Шчыруе творчасць…Тлее зло…

Сапраўдная паэзія ніколі не вяне, не знікае яе чароўнасць і ядранасць. У кнігу Алены Басікірскай “Песня мая душэўная”, якая пабачыла свет у выдавецтве А.М.Вараксіна, увайшлі вершы, напісаныя нядаўна.

Для твораў паэтэсы ўласціва тое, што яны не замкнуты ў сваёй шкарлупіне, а наэлектрызаваны навізной і свежым успрыманнем падзей, звязаных з родным краем і мовай, каханнем, уласнымі эмоцыямі, выходзяць за рамкі чыста літаратурнага факта, становяцца падзеямі нашага сацыяльнага ладу жыцця, дзе выразна адчуваецца подых часу, у якім жыве і працуе творца: “Неўзабаве рыфма знойдзе волю, // А за ёй і слоўца пакрысе, // Бо усе чакаюць лепшай долі, // Толькі атрымоўваюць не ўсе”.

Зразумела, у вершах Алены Басікірскай прысутнічае і “раманная плынь” — каханне. Ацэнка дзеючым асобам у творах выцякае зыходзячы з духоўнага свету закаханых, з іх паводзін, учынкаў, складу мыслення. І разам з тым грунтуецца на непасрэдных жыццёвых назіраннях. Паэтэса ўмее вельмі трапна маляваць канкрэтныя карціны, якія моцна ўздзейнічаюць на чытача. Здаецца, што ты разам з былой студэнткай факультэта беларускай і рускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка пабываў у Полацку ці Мёрах, на берагах возера ці рэчкі, дзе “На возеры бялюткі, снежны лебедзь // Людзей вітае велічным крылом. // І кожны з нас усёй душою верыць: //Мёры — самы цёплы ў свеце дом”.

У зборніку “Песня мая душэўная” паэтэса Алена Басікірская бывае і ўважлівай, і тонкай, і праніклівай, і нават чароўнай. Але ніколі не бывае неабавязковай ці адхіленай ад людскіх клопатаў. Яна шчодра дзеліцца з чытачом сваім душэўным багаццем і сваім болем. І мы разам з аўтарам паэтычнага зборніка забываем пра злосць, пра гора на душы. У вершы “Нямнога на зямлі паэтаў…” яна прызнаецца: “Паэт ад Бога — як дарога, // Дзе шмат нязнаных каляін. // Вы скажаце: “Паэтаў многа!”// А я скажу: “Ёсць не адзін”. // Але зусім няшмат сапраўдных, // Якія могуць расказаць // У вершы ўсю святую праўду // І шчырым словам падтрымаць. // — Паэтаў, — скажаце, — нямнога. // А я скажу, што мала іх. // Яны пасланыя ад Бога. // Мы іх раўняем да святых. // І не дарэмна, бо паэты // Нам дораць таленту святло. // Мы шчыра ўдзячны ім за гэта. // Шчыруе творчаць…Тлее зло…”

Маляўнічыя пейзажныя штрыхі, спавядальная інтанацыя, эфектная рыфмоўка радкоў — усё падначалена Аленай Басікірскай Яго Вялікасці Вершу, а яе творчы дыяпазон і тэмперамент падпарадкаваны роздуму пра жыццё. Думаецца, той настрой паэтычных твораў, сабраных у кніжцы, сваёй чысцінёй і шчырасцю знойдзе шырокі водгук у сэрцах чытачоў.

Сад, як вядома, пладаносіць не кожны год. А вось у дбайнай, руплівай гаспадыні і паэтэсы Кацярыны Роўда з вёскі Савічы Валожынскага раёна Мінскай вобласці ён радуе ўраджаем малін, слівы, вішні, грушы ды яблыні амаль штогод. Невыпадкова і назва зборніка вершаў прадыктавана ёй самім жыццём: “Водар белага наліву”. У гарманічным суладдзі вершаваных радкоў цесна перапляліся змест і форма, пачуццё і трапнасць мастацкага слова.

Глыбокім зместам і думкай, напрыклад, у ліку іншых твораў вызначаецца верш “Мова…”: “Жытнёвая, льняная, васільковая. // Бы ягадка суніцы, сакавітая. // Ты смачная, гаючая, вясковая // І важная, але крыху забытая”. Паэтэса супраць раўнадушша да мілагучнай і чароўнай мовы, паколькі ў глыбінях яе яна адчувае і водар, і лячэбны сродак. Вобразнае ўвасабленне часу нараджае ў душы творцы пачуццё заклапочанасці, заахвочвае чытача да роздуму пра роднае слова. У паэтычным асэнсаванні сутнасці жыцця, лёсу матчынай мовы і выяўляецца яе грамадскі абавязак, “каб загучала смела, не ў паўголаса”. А дакладней кажучы, “Каб бераглі цябе і не цураліся, // І светлым шляхам стала сцежка вузкая, // Грыбным дажджом па краі рассыпаліся // Жывінкі-словы мовы беларускае…”

Адмыслова, разнастайнасцю сродкаў адлюстравання тэмы, вобразна і шырокім поглядам на свет раскрыта духоўнае пачуццё Кацярыны Роўда і ў шэрагу іншых вершаў грамадскага гучання. Вось як чула і тонка малюе яна вобраз матулі, якая чакае ў госці сваіх дзяцей у вершы “Тэлефон маўчыць…”: “Тут павырасталі // І сынок, і дочкі, // Сем’ямі сваімі // Ў гарадах жывуць. // А яна штовечар // Праглядае вочкі: // “Можа, хто прыедзе?.. // Можа, забягуць?..” // Моліцца да Бога, // Сочыць у акенца. // А ў суботу зноўку // Выпеча пірог. // Ды зашчэміць жалем // Той матулі сэрца, // Што яе наведаць // Зноў ніхто не змог”.

Чытаеш верш — і сэрца ахінае смуткам. І ты таксама бяжыш да тэлефона, набіраеш добра знаёмы нумар з надзеяй пачуць у адказ хоць некалькі слоў ад матулі. Аднак тэлефон маўчыць… Змястоўны, напоўнены метафарычным гучаннем верш абуджае і ўзрушае ў сэрцах нашчадкаў жывы душэўны водгук.

А вось як па-бытавому маляўніча і шчыра, лірычна-сузіральна піша паэтэса ў вершы “Алёшка”: “Упрошваў цэлы дзень Алёшка маму: // “Матулечка! Вазьмі з сабою ў краму! // Мне б толькі пахадзіць і падзівіцца, // Не папрашу ні цацку, ні гасцінца.” // …Дадому прыпляліся аж пад вечар, // Набыўшы вельмі шмат “патрэбных” рэчаў. // Прысмакаў розных маці накупляла, // Таго, чаго зусім не планавала”.

Энергія пачуцця, што працінае верш, грунтуецца на жыццёвых назіраннях, уцягвае чытача ў спрэчку — з аўтарам, з самім сабой, з няўмольным часам. І невыпадкова вышэйсказанае паэтэса падагульняе страфой: “А мама марыла купіць спадніцу”.

Магчыма, там, у прыгожым краі на Валожыншчыне, дзе яна разам з братам збірала “чабор, мелісу і мяту”, дзе сцяжынкі, па якіх “колісь босая гуляла”, дзе “салодкі і манлівы водар белага наліву”, і чэрпала натхненне Кацярына Роўда. Мілая сэрцу старонка зноў і зноў кліча яе да сябе: “Мне каравая і пашан не трэба. // Не ў гэтым шчасце, і не ў гэтым смак. // Хапіла б сала з лустачкаю хлеба. // Па вёсачцы б прайсціся проста так…”

Дык вось якое яно шчасце? Гэтае слова вельмі часта прыгадваецца ў вершах, у тым ліку ў творах Кацярыны Роўда. Не ведаю чаму, мне заўсёды здаваўся сумніўным выраз “чалавек народжаны для шчасця”, здавалася слушным пытанне “Хто сказаў, што чалавек прыходзіць у гэты свет для шчасця?”. І, як гэта ні дзіўна, шчасце — паняцце, якое ўключае, па-першае, стан і пачуццё поўнай, найвялікшай задаволенасці, а па-другое, поспех, удачу. Думаецца, шчасце не даецца нам звонку, яно ўнутры нас. І кожны адчувае гэта па-свойму. Для мяне, напрыклад, шчасце — калі ўсе блізкія мне сябры і знаёмыя людзі жывыя і здаровыя. А для паэтэс Алены Басікірскай і Кацярыны Роўда яно найперш у шчырасці, сіле, падтрымцы… У адчуванні роднай зямлі і бацькоўскага парога… У вяртанні ў маленства час… У прычасці крыніц… У святле і мудрасці святых ікон… Усе гэтыя адказы на пытанне “У чым шчасце?” узяты з іх цудоўных вершаў.

Валянцін БАРЫСЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *