Шчодры “Восеньскі карагод”

- 9:40Навіны рэгіёнаў

У Віцебску адбылася выстава-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці.

Якасныя тавары па даступных цэнах, выдатная канцэртная праграма, горад майстроў, вясёлыя аніматары і арыгінальныя фотазоны, майстар-класы, удалыя пакупкі і добры настрой — усё пералічанае што­год пры­ваблівае віцяблян і гасцей горада на пляцоўку каля Палаца спорту, дзе праходзіць “Восеньскі карагод”. 

Традыцыйна выстава нацэлена на продаж сельскагаспадарчай прадукцыі і мае прафарыентацыйную накіраванасць. Акрамя таго, гэта вялізная інтэрактыўная дэманстрацыйная пляцоўка перадавога вопыту, вучоба для моладзі, сустрэчы лепшых педагогаў і своеасаблівы дырэктарскі клуб. Маладыя, спрытныя і ветлівыя прадаўцы прапаноўваюць набыць эксклюзіўныя сувеніры, абутак, адзенне, прадукты харчавання, саджанцы пладовых і ягадных культур, сельскагаспадарчых жывёл і многае іншае, вырабленае і вырашчанае ў майстэрнях і гаспадарках устаноў адукацыі.   Сёлета кірмаш завіраваў напярэдадні Дня настаўніка, аб чым нагадвалі элементы афармлення практычна кожнай гандлёвай пляцоўкі і творчыя нумары ў выкананні самадзейных артыстаў з устаноў адукацыі рэгіёна. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Вячаслава БАРЫСЕНКІ.