Школа алімпіяднага руху фарміруе ўнікальную алімпіядную суполку — Аляксандр Кадлубай

- 12:21Актуально, Новости

Вочная змена круглагадовай школы алімпіяднага руху па астраноміі, біялогіі, геаграфіі, інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы, хіміі адкрылася ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава, дырэктар Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка Сяргей Сачко, прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Віктар Кочын.

Круглагадовая школа алімпіяднага руху была арганізавана ўпершыню ў нашай краіне па ініцыятыве Міністэрства адукацыі пры падтрымцы Акадэміі адукацыі і БДУ.

З 30 верасня па снежань 2024 года адбыліся тры дыстанцыйныя вучэбныя змены, у якіх прынялі ўдзел каля 8 тыс. чалавек. Адбор у вочныя змены прайшлі 35 навучэнцаў 7—11-х класаў, якія набралі найбольшую колькасць балаў. Праверку правільнасці выканання заданняў праводзілі выкладчыкі БДУ. На Нацыянальным адукацыйным партале ў тэматычным раздзеле «Школа алімпіяднага руху» размешчаны відэаразборы рашэнняў.

— Сярод вучняў школы алімпіяднага руху ёсць і тыя, хто адначасова ўдзельнічае ў рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, якія традыцыйна праходзяць у нашай краіне, — адзначае А. Кадлубай. — Школа і задумвалася для таго, каб выявіць найбольш таленавітых і здольных вучняў, каб у іх была дадатковая магчымасць для падрыхтоўкі да трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды, а таксама да ўдзелу ў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. Важна і тое, каб фарміравалася ўнікальная алімпіядная суполка, каб вучні падтрымлівалі зносіны і пасля таго, як завершацца змены.

Галоўная задача арганізацыі гэтай круглагадовай школы ў тым, каб кожнае дзіця атрымала магчымасць прыняць у ёй удзел.

— Дзяржаўная маладзёжная палітыка заўсёды была і будзе сярод прыярытэтаў у Беларусі, — падкрэсліла І. Старавойтава. — Мы стараемся рабіць усё, каб адораныя дзеці мелі ўмовы для развіцця, каб іх інтэлектуальны патэнцыял раскрываўся намаганнямі лепшых педагогаў.

Вочная змена працягнецца да 14 лютага. Вучняў чакае насычаная і цікавая праграма. Перш за ўсё гэта заняткі з выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Акрамя таго, юныя інтэлектуалы наведаюць Інстытут біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядучыя прадпрыемствы, такія як ААТ «Н Холдынг» і ААТ «Інтэграл», памятныя месцы краіны, музеі і тэатры. Таксама іх чакаюць сустрэчы са студэнцкім актывам БДУ, удзел у адкрытым дыялогу, які пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Запланавана і сустрэча з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом. Вучні прадэманструюць творчыя здольнасці падчас конкурсаў і гульняў, у напісанні эсэ, пры распрацоўцы праектаў. У праграме намечаны спартыўныя мерапрыемствы і дыскатэка.

Сярод удзельнікаў вочнай змены, якіх пасвяцілі ў джуніёры тэхнапарка, быў Мацвей Мелеш, 11-класнік сярэдняй школы № 5 Брэста. З 8-га класа юнак паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядах па хіміі. У 11-м Мацвей атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласным узроўні. Яго настаўніца Ірына Асадчук прапанавала юнаку прыняць удзел і ў круглагадовай школе, каб ён у чарговы раз праверыў свае сілы, атрымаў дадатковую падрыхтоўку. Школьнік, дарэчы, тройчы праходзіў навучанне ў тэхнапарку па кірунку «Зялёная хімія», што таксама дапамагло пры падрыхтоўцы да практычных заданняў алімпіяд. Даследчы праект юнака прысвечаны распрацоўцы зялёных угнаенняў, заснаваных на комплексных злучэннях медзі з нуклеінавымі кіслотамі, які ён рыхтаваў сумесна з выкладчыкамі хімфака БДУ. Між іншым, Мацвей Мелеш плануе туды і паступаць.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара