Шчырыя віншаванні — любімаму настаўніку!

- 11:00Людзі адукацыі

Наўрад ці ў календары ёсць яшчэ такое свята, адзначаць якое ёсць нагода ва ўсіх без выключэння. Дзень настаўніка — гэта ўзнёслы і вельмі хвалюючы дзень, дзень павагі і ўдзячнасці за набытыя веды, упэўненасць і веру ў сябе, дзень яркіх букетаў і шчырых віншаванняў, дзень цёплых успамінаў. Здаецца, сама прырода ад душы дорыць свае восеньскія фарбы, шчодра ўсміхаючыся віноўнікам урачыстасці — нашым любімым настаўнікам.

З радасцю і хваляваннем чакае гэтае свята настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 1 Дзяржынска Наталля Мікалаеўна Шамко, бо гэта добрая нагода пабачыць і пачуць сваіх былых выпускнікоў, парадавацца іх поспехам і дасягненням. А выхаванцы педагога сапраўды не забываюць віншаваць сваю настаўніцу і дзяка­ваць за тое, што калісьці змагла захапіць, накіраваць і навучыць, прыходзяць сказаць цёплыя словы ў школу і дадому. Ці не гэта галоўная ўзнагарода для педагога, прызнанне яго нялёгкай і такой патрэбнай працы?

— Вучэбнае асяроддзе блізкае мне з ранняга дзяцінства. Мая мама, Галіна Мікалаеўна Жукоўская, была настаўніцай пачатковых класаў і працавала ў школе амаль чатыры дзесяцігоддзі. Ва ўзросце сямі-васьмі гадоў я любіла “весці ўрокі” — гуляць, уяўляючы сябе настаўніцай. Цікавасць і павага да мамінай прафесіі засталіся назаўсёды, — расказвае Наталля Мікалаеў­на. — Я скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымала спецыяльнасць гісторыка і выкладчыка сацыяльна-палітычных дысцыплін. Калі шчыра, то ў студэнцкія гады нават не думала, што буду працаваць у школе. А калі ў мяне з’явілася такая магчымасць, то вырашыла па­спрабаваць  і ніколькі не шкадую аб гэтым.

Сучасны ўрок гісторыі і грамадазнаўства — гэта асаблівае асяроддзе, дзе вучні не толькі атрымліваюць веды, але і фарміруюць светапогляд, таму вельмі важна дапамагчы знайсці правільныя арыенціры — навучэнцы павінны засвоіць маральныя, прававыя і эстэтычныя каштоўнасці, усвядоміць свае вучэбныя, сацыяль­ныя і грамадзянскія правы і абавязкі.

Самым галоўным у сваёй дзейнасці настаўніца лічыць навучыць школьніка думаць: даведвацца пра факты, вызначаць прычыны, аналізаваць, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, рабіць высновы. І гэта дастаткова доўгі працэс, бо некаторыя вучацца думаць усё сваё жыццё. У гісторыю трэба паглыбіцца, разабрацца ва ўсіх прычынах і наступствах.

“Гісторыя — гэта не толькі навука аб мінулым, а навука аб цяперашнім, аб жыцці. Каб ведаць цяперашняе і разумець працэсы, якія адбываюцца зараз ці будуць адбывацца ў будучыні, неабходна ведаць тое, што было ў мінулым”, — гаворыць педагог.

Таксама мэтай работы лічыць фарміраванне навыкаў навучэнцаў да самаразвіцця. Настаўнік стварае ўмовы, а вучань павінен вучыцца знаходзіць аптымальныя спосабы вырашэння вучэбных задач. “Яшчэ калі была студэнткай, я прачытала словы Льва Талстога “Чым лягчэй настаўніку вучыць, тым складаней вучням вучыцца…”. Калі пачала працаваць — у поўнай меры ўсвядоміла сэнс гэтых слоў і стала імкнуцца да таго, каб маім вучням было лягчэй вучыцца, чым мне — ву­чыць”, — заўважае Наталля Мікалаеўна.

Маючы выдатную тэарэтычную і метадычную падрыхтоўку, настаўніца дэталёва прадумвае планы ўрокаў, робячы акцэнт на розных формах і метадах работы з выхаванцамі, шырока выкарыстоўвае дадатковую літаратуру, наглядны матэрыял, стымулюючы ў дзяцей цікавасць да свайго прадмета. У кожным класе свой мікра­клімат і асаблівасці інтэлектуальнага развіцця дзяцей, таму і работа будуецца па-рознаму.

Перадумовай паспяховага ўрока Наталля Мікалаеўна лічыць асобу настаўніка. Педагог павінен быць цікавым дзіцяці. “Упэўнена, што штучны інтэлект ніколі не заменіць настаўніка, які цікавы як чалавек, умее захапіць сваім прадметам і ўпэўнена вядзе за сабой. Гэта значыць прыцягвае і ўтрымлівае ўвагу ўласнай захопленасцю і энтузіязмам. А яшчэ можа і ўмее своечасова пажартаваць. Асабліва, на ўроках гісторыі і грамадазнаўства, дзе  абмяркоўваюцца сур’ёзныя праблемы”, — тлумачыць настаўніца.

На ўроках Наталля Мікалаеўна аддае перавагу тэхналогіям праектнага і праблемнага навучання, якія будуюцца на супрацоўніцтве і сутворчасці настаўніка і навучэнцаў, якія ў найбольшай ступені садзейнічаюць фарміраванню ключавых кампетэнцый. А таксама стварае сітуацыю поспеху, дае магчымасц­ь кожнаму вучню праявіць сябе.

На працягу 6 апошніх гадоў настаўніца рыхтуе сваіх выхаванцаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах і вельмі паспяхова. Так, у мінулым навучальным годзе дыплом І ступені па грамадазнаўстве заваявала Ірына Навіцкая, дыплома ІІ ступені па гісторыі ўдастоены Аляксей Дубатоўка.

Звычайна вучні, якія цікавяцца гісторыяй, самі звяртаюць на сябе ўвагу: яны вельмі актыўныя на ўроках, задаюць розныя пытанні, чытаюць дадатковую літаратуру, праглядваюць гістарычныя фільмы, імкнуцца чымсьці вылучыцца. Аднак ёсць і тыя, якіх заўважыла сама Наталля Мікалаеўна, прыцягнула да работы, дапамагла паверыць у свае сілы і дала пуцёўку ў алімпіядны рух.

Як адзначаюць калегі і вучні Н.М.Шамко, акрамя добрых настаўніцкіх якасцей, Наталля Мікалаеўна яшчэ і цудоўны чалавек. З ёй можна пагаварыць на любую тэму, яна заў­сёды падкажа, падтрымае ў складанай сітуа­цыі. Яна заўсёды ўсміхаецца і аптымістычна крочыць па жыцці, усяляючы жыццялюбства ў людзей, якія яе акружаюць.

Любімы занятак педагога для душы — чытанне. Яна захапляецца гістарычнай літаратурай, любіць дэтэктывы, класічныя творы. Усё больш вольнага часу настаўніца право­дзіць на малой радзіме, працуе на агародзе. І хаця, як сама прызнаецца, пакуль не можа пахваліцца нейкімі асаблівымі поспехамі ў садаводстве і агародніцтве, але работа на зямлі прыносіць каласальную радасць і задавальненне. 

А яшчэ Наталля Мікалаеўна шмат часу аддае самаадукацыі. “У кожнага чалавека, у тым ліку і дзіцяці, ёсць чаму павучыцца. Тым больш сёння маладыя людзі валодаюць асаблівымі навыкамі, а ў некаторых пытаннях нас, дарослых, і зусім апярэджваюць. Таму я не стаю на месцы, а пазнаю свет разам са сваімі вучнямі. Менавіта яны матывуюць мяне ісці наперад”, — адзначае Н.М.Шамко.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.