Шклоўскія пачастункі

- 10:11Культура

Яркае і запамінальнае — менавіта такім было свята збору летняга ўраджаю “Дзень агурка”.

Сёлета гасцей фестывалю чакала насычаная праграма: парад страў з агурка і тэматычная тэатралізацыя, спартыўна-гульнявая пляцоўка, “Горад майстроў”, фотазоны, конкурсы, квесты, канцэрт і дыскатэка. Актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах прымалі ўстановы адукацыі раёна.

— Гэтае свята праходзіць не ўпершыню і стала ўжо сапраўдным брэндам Шклоўшчыны. Як і сам агурок. Першая згадка пра шклоўскія агуркі датуецца яшчэ XVI стагоддзем. Традыцыйна педагогі і навучэнцы раёна ўдзельнічаюць у арганізацыі фестывалю. Так, па нашай ініцыятыве асноўнай лакацыяй свята другі раз будзе тэрыторыя гарадской гімназіі. І гэта не выпадкова. Гэтая ўстанова размешчана на месцы, дзе раней стаяла ратуша і быў гандлёвы цэнтр горада, — паведаміла начальнік аддзела па адукацыі Шклоўскага райвыканкама Таццяна Лодава.

Паводле яе слоў, усяго ўдзел у фестывалі прынялі прадстаўнікі 30 устаноў адукацыі. Яны прадстаўлялі прысутным свае стылізаваныя падворкі. Педагагічныя калектывы падышлі да прэзентацыі з крэатывам.

Самы вялікі агурок таксама вырасцілі настаўнікі, а калі дакладней — прадстаўнікі Александрыйскай сярэдняй школы.

Так, у Гарадзецкім вучэбна-педагагічным комплексе ствараюць незвычайныя букеты з летняй сезоннай агародніны. А ўсе вырабы на падворку аформлены з выкарыстаннем карвінгу — мастацкай рэзкі па агародніне і садавіне. Такім хобі захапляецца намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Алена Кужалькова.

Асаблівасць падворка ясляў-сада № 8 Шклова — жывыя скульптуры. У гэтым годзе гасцей фестывалю вітаў анёл. Калектыў ясляў-сада № 12 аграгарадка Дабрэйка запрашаў на дамашні фруктовы зефір. Гастранамічна прываблівала гасцей і прэзентацыя сярэдняй школы № 4 — мясцовыя настаўнікі вырабляюць натуральную пасцілу з фруктаў і ягад. А вось педагогі гарадскога ясляў-сада № 2 прапанавалі прысутным травяны фітачай па ўласнай рэцэптуры. Шмат станоўчых уражанняў пакідала таксама выстава творчых вырабаў ад выхаванцаў сада. 

— Нашы малышы не толькі шчыравалі творча. Яны прымалі актыўны ўдзел у вырошчванні агародніны. На нашым невялікім агародзе садзілі, даглядалі і збіралі летні ўраджай, — падкрэсліла загадчык дашкольнай установы Людміла Курачкіна.  

Сваёй адметнасцю вылучаўся падворак гарадской гімназіі. Як паведаміла дырэктар Таццяна Багатырова, калектыў установы штогод стараецца прыўнесці ў афармленне нешта новае: 

— У адпачынку нашы педагогі закаталі шмат саленняў. Прычым падышлі да гэтай справы вельмі крэатыўна. Акрамя звычайных нарыхтовак, у банках — агурок у пялёначцы, агурочныя ролы і шмат чаго іншага. Настаўнікі прыдумалі таксама шмат уласных страў з агурка. А навучэнцы дапоўнілі экспазіцыю творчымі вырабамі з агародніны.

У свята ўключылі блок мерапрыемстваў да новага навучальнага года. Асаблівы акцэнт быў зроблены на дэманстрацыі дзіцячага адзення дзелавога стылю.

Немагчыма было абмінуць і падворак цэнтра дзіцячай творчасці “Прамень”. Тут здзіўлялі не толькі разнастайнасцю кулінарных страў і саленняў. Педагогі арганізавалі выставу традыцыйных беларускіх ручнікоў, продаж уласнаручна зробленых брэн­дзіраваных сувеніраў, а навучэнцы ўстановы частавалі гасцей агурочным фрэшам.      

Напрыканцы фестывалю прайшло ўзнагароджанне калектываў. І тут не абышлося без прадстаўніцтва навучальных устаноў. У лік лідараў намінацыі на лепшы агурочны падворак увайшла Забродская сярэдняя школа. Гарадзецкі вучэбна-педагагічны комплекс адзначылі за тэматычны агурочны букет. Сярод удзельнікаў, якія згатавалі самую смачную агурочную закуску і нарыхтоўкі, адзначылі гімназію Шклова і яслі-сад № 2 горада. Узнагароду за самую адметную фотазону атрымаў калектыў ясляў-сада № 8 рай­цэнтра. 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.