Шчырая размова

- 16:08Нам пішуць

На чарговую сустрэчу праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” ў Вярэйкаўскую сярэднюю школу Ваўкавыскага раёна завітаў старшыня Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Віталь Станіслававіч Навіцкі.

Віталь Станіслававіч з’яўляецца выпускніком нашай школы і з задавальненнем адгукнуўся на запрашэнне ўзяць удзел у сустрэчы з вучнямі. Тым больш панавала цёплая сяброўская атмасфера. Спачатку інфармацыйная група з ліку актыўнай моладзі расказала пра найбольш значныя падзеі, якія прайшлі ў краіне за мінулы месяц. Вучні спыніліся на мерапрыемствах акцыі “Нашы дзеці” як у краіне, раёне, так і ў нашай школе. Значнай падзеяй для рэспублікі стаў Міжнародны дзіцячы конкурс “Еўрабачанне-2018”, які прайшоў 25 лістапада ў Мінску.

Перш чым адказаць на пытанні, Віталь Станіслававіч сам пацікавіўся ведамі дзяцей у галіне структуры дзяржаўнай і мясцовай улады. А школьнікаў цікавіла многае: ад мэт, якія ставіў перад сабой дэпутат, заканчваючы школу, да праблем выбаршчыкаў, якія даводзіцца вырашаць, узначальваючы прадстаўнічы орган улады. Цікавілі вучняў як будучых выбаршчыкаў і пытанні іх удзелу ў выбарах, як Віталь Станіслававіч ацэньвае работу дэпутацкага корпуса. Даведаліся, што жыццёвае крэда Віталя Станіслававіча — быць патрэбным сям’і, на працы і ў грамадстве.

Шмат пажаданняў з вуснаў Віталя Станіслававіча прагучала ў адрас навучэнцаў, а галоўнае — гэта заўсёды, на любой пасадзе заставацца чалавекам.

Ганна ТАЛОЧКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вярэйкаўскай сярэдняй школы;
Арцём РЫШКЕЛЬ,
вучань 10 класа, старшыня раённага Маладзёжнага парламента IV склікання.