях і сумненні ў сваёй здольнасці наладзіць кантакт з класам і пазіцыянаваць сябе як настаўніка. Калі пачынаючаму педагогу не ўдаецца мабілізаваць свае сілы і набрацца смеласці, нават метадычна правільна складзены ўрок можа аказацца пад пагрозай зрыву. А нясмеласць і нерашучасць настаўніка вучні могуць патлумачыць як недастатковы прафесіяналізм і адсутнасць неабходнай кампетэнтнасці.

— Ці трэба маладому спецыялісту пісаць планы-канспекты?

— У мяне быў розны вопыт. Калі я прыйшла ў гімназію, то не вельмі разумела, наколькі важны план-канспект, бо ты і так трымаеш ход урока ў галаве. Аднак да трэцяга года работы я ўсвядоміла, наколькі гэта важна, і адчула розніцу ў правядзенні ўрока па канспекце, калі ты загадзя прадумаў заданні, распланаваў, чым дзеці будуць займацца, за што атрымаюць адзнакі, і ўрока-экспромта. Калі ты гэта бачыш, то разумееш сэнс сваёй работы.

Амерыканскі педагог А.Дрэер класіфікаваў самыя тыповыя памылкі настаўнікаў-пачаткоўцаў. І першая з іх — недастатковая падрыхтоўка. Кожны элемент урока трэба прадумваць, прычым матэрыялу, што выкладзены ў падручніку, настаўніку недастаткова. Я сама сутыкалася з тым, што навучэнцы пачынаюць цябе правяраць на трываласць, спрабуюць “празандзіраваць” твой кругагляд, наколькі добра настаўнік валодае той ці іншай тэмай.

— Як правільна ацаніць дзіця на ўроку?

— Шчыра скажу, што хаця я пяты год працую, аднак і зараз часам адчуваю цяжкасці ў выстаўленні адзнак, якія тычацца вусных адказаў дзяцей. У гэтым выпадку часта прыцягваю на дапамогу самога вучня, які прааналізуе свой адказ. Прычым заўважана, што перад аўдыторыяй той імкнецца быць максімальна аб’ектыўным. Калі-нікалі я пішу 4—5 пытанняў, па якіх іншыя вучні могуць ацаніць адказ свайго таварыша. Яны часам адзначаюць тыя моманты, на якія настаўнік можа нават і не звярнуць увагі. Але тут трэба быць вельмі асцярожным, каб не сысці ў негатыў. Дзеці вельмі часта пачынаюць толькі крытыкаваць, а таму важна паказаць ім, што характарыстыка ўключае два бакі: што ўдалося і што можна зрабіць лепш.

— Як прывабіць сучасных дзяцей да чытання?

— Лічу, што асаблівай праблемы ў тым, што дзеці не чытаюць, не існуе. Яны чытаюць, праўда, часта не тое, што мы задаём. Мне падаецца, што гэта недахоп нашай вучэбнай праграмы. Так, узоры класічнай літаратуры павінны вывучацца. Аднак вучэбная праграма на 80 працэнтаў складаецца з класікі. Трэба ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, і для кожнага ўзросту з улікам іх пажаданняў і інтарэсаў фарміраваць гэты спіс. Сапраўды, ёсць шэраг твораў, якія ім нецікавыя, бо рэаліі, што ў іх апісваюцца, ад вучняў вельмі далёкія. Але, думаю, і ў вывучэнні такіх твораў усё залежыць ад настаўніка. Калі паспрабаваць праводзіць паралелі паміж класічнай літаратурай і сучаснасцю, паказваць, што праблемы сугучныя і тое, што адбываецца з героямі, можа адбыцца з кожным з нас, то класіка становіцца крыху бліжэйшай да вучняў, больш зразумелай. Ёсць вельмі цікавыя блогі людзей (нават не педагогаў), якія любяць чытаць падлеткавую сучасную літаратуру, яны яе аналізуюць, выстаўляюць адзнаку. У ёй вельмі многа павучальнага і пазнавальнага. Вось гэтую літаратуру можна рэкамендаваць вучням.

— Як вы ставіцеся да выкарыстання ў вучэбным працэсе гаджэтаў?

— Абавязкова на першым уроку я складаю разам з вучнямі правілы, дзе кожны клас вызначае, што можна рабіць, а што нельга. Прапаноўваецца многае, аднак прымаецца тое, што задавальняе і іх, і мяне. Там ёсць пункт, што можна выкарыстоўваць смартфон ці планшэт толькі ў вучэбных мэтах. І мы часам практыкуем выкананне заданняў з дапамогай электронных прылад. Зараз новая педагогіка пазіцыянуе, што мы не будзем забараняць дзецям смартфоны, лепш мы навучым, як з дапамогай іх вучыцца. Таму я — за іх.

— Што рэкамендавалі б пачытаць маладому педагогу для самаразвіцця?

— Я прыхільнік таго, каб шукаць у інтэрнэце цікавыя блогі, праходзіць анлайн-навучанне ў людзей, якія спецыялізуюцца ў канкрэтных галінах, якія цікавяць. У “Фэйсбуку” створана “Суполка настаўнікаў Беларусі”, дзе педагогі дзеляцца сваімі знаходкамі, існуе таксама шмат груп, дзе можна ананімна задаць пытанне, і многа людзей дадуць табе параду. Чым больш па першым часе вы даведаецеся, тым лепш.

***

У планах настаўніцы — развіваць YouTube-канал, прыцягнуць туды як мага больш людзей, каб ён стаў сапраўды папулярным, каб маладыя педагогі ўсвядомілі, што ву-чыць дзяцей — гэта шчасце.

— Што дае прафесія? Для мяне гэта месца самарэалізацыі (я шукала сябе вельмі доўга: пакуль была студэнткай, памяняла чатыры месцы працы, аднак разумела, што мне чагосьці не хапае і свой патэнцыял не магу рэалізаваць). Гэта месца, дзе вучні дазваляюць па-іншаму паглядзець на свет. Гэта станоўчыя эмоцыі: тут многаму ад дзяцей вучышся і многае ад іх бярэш. Гэта пастаянны ўзаемаабмен ведамі, эмоцыямі, перажываннямі. Мая прафесія для мяне — гэта магутная зона росту. Я не ведаю, ці быў бы ў мяне стымул у нейкай іншай прафесіі так многа развівацца і вучыцца, як гэта я раблю тут, — адзначае А.М.Ганчарова.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.