Шчодры біёлаг

- 12:40Адукацыйная прастора

Пры першай сустрэчы з настаўніцай біялогіі сярэдняй школы № 20 Оршы Ірынай Акіндзінавай выяўляецца яе адметнасць: педагог падтрымлівае непарыўны візуальны кантакт з суразмоўнікам. Падобны спосаб узаемадзеяння — адна з прыкмет адкрытасці. А адкрытасць — гэта шчодрасць чалавека ў адносінах да свету.

Яна была звычайнай школь­ніцай — “як усе савецкія дзеці”. Колькі сябе памятае, яе заўсёды цягнула да дакладных і прыродазнаўчых дысцыплін — сказваліся прыродныя здольнасці дзяўчынкі. Таму не дзіўна, што самымі прываблівымі заняткамі сталі ўрокі матэматыкі і біялогіі.

Аднагодкі Ірыны былі перакананы, што пачынаць самарэалізацыю трэба адразу пасля курса базавай школы. Таму дзяўчынка, улічыўшы сваю схільнасць да хіміі і біялогіі, вырашыла паступаць у Аршанскі медыцынскі каледж, навучэнкай якога і стала.

Затым дзяўчына падала дакументы на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.  З таго часу — хутка ўжо 25 гадоў — яна працуе настаўніцай. І хоць у сям’і Акіндзінавых не было ні медыкаў, ні педагогаў, бацькі з задавальненнем падтрымалі дачку.

Гады вучобы запомніліся Ірыне Акіндзінавай вытворчымі практыкамі, назапашваннем вопыту і насычаным студэнцкім жыццём, за час якога будучыя педагогі сталі сапраўднымі сябрамі. Са многімі сваімі аднакурснікамі Ірына Уладзіміраўна падтрымлівае прафесійныя і асабістыя адносіны і цяпер.

Станаўленне маладога спецыяліста адбывалася ў аршанскай сярэдняй школе № 12. Тут яна шэсць гадоў працавала настаўніцай біялогіі і чатыры была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Тут жа сустрэла калег, якія паўплывалі на яе як педагога, — дырэктара Ларысу Колмак і намесніка дырэктара Святлану Араеву.

“Настаўнік — чалавек, які займаецца творчай дзейнасцю. Кожны ўрок для яго — гэта новае жыццё. Калі працуеш завучам, творчай работы становіцца менш, прафесійны сцэнарый больш аднастайны. Таму хутка пераканалася, што хачу быць выключна настаўнікам. Я перайшла ў 20-ю школу і працую тут 15 гадоў”, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна.

Матэматычныя здольнасці педагог не пакінула ў мінулым, а карыстаецца імі пастаянна: і зараз без калькулятара можа палічыць сярэдні бал з дакладнасцю да сотых. Неаднойчы вучні заўважалі такую адметнасць сваёй настаўніцы: “Ого, Ірына Уладзіміраўна, як можаце!” Вучоба ў медыцынскім каледжы таксама не прайшла дарма: многія працэсы, звязаныя з захворваннямі, настаўніца тлумачыць дзецям “знутры”. Яна не любіць рабіць нешта па шаблоне, звычайна ўсё перароблівае “пад сябе”, каб у тым, што робіць, была адметнасць.

“Самае дарагое ў нашай рабоце — станоўчыя эмоцыі ад узаемадзеяння з дзецьмі. Мы вучым іх разумець жыццё, хоць размаўляем з вучнямі праз свой прадмет. Паверце, кожны настаўнік можа шмат расказац­ь пра сваіх дзяцей — як жывуць, чым цікавяцца, пра што марац­ь. Гэта важна, бо на адну і тую ж тэму розным людзям не дасі аднолькавую параду. З гадамі мы з калегамі вучымся адчуваць такія моманты, ведаем, як дастукацца да канкрэтнага вучня, — заўважае Ірына Акіндзі­нава. — Дзеці — душэўны народ. Яны часта прыходзяць пагаварыц­ь, удакладніць, проста абняцца. Школьнікі адчуваюць увагу да сябе і клопат. Дзякуючы ім, не бывае дзён, калі б не хацелася ісці на работу”.

Ірына Уладзіміраўна лічыць, што ў педагогіцы без цяжкасцей амаль немагчыма, бо трэба знаходзіць агульную мову з рознымі вучнямі і бацькамі. Таму ў большасці сітуацый настаўніца стараецца пераводзіць складаныя моманты ў жарт. Выхо­дзіць з неадназначных сітуа­цый пазітыўна яна вучыць і сваіх школьнікаў.

“Мы павінны не проста вучыць дзяцей, а развіваць іх. Важна, каб атрыманыя на ўроку веды яны маглі выкарыстоўваць у жыцці. І для таго каб гэта стала магчыма, мудрагелістыя рэчы нам, настаўнікам, варта падаваць больш простымі словамі,— упэўнена Ірына Акін­дзінава. — Важныя якасці для педагога — павышаная адказнасць, дабрыня, мэтанакіраванасць, творчасць, добразычлівасць. Ён павінен быць такім, каб дзеці адчувалі апору ў любой сітуацыі, пачынаючы ад падрыхтоўкі да заняткаў і заканчваючы асабістым жыццём”.

Ірына Акіндзінава часта паўтарае: “Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць”. Невыпадкова вакол яе віруе жыццё: адносіны настаўніка да прафесіі гавораць самі за сябе.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва І.У.Акіндзінавай.