Шчырае жаданне дапамагаць

- 12:53Навіны рэгіёнаў

Студэнты і супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы падтрымалі добраахвотную акцыю здачы крыві.

Два разы на год супрацоўнікі Гродзенскага абласнога цэнтра трансфузіялогіі праводзяць такія акцыі на прадпрыемствах і ва ўстановах. Купалаўцы — актыўныя ўдзельнікі кожнай з іх. Гэтым разам выказалі жаданне здаць кроў 270 студэнтаў і су­працоўнікаў установы вышэйшай адукацыі.

Студэнтка факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта Настасся Акула здае кроў першы раз.

— Я будучы біёлаг і ведаю, наколькі гэта важна, — прызналася Настасся. — Падштурхнула мяне на гэта жаданне дапамагчы людзям. Магчыма, мы камусьці выратуем жыццё. А калі самі апынёмся ў сітуацыі, калі нам трэба будзе пераліванне крыві, то ведаем: ёсць людзі, якія гатовы бязвыплатна здаць кроў і дапамагчы ўжо нам.

Другакурснік факультэта біялогіі і экалогіі Сяргей Яромчык удзельнічае ў акцыі другі раз. Кажа, што ставіцца да гэтага адказна і гатовы ў экстраннай сітуацыі заўсёды прыйсці на дапамогу, калі яго група крыві камусьці спатрэбіцца. Адзначыў, што ўніверсітэт добра ўсё падрыхтаваў.

Таксама другі раз прымае ўдзел у акцыі прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.

— У акцыі бязвыплатнай здачы крыві, якая традыцыйна праходзіць два разы на год і першапачаткова планавалася як студэнцкая, цяпер актыўны ўдзел бяруць выкладчыкі і су­працоўнікі. Увосень кроў здалі 225 чалавек, цяпер — 270. Студэнты — прыклад для нас, і гэта матывуе супрацоўнікаў далучыцца да акцыі. Да таго ж гэта карысна для здароўя, а мінулы год паказаў, наколькі нам трэба клапаціцца пра сваё здароўе. Магчыма, менавіта мая кроў выратуе камусьці жыццё, і гэта для мяне з’яўляецца важным матыватарам, — расказаў Юрый Раманоўскі.

Старшыня прафсаюзнай арганізацыі ўніверсітэта Ігар Кергет таксама падкрэсліў, што такая акцыя — магчымасць дамагчы тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Дастаткова было проста размясціць інфармацыю аб яе правядзенні, як студэнты і супрацоўнікі сталі запісвацца ў донары. Безумоўна, не кожны, хто выказаў жаданне, зможа здаць кроў. Як адзначыла загадчыца пункта аховы здароўя ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Кравец, існуюць супрацьпаказанні. Не змогуць стаць донарамі людзі, якія перахварэлі ў папярэднія два тыдні віруснай інфекцыяй, чыя вага складае менш за 55 кілаграмаў, вызначальным з’яўляецца і ўзровень гемаглабіну. Абавязковы і папярэдні агляд урача. Пры неабходнасці студэнты ў той жа час атрымліваюць урачэбную кансультацыю.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.