Шкляная казка

Вось і павеяла Новым годам! Снежань засыпаў усё навокал снегам (нарэшце, каляндарная зіма супала з відам з акна!), замільгацела ўсюды святочная ілюмінацыя, у вітрынах магазінаў ужо красуюцца з поўнымі мяхамі белабародыя дзядулі. Але, мабыць, па-сапраўднаму адчуем мы набліжэнне свята, толькі калі запахне ў нашых дамах хвояй і мандарынамі, а мы адкрыем знятыя з антрэсолей каробкі з ёлачнымі цацкамі. Я ж прапаную вам удыхнуць навагодні водар ужо сёння, зазірнуўшы туды, дзе і нараджаецца навагодняя казка. Мы завіталі на адзіную ў Беларусі фабрыку ёлачных цацак “ГРАЙ” да аднаго з лепшых яе майстроў — Паліны Прахарчук.

Перспектыўная экскурсія

Нягледзячы на свой яшчэ юны ўзрост і тое, што працуе на фабрыцы ўсяго толькі другі год, яна ўжо ўзначальвае аддзел мастацкага шкла.

— З самага дзяцінства я любіла маляваць, ствараць, выразаць, таму не прамінула школу мастацтваў, а калі прыйшло ўсведамленне, што хачу звязаць прафесійнае жыццё з творчасцю, то выбрала Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, дзе атрымала спецыяльнасць “Графічны дызайнер тары і ўпакоўкі”. Гэтыя веды і ўменні патрэбны мне цяпер штодзень, бо я ўласна закрываю цыкл — прыдумваю і сам выраб, і ўпакоўку да яго, — расказвае Паліна. — На 3 курсе каледжа мяне “завербавалі” да сябе ў Акадэмію мастацтваў выкладчыкі кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе я і атрымала спецыяльнасць “Мастак вырабаў са шкла”.

Паліну не пужала перспектыва. Дзяўчына ўпэўнена: пры жаданні прымяненне сабе заўсёды знойдзеш.

— Калі на 1 курсе ты трапляеш на завод, бачыш, як працуюць шкловыдзімальшчыкі, то шакіруе прыгажосць самога працэсу выдзімання шкла. Але калі сціхаюць эмоцыі, бачыш тыя ўмовы, у якіх працуюць людзі (а шкляная прамысловасць вельмі брудная — вакол пыл, абразівы, велізарныя шайбы, горны), і цяжка ўявіць сябе на іх месцы. Але я ведала, што ў крайнім выпадку я адкрыю ўласную студыю. Балазе, у Беларусі вітражысты заўсёды маюць работу. Шкляры, якія займаюцца смальтай, мазаікай (чым я да фабрыкі займалася ), — таксама. Больш хвалявалася мая мама. Яна лічыла, што работа са шклом — зусім не дзявочая прафесія. Аднак ва ўсім свеце — і ў Еўропе, і ў ЗША, і ў Аўстраліі — са шк лом жанчыны і мужчыны працуюць нароўні. Толькі на постсавецкай прасторы мужчыны — манапалісты. Яны не падпускаюць да шкла жанчын. Калі я першы раз паспрабавала выдзьмуць, яны ўвогуле заляпілі мне трубку халодным шклом.

Усё вырашыла экскурсія на фабрыку “ГРАЙ”, дзе была вакансія мастака і куды Паліну адправіла “ў разведку” выкладчыца Вольга Сазыкіна. Толькі тут дзяўчына зразумела, што хоча застацца дома, у Мінску, і развіваць шкло не толькі прамысловае, але і студыйнае.

Лаві тэндэнцыі

— Калі я ўпершыню прыйшла на фабрыку, мяне ўразіла колькасць матэрыялу. Яго тут было мора, прычым самага рознага. Мяне, прывучаную за гады вучобы, што шкло — дэфіцыт, гэта не магло не падкупіць. Галоўнае, што мяне хвалявала, гэта як перастроіцца? Раней тое, што мне, скажам, прыснілася, я магла пайсці і зрабіць, а тут я павінна падумаць яшчэ, ці захочуць людзі ўпрыгожыць гэтым маім тварэннем сваю ёлку. Я баялася, што маё мастацтва людзі не зразумеюць. Калі ты робіш сваю выставу, то гэта ўсплеск тваёй творчасці. Ты можаш прыслухоўвацца да гледача, крытыка, або не. А на фабрыцы ты абавязаны прыслухоўвацца да меркавання крытыка. Акрамя таго, трэба пастаянна маніторыць, што ствараюць твае канкурэнты — буйнейшыя фабрыкі свету, каб не скапіраваць іх работы, а толькі раўняцца на іх узровень. У мастацтве тэндэнцый няма — усё знойдзе свой водгук. А тут трэба ўлаўліваць тэндэнцыі. Каб адсочваць іх, трэба размаўляць і з людзьмі. Для гэтага я часта прыходжу ў наш музей ёлачных цацак, які напярэдадні кожнага Новага года адкрываецца для наведвальнікаў. Не менш важна чуць ад людзей прыемныя водгукі. Толькі так разумееш, што цэлы год ты працаваў не дарма.

Галоўная Палініна задача — распрацаваць эталон — узор, па якім будуць ствараць цацкі майстры фабрыкі. Гэта можа быць шар, формавая цацка, плоская цацка, падвеска. Потым мастакі фабрыкі збіраюцца на нараду (кожны майстар курыруе свой кірунак) і выбіраюць тыя цацкі, якія пойдуць у масавую вытворчасць. Усё. Далей з гэтай цацкай Паліна не працуе. Яе вытворчасць — задача майстроў. Канечне, дзяўчына адсочвае поўны цыкл вытворчасці, глядзіць, ці правільна рэжацца выраб, як ён склейваецца. У печ вырабы загружае толькі Паліна. Калі на цаццы ёсць роспіс і яго прыдумвала таксама яна, то працуе адначасова і з майстрам па нарэзцы, і з майстрам па роспісе.

На жаль, шкло на фабрыцы пакуль не выдзімаюць. Гладзье (голыя шкляныя формы) заказваюць у асноўным ва Украіне і ўжо на іх аснове ствараюць цацкі. Пад розныя калекцыі заказваюць адразу неабходныя колеры, формы, памеры. Праўда, не заўсёды пастаўшчыкі могуць зрабіць тое, пра што тут мараць, таму на фабрыцы і лунаюць мары наладзіць вытворчасць цацак з нуля.

— Гэта дало б работу тым, хто атрымаў такую вельмі складаную адукацыю (а гэта не толькі канспекты і лекцыі, а бесперапынная практыка на заводах), каб не шукаць яе за мяжой. Так, у Еўропе шкловыдзімальшчыкі — вельмі высокааплатная прафесія. Напрыклад, выраб майстра, які працуе ў тэхніцы маліраванне, можа каштаваць каля тысячы еўра, а сярэдняя па цане цацка — 100—200 еўра, — гаворыць Паліна.

Пакуль жа ў пошуку арыгінальнасці дзяўчына ўдасканальвае сваю тэхніку ф’юзінг і плоскія цацкі з каляровых пласцінак шкла. Для гэтага яна прыдумвае цацку, робіць яе эскіз, прадумвае, як яе структураваць, робіць раскладку шкла і сам выраб, падбірае колеры, афармленне і запякае ў печы пры высокай тэмпературы. Цяпер у распрацоўцы балярына і пуанты.

Разважаючы пра моду на ёлачнае ўбранне, Паліна гаворыць:

— Ёлка майго дзяцінства была абвешана аднатыпнымі савецкімі цацкамі, агеньчыкамі, мноствам мішуры і цукерак. Цяпер, канечне, ёлачнае ўбранне змянілася. Адны людзі актыўна развіваюць у нас еўрапейскую гісторыю, а старэйшае пакаленне гэтага не разумее, таму ў іх з году ў год — савецкая ёлка. Але ў цэлым людзі больш сталі звяртаць увагу на крафтавыя рэчы, на ручную работу, што надае ёлкам больш эстэтыкі. Гэта не толькі шкло, але і дрэва, і тканіна, і лямец, і палачкі карыцы, і апельсінавыя скуркі. Усе цяпер імкнуцца не проста ўпрыгожыць ёлку, а стварыць, па сутнасці, твор мастацтва: вытрымаць каларыт, падабраць цацкі. Усе гэтым сёння вельмі захоплены.

У нас жа, на жаль, надоўга затрымалася манера ўпрыгожваць ёлку шарамі двух колераў. Найчасцей, чырвоным з белым ці з золатам, сінім з серабром. І часам да нас прыходзяць людзі і просяць парады — як разбавіць іх манахромныя ёлкі. І мы ўжо спрабуем разнастаіць. Скажам, дадаём да чырвона-белых шарыкаў палярных мядзведзікаў ці іншых звяркоў, анёлкаў, казачных персанажаў, вяночкі ці рукавічкі. Так паціху мы падыходзім да таго, што некалі ў кожнага з нас дома будзе не проста абрад штогадовага навешвання мінулагодніх шарыкаў, а сапраўдная феерыя, навагодняя магія.

Праўда, сама Паліна ёлку дома не ўпрыгожвае. Па-першае, пакуль што ў яе няма дзяцей, а толькі каты-гарэзы, па-другое, кажа, калі ты цэлы год штодзень упрыгожваеш ёлку, ствараючы цацкі, то 31 снежня ўжо свята не адчуваецца.

Ганарыся Рэчамі АЙчыны

Менавіта гэтыя словы схаваны ў назве фабрыкі, і менавіта гэты пасыл людзям укладвае штодзень у кожную сваю работу Паліна. Па меркаванні Паліны (ды і ўсіх супрацоўнікаў фабрыкі), нам, беларусам, не трэба гнацца за сусветнай цацачнай модай, а трэба ствараць яе.

— У Еўропе ёлка сёння стала фонам для дэманстрацыі калекцый цацак. Найчасцей гэта персанажы навагодніх і калядных казак “Снежная каралева”, “Шчаўкунчык” і інш. У Расіі казкі таксама карыстаюцца неверагоднай папулярнасцю, але цацкамі становяцца персанажы рускіх народных казак. Больш заможныя людзі ў розных краінах свету аддаюць перавагу крышталю — гэта і багемскае, і нямецкае шкло, таму іх ёлкі занадта пампезныя. Мы ж стараемся браць душой, каб быў не проста шарык, а была нейкая гісторыя, не проста звярок, а каб ён падабаўся дзецям. Акрамя таго, стараемся паціху прывіць людзям любоў да цацак у народных традыцыях — з прымяненнем ільну, лямцу, саломкі. І мы хочам далей гэта развіваць.

У нас кожны год выходзіць калекцыя цацак з нацыянальным каларытам. Асабліва цікава выглядаюць цацкі з арнаментам, дзе ў сімвалах хаваюцца пажаданні шчасця, дабрабыту, кахання. І прыемна, што такія рэчы сталі папулярныя ў людзей. Цяпер мне вельмі хочацца зрабіць калекцыю з выкарыстаннем іншых матэрыялаў — напрыклад, саломкі.

У гэтыя дні яшчэ працягваецца наш конкурс “Ганарыся Рэчамі АЙчыны”. Любы чалавек можа даслаць нам сваю ідэю навагодняй цацкі. З пераможцам, аўтарам самай прыгожай цацкі, мы заключым кантракт на вытворчасць яго цацкі на нашай фабрыцы. Пакуль галоўныя прэтэндэнты — навучэнцы гімназіі № 59 Мінска. Яны зрабілі цудоўную калекцыю шароў з саломы.

Вучыцца ў шкла

У сярэднім Паліна прыдумвае каля паўсотні ёлачных цацак за год. Але, акрамя іх, яна стварае і сувенірную прадукцыю: магніты, посуд. Вялікім попытам карыстаюцца яе карціны ў тэхніцы ф’юзінг, асабліва копіі знакамітых карцін ці ўвасабленне беларускіх пейзажаў. Але самае каштоўнае для майстра — сам творчы працэс:

— Мне ў маёй рабоце найбольш падабаецца тое, што я спрабую пераасэнсоўваць мастацкае шкло ў межах вытворчасці. Для мяне гэта кожны дзень — глеба для разважанняў. Ёлачная цацка — гэта баланс паміж кітчам і мастацтвам. Я заўсёды балансую, быццам на лязе нажа, бо хочацца зрабіць цацку прыгожую, але каб яна не была засыпана стразамі і люстрам. Пастаянна думаць — вось што мяне падкупляе.

Падабаецца мне і сама работа з любімым матэрыялам. Я люблю яго за непрадказальнасць, за пастаяннае падпарадкоўванне сабе. Бо як бы дасканала ты не навучыўся шкло рэзаць, пячы, гравіраваць, пескаструіць і інш., але калі ты яго кладзеш у печ, закрываеце накрыўку, сыходзіш на ноч дадому і не ведаеш, што адкрыеш раніцай. Шкло ў любы момант можа павесці сябе зусім непрадказальна і зрабіць не тое, чаго ад яго чакаюць. За гэта я шкло і люблю. За магчымасць у яго вучыцца.

–––––––––––––––

Пакуль вы, паважаныя чытачы, толькі збіраецеся ў магазін, каб набыць некалькі новых цацак для вашай ёлкі, перадаю пажаданне Паліны Прахарчук: “Звярніце ўвагу не толькі на ўтылітарную цацку, але і на цацку самаробную, з душой. І не абавязкова на цацкі нашай вытворчасці — падтрымайце звычайных майстроў, якія спрабуюць ствараць цацку з нацыянальным каларытам у драўніне, у тканіне, у лямцы і іншых матэрыялах”.

Ад сябе ж дадаю з практыкі: немагчыма параўнаць адчуванні, калі ўглядаешся ў тварык фігуркі ручной работы, выбіраючы самы шчыры яе позірк, самыя добрыя вочкі (а ў цацак ручной работы заўсёды будуць розныя выразы твараў), а не набіраеш з кучы кітайскіх цацак у кошыку на касе.

І прыгожай вам навагодняй казкі!

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.