Шчодры на перамогі

- 9:40Апошнія запісы

Калі чытаеш апошнія навіны ў сферы адукацыі, позірк міжволі падае на назву Слуцкага дзяржаўнага каледжа. На гэты раз ён атрымаў статус лепшай установы прафесійнай адукацыі сярод краін СНД на XIII Міжнароднай алімпіядзе ў сферы інфармацыйных тэхналогій “IT-­Планета 2020/21”, якая праходзіла ў Краснадары (Расія).

Навучальная ўстанова з’яўляецца пераможцай абласнога спаборніцтва ў сферы развіцця прафесійнай адукацыі, яна была на Дошцы гонару 4 разы. Ужо шмат гадоў каледж узначальвае Барыс Браніслававіч Блахін. Ён выдатны кіраўнік, творчы, ініцыятыўны чалавек, які дакладна адчувае сённяшнія запатрабаванні ў падрыхтоўцы кадраў і імкнецца іх рэалізоўваць.

З’яўляючыся членам савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, Барыс Браніслававіч шмат увагі ўдзяляе арганізацыі работы з таленавітымі, творчымі навучэнцамі, стварэнню ўмоў для рэалізацыі іх асобасных якасцей і здольнасцей. 14 навучэнцаў каледжа за перамогі ў рэспубліканскіх конкурсах адзначаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Стварэнне ўмоў для аптымальнага развіцця здольнасцей навучэнцаў з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці педагагічнага калектыву ўстановы.

Дадатковыя бонусы поспеху прыносіць каледжу навуковае таварыства “Інавацыйны фармат”, члены якога ў мінулым годзе прынялі ўдзел у 24 рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах, фестывалях, конкурсах, выставах і заваявалі 27 дыпломаў самага высокага ўзроўню.

Імёны выхаванцаў каледжа Аляксея Бурлакова, Леаніда Няронскага, Уласа Сідаровіча і іншых гучаць на п’едэсталах пераможцаў далёка за межамі Беларусі.

Навуковаму таварыству “Інавацыйны фармат” ужо 7 гадоў. Яно аб’ядноўвае навучэнцаў, выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання каледжа, якія імкнуцца вынаходзіць, тварыць і ствараць. Гэта супольнасць дапытлівых, працавітых, творчых, мэтанакіраваных людзей, якія жадаюць рэалізоўваць свае ідэі на практыцы і тым самым удасканальваць сваё майстэрства. Іх удзел у інтэлектуальных конкурсах звязаны з пошукавай, праектнай і даследчай дзейнасцю.

І з кожным годам колькасць юных даследчыкаў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў расце. Кіраўніком “Інавацыйнага фармату” з’яўляецца Сяргей Ігаравіч Панасенка, майстар вытворчага навучання каледжа, чалавек творчы, ініцыятыўны, прафесіянал сваёй справы. Сяргей Ігаравіч — пераможца шматлікіх конкурсаў, лаўрэат прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Усе, хто знаёмы з Сяргеем Ігаравічам, лічаць сябе шчаслівымі, бо ім у жыцці сустрэўся такі выдатны педагог, які валодае неўтаймаванай творчай энергіяй, сапраўдным дарам захапляць ідэяй, новай справай і паспяхова весці падапечных да асобаснай рэалізацыі. Яго выхаванцы дасягаюць значных поспехаў, яны  аўтары новых адкрыццяў, навуковых рашэнняў. Тры навучэнцы з’яўляюцца лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вынікі работы навуковага таварыства адзначаны падзячнымі лістамі ў адрас Міністэрства адукацыі, а таксама ў адрас кіраўніцтва каледжа.

Захапіць іншага можа толькі той, хто захоплены сам, — гэтыя словы пра Сяргея Ігаравіча. Галоўная яго задача — своечасова разгледзець здольнасці сваіх выхаванцаў, развіваць іх, дасягаючы пэўнай мэты, а потым ставіць новую задачу і імкнуцца да вяршыні. Пастаянна ўдасканальваць і ўдасканальвацца — вось адзіны курс прафесійнага росту, лічыць педагог.

— Той, хто імкнецца стаць прафесіяналам, ніколі не спыніцца на дасягнутым, не дойдзе да дасканаласці, бо ведае, што яе проста няма, — адзначае Сяргей Ігаравіч. — Таму трэба не шукаць мяжу, а пастаянна знаходзіцца ў пошуку і гэтаму вучыць сваіх выхаванцаў. Сёння асабліва актуальнае пытанне аб прафесіяналізме будучых рабочых і спецыялістаў. Важна, каб якасць і ўзровень іх падрыхтоўкі адпавядалі рэаліям сённяшняга дня, патрэбам заказчыкаў кадраў. Таму наша эканоміка прад’яўляе новыя патрабаванні да ведаў навучэнцаў, іх творчага развіцця, умення знаходзіць рацыянальныя канструктыўныя рашэнні, арыентавацца ў адборы навуковай інфармацыі, ставіць і вырашаць розныя прынцыпова новыя пытанні і праца­ваць ва ўмовах лічбавізацыі вытворчасці. Слуцкі дзяржаўны каледж і непасрэдна яго навуковае таварыства імкнуцца рыхтаваць менавіта такіх спецыялістаў.

Ала КЛЮЙКО.