Шчырая тэрапія

Валанцёры — народ сціплы. Як бы яны ні стараліся дапамагчы таму, каму гэта неабходна, узнагароды яны не чакаюць. Узнагароды самі знаходзяць сваіх уладальнікаў. Так, днямі былі падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — добрае сэрца”, арганізатарам якога традыцыйна выступае БРСМ. Віталі пераможцаў па пяці намінацыях у Нацыянальным алімпійскім камітэце Рэспублікі Беларусь.

Настройваемся на пазітыў

Так, навучэнцы Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці былі шчыра здзіўлены навіной, што іх валанцёрскі атрад “Продвижение” стаў лепшым сярод 380 атрадаў — удзельнікаў конкурсу.
“Мы толькі год назад стварылі свой атрад, і ў адрозненне ад калег нас не сотні, і нават не дзясяткі, а ўсяго толькі 15 чалавек. Ды і наша справа, здавалася б, відаць толькі ў нашым пасёлку, — расказвае сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ і кіраўнік атрада Юлія Рамуальдаўна Скарынка. — Валанцёрскую справу мы пачалі летась, калі школьная пярвічка стала лепшай у вобласці, і хлопцы і дзяўчаты прадстаўлялі рэгіён на рэспубліцы. Хоць у фінале яны занялі 4 месца, паглядзеўшы, чым займаюцца іншыя валанцёры, падлеткі вярнуліся з Мінска натхнёнымі. Так і ўзнікла ідэя ўзяць пад сваю апеку аддзяленне дзённага знаходжання”.
Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў пасёлка Астрына знаходзіцца ў будынку былой паліклінікі: усяго толькі 10 пакояў, у кожным з якіх па 2 чалавекі. І для іх валанцёры сталі, бадай, самымі блізкімі людзьмі. Менавіта яны назначылі сябе адказнымі за чысціню на іх тэрыторыі, за добры настрой на кожным праведзеным у цэнтры свяце, за тое, каб кожная з гэтых бабуль і кожны дзядуля адчулі клопат і ўвагу.
Пра тое, што значыць для гэтых людзей клопат валанцёраў, расказала адзінаццацікласніца Алеся Паграноўская. Яна часта абмяркоўвае гэта не толькі з сябрамі з атрада, але і з малодшай сястрой Юляй, якая толькі нядаўна далучылася да валанцёраў, і з мамай, якая да нядаўняга часу працавала ў гэтым цэнтры. “Нават дробязь, маленькі сувенір, падораны бабулям і дзядулям, імі ўспрымаецца як найдаражэйшы падарунак, — гаворыць Алеся. — Яны захоўваюць яго навідавоку. Мама расказвала, як у адной бабулі прапалі папяровыя кветкі, якія мы ёй падарылі. Яна так засмуцілася, плакала, не магла супакоіцца, пакуль мы не падарылі новыя”.
“Цікава назіраць за бабулямі: калі прыходзіш у цэнтр, усе ляжаць па сваіх ложках, ледзь не паміраць збіраюцца, — усміхаецца Надзея Сямашка. — Толькі прысядзеш каля адной — у імгненне збягаюцца ўсе, падсаджваючыся да нас, смяюцца. Некаторыя тут жа кідаюцца да люстэрка паправіць прычоскі, спадзеючыся на фотасесію. І на змену песімізму прыходзіць пазітыў, які, безумоўна, перадаецца нам! Нам за ўсё жыццё столькі не зычаць шчасця, колькі гэтыя бабулі”.
Акрамя таго, форменныя майкі валанцёраў пастаянна навідавоку ў іншых жыхароў пасёлка: менавіта валанцёры прыбіраюць і добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, упрыгожваюць сваю школу, прыводзяць у парадак помнікі, менавіта яны — нязменныя арганізатары паходаў, экскурсій, конкурсаў і спартыўных мерапрыемстваў у школе. А нядаўна ўзялі шэфства і над малодшымі школьнікамі.
“У Астрыне 23 прыёмныя сям’і і два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, — абмалёўвае сітуацыю Юлія Рамуальдаўна. — З 288 вучняў школы — 70 з гэтых сем’яў. І мы стараемся ім дапамагаць, у тым ліку і матэрыяльна. Напрыклад, збіраем для малодшых школьнікаў канцтавары. Пакуль збіраем ранцы за свае сродкі, але ў будучым, магчыма, будзем праводзіць дабрачынныя акцыі ў пасёлку. Пасля навіны пра перамогу ў нашы рады просяцца многія вучні, і я ўпэўнена, што прымяненне сабе зможа знайсці кожны — было б жаданне”.
Вікторыя Меннанава, сакратар ЦК БРСМ, каардынатар валанцёрскага руху “Добрае сэрца”, зазначыла: “Валанцёры з атрада “Продвижение” падкупляюць сваёй шчырасцю. Няхай яны наведалі не так многа ветэранаў, але галоўнае — з якім пастаянствам яны гэта робяць і з якой шчырасцю да гэтага адносяцца”.
Клопат пра пажылых людзей стаў галоўнай справай і для валанцёрскага атрада “Эра міласэрнасці” пярвічнай арганізацыі БРСМ Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Рэтрапаці, якое валанцёры прыўрочылі да Дня пажылога чалавека, стала лепшым у намінацыі “Лепшае валанцёрскае мерапрыемства”. З мэтай пераўзысці адно аднаго на творчы рынг выйшлі амаль паўсотні ўдзельнікаў — пажылыя людзі і валанцёры. Іх задачай было праспяваць як мага больш песень сваёй эпохі, больш танцаў станцаваць. Безумоўна, не абышлося і без майстар-класаў. Цікава прайшоў і конкурс кіназнаўцаў: тое, што моладзь любіць і ведае савецкія фільмы, успрынялося сапернікамі неяк натуральна, затое дасканалае веданне бабулямі сучаснага кінематографа, падрабязнасцей пра творчасць маладых акцёраў было неспадзяваным. Як адзначыла Аксана Віктараўна Грабенка, выкладчыца каледжа, адказная за работу атрада, улічваючы той рэзананс, які выклікалі першыя праведзеныя флэшмобы, гэта стане традыцыйным для горада.

Па рэлаксацыю ў тэатр

Хоць кажуць, што адзін у полі не воін, гэтую ісціну можа аспрэчыць Наталля Зубрыцкая, дзесяцікласніца сярэдняй школы № 3 Шчучына. Атрымаўшы перамогу ў намінацыі “За асабісты ўклад”, яна прынесла другую перамогу Гродзенскай вобласці. Праўда, ваяваць дзяўчына не збіраецца, затое натхніць на добрыя справы і стаць прыкладам для ўдзельнікаў школьнага валанцёрскага атрада, якім кіруе, у яе атрымліваецца цудоўна. Каб хоць крышачку ўпрыгожыць IMG_5485(Сайт)жыццё асаблівых дзяцей са Шчучынскага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Наталля стварыла праект “Міласэрнасць”, які аб’яднаў ужо 12 нераўнадушных маладых людзей, стала рэдактарам школьнай газеты “Валанцёрскі веснік”, рэжысёрам роліка “Зрабі першы крок”, ініцыятарам сацыяльных акцый. Пра тое, што робяць і што толькі збіраюцца зрабіць валанцёры, яна расказвае і ў сваім блогу. Напрыклад, у найбліжэйшых планах — лялечны тэатр. Дапамагчы яго стварыць вызваліся не толькі сябры — удзельнікі атрада, але і іх бацькі: таты будуць адказныя за дэкарацыі, а мамы збіраюцца дапамагаць дзяўчатам, калі тыя не будуць спраўляцца, шыць лялькі і ўборы для іх.
У тым, што гэтая ідэя будзе з ахвотай прынята дзецьмі, упэўнены і калегі Наташы з валанцёрскага атрада пярвічнай арганізацыі БРСМ з правамі раённага камітэта “Мы — дзецям” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Свой тэатр “Разам у казку” яны стварылі мінулай вясной, за што яго арганізатар і кіраўнік Марыя Воінава стала “Валанцёрам года-2013” за асабісты ўклад. Другі год акцёры наведваюцца з пастаноўкамі ў сацыяльныя прытулкі, бальніцы, медыцынскія цэнтры. А цяпер атрад стаў абсалютным пераможцам у намінацыі “Валанцёрскія справы ў фотааб’ектыве”.
“Акрамя Ждановіцкага дзіцячага дома і мінскага дзіцячага дома № 5, з якімі мы пасябравалі даўно, наведваем новыя ўстановы: дзіцячы дом № 6 Мінска, анкалагічны цэнтр, Рудзенскі дом-інтэрнат, плануем у самы бліжэйшы час наведацца ў сацыяльныя ўстановы Маладзечна, — дзеліцца навінамі апошняга года Марыя. — Многія з нашых знаёмых пачалі вывучаць з дапамогай нашых студэнтаў замежныя мовы. Адгукаемся і на запыты з тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання горада і вучым англійскай, іспанскай, французскай, нямецкай мовам пажылых людзей.
Значна павялічылася колькасць нашых акцёраў, асабліва сярод першакурснікаў. Я нават не ведаю, чаму яны выбралі лінгвістычны ўніверсітэт: такія таленты, думаю, і ў тэатральны б узялі. З імі мы паставілі дзве прэм’еры — казкі “Золушка” і “Прыгажуня і пачвара”. Ёсць у іх і новыя ідэі. Напрыклад, другакурснік Дзяніс Кубліцкі — цудоўны жанглёр. Ён прапанаваў стварыць сярод нашых студэнтаў цыркавую трупу і нават ужо знайшоў напарніка-жанглёра, акрабатаў, ужо ёсць умельцы хадзіць на хадулях, таму з наступнага семестра мы будзем ездзіць да дзяцей з цыркавымі праграмамі”.
У намінацыі “Лепшая сацыяльная рэклама” пераможцам стаў валанцёрскі атрад “Фізік” пярвічкі БРСМ Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Яна была накіравана на падтрымку донараў у нашай краіне. За 14 гадоў існавання атрад сабраў 175 чалавек, якія, безумоўна, паспелі зрабіць шмат годных спраў. Але журы конкурсу ацаніла менавіта імкненне студэнтаў дапамагаць захоўваць жыцці. Чацвёртакурсніца Марына Казакова з фізічнага факультэта (педагагічны паток) — ініцыятар гэтай справы і самы актыўны донар. Яе прыклад натхніў дапамагаць пацыентам бальніц горада больш за 30 студэнтаў.
Галоўную прычыну, чаму валанцёрскі рух так актыўна падтрымлівае моладзь (а ён аб’яднаў 22 253 добраахвотнікаў), адзначыў падчас урачыстага ўзнагароджання першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі: “Валанцёрскі рух быў прыдуманы не ў сценах кабінетаў, не падчас з’ездаў — валанцёрскаму руху далі пачатак самі маладыя людзі. Справы моладзі гавораць пра тое, што яе нельга называць чэрствай, раўнадушнай, бессардэчнай”.
Словы ўдзячнасці валанцёрам сярод шматлікіх гасцей выказаў і беларускі асілак рэкардсмен Кнігі рэкордаў Гінеса Кірыл Шымко: “Тыя добрыя справы, якія вы робіце бескарысна, любоў і клопат, падораная адзінокім людзям, хворым дзецям і дзецям-сіротам, не маюць цаны. Вы — прыклад для ўсіх нас”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.