Шэсцьдзясят са ста

- 12:25Людзі адукацыі, Рознае

Гэтага навукоўца ведаюць настаўнікі гісторыі і вучні школ. І хай нават завочна, па падручніках гісторыі Беларусі, аўтарам якіх ён з’яўляецца. Для студэнтаў гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка ён вядомы і як выкладчык іх роднай альма-матар. 

Так, размова пойдзе пра доктара гістарычных навук, прафесара, заслужанага работніка вышэйшай школы Беларускай ССР, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Віталя Міхайлавіча Фаміна, усё жыццё якога, як студэнцкае, так і прафесійнае, звязана з вышэйшай педагагічнай навучальнай установай. Менавіта 1954 год, калі ён паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт пасля 9 гадоў службы ў арміі, стаў лёсавызначальным. З гэтай пары ўсе 60 гадоў непарыўна звязаны з універсітэтам.
Падчас гутаркі з Віталем Міхайлавічам пра яго прафесійнае жыццё мы даведаліся, як пісаліся першыя падручнікі па гісторыі Беларусі і як зацікавіць студэнтаў гісторыяй.
Быў 1993 год. Саюзныя савецкія рэспублікі ўжо выйшлі са складу агульнай дзяржавы, таму займацца сваімі ўнутранымі справамі трэба было самастойна, не толькі пытаннямі эканомікі, але і адукацыі.
“Сваёй гістарычнай канцэпцыі ў нас не было, як і падручнікаў па гісторыі Беларусі”, — узгадвае тыя часы Віталь Міхайлавіч. Першыя падручнікі, як расказаў навуковец, былі больш падобнымі на лекцыі: толькі тэкст і заданні.
Кандыдацкую і доктарскую дысертацыі Віталь Міхайлавіч прысвяціў часу пасля Вялікай Айчыннай вайны, таму і нядзіўна, што ён стаў аўтарам параграфаў пра пасляваенны перыяд у гісторыі краіны аж да нашых дзён. Сама ж канцэпцыя падручнікаў распрацоўвалася ў калектыве аўтараў.
Апошняе перавыданне падручніка для адзінаццацікласнікаў з’явілася ў сярэдзіне мінулага навучальнага года. Звязана яно ў большай ступені з тым, што курс гісторыі стаў разлічаны з 5 па 11 клас. Узгадаем, што некаторы час гісторыю вывучалі да 9 класа, а потым ішло паўтарэнне. Спецыяльна падрыхтавана і хрэстаматыя для адзінаццацікласнікаў, дзе прадстаўлены важныя дакументы пасляваеннага перыяду.
Работа над падручнікамі ішла паралельна з працай ва ўніверсітэце. Менавіта з курса “Гісторыя ўсходніх славян” студэнты Віталя Міхайлавіча даведваюцца, што адбывалася з усходнімі славянамі з 1900 па 1917 год.
“Зацікавіць гісторыяй студэнтаў можна ў першую чаргу тым, што па большасці гістарычных пытанняў і падзей не існуе адзінага погляду. Пазіцыі, падыходы розных гісторыкаў — і замежных, і нашых — уяўляюць сабой цікавасць і для студэнтаў. Дзе тут ісціна?” — гаворыць Віталь Міхайлавіч. Сваім студэнтам нагадвае, што гістарычныя падзеі абавязкова павінны разглядацца з навуковых аб’ектыўных пазіцый, без іх ідэалагізацыі і палітызацыі.
Віталь Міхайлавіч Фамін 25 гадоў працаваў загадчыкам кафедры. Спачатку гэта была кафедра гісторыі СССР, а ўжо ў пачатку 90-х яна была перайменавана ў кафедру славянскай гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі. Прафесарам гэтай кафедры ён з’яўляецца і сёння. Адначасова амаль 10 гадоў працаваў галоўным рэдактарам ведамаснага зборніка “Пытанні гісторыі” на той час Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР.
Віталь Міхайлавіч Фамін быў кіраўніком больш як 30 аспірантаў, якія абаранілі дысертацыі і атрымалі ступень кандыдата гістарычных навук. Для трох цяперашніх дактароў гістарычных навук быў навуковым кансультантам. Аспірантамі, магістрантамі і студэнтамі кіруе і сёння.
Такі ж шлях ад студэнта да доктара навук Віталь Міхайлавіч прайшоў і сам. Прафесійны шлях даўжынёй у 60 гадоў, які працягваецца зараз…

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.