Школа — апора дзяржавы

- 12:06Людзі адукацыі

Даведацца пра гісторыю аднаго з архітэктурных доўгажыхароў Мінска — Дома ўрада, прайсціся па яго калідорах і залах, пасядзець у Авальнай зале і ўявіць, як праходзяць сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, даведацца з першых вуснаў, чым займаюцца дэпутаты, падзяліцца з імі сваімі поспехамі і праблемамі — такі асаблівы падарунак у канцы навучальнага года педагогам Ашмяншчыны падрыхтавала Наталля Генадзьеўна Кучынская. Сёння Наталля Генадзьеўна з’яўляецца намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, а раней узначальвала аддзел адукацыі Ашмянскага райвыканкама, працавала настаўніцай, намеснікам дырэктара.

— Школа рэзерву была маёй любімай тэмай, калі я выконвала абавязкі начальніка аддзела адукацыі. Таму на выніковае пасяджэнне школы рэзерву я запрасіла маладых калег у парламент, каб паказаць будучым кіраўнікам неабходнасць самаразвіцця і фарміравання дзяржаўнага мыслення, пашырэння поглядаў на праблемы адукацыі. Таму і музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці мы наведалі, — паведаміла Н.Г.Кучынская.
У дэпутатаў ёсць такое жартаўлівае выслоўе для сваіх ганаровых гасцей-наведвальнікаў: той, хто пасядзіць у крэслах Авальнай залы, абавязкова вернецца ў Дом урада на дэпутацкую службу. Для 10 педагогаў з Ашмянскага раёна гэта можа быць рэальным. Яны не толькі маладыя і паспяховыя як настаўнікі, але яшчэ і надзелены выдатнымі лідарскімі якасцямі, менавіта таму праходзяць навучанне ў раённай школе рэзерву кіруючых кадраў.
Сустрэча педагогаў з дэпутатамі доўжылася каля дзвюх гадзін. Гэта была размова людзей, занепакоеных як сучасным станам сістэмы адукацыі ў прыватнасці, так і пытаннямі стварэння моцнай квітнеючай дзяржавы ў цэлым. Таму што ад якасці адукацыі напрамую залежыць будучыня нашай краіны.
Як высветлілася, з пяці дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў размове з педагогамі, чацвёра, да таго як стаць народнымі выбраннікамі, працавалі ў сістэме адукацыі. Так, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве Інеса Анатольеўна Кляшчук выкладала сельскім школьнікам Слуцкага раёна матэматыку і інфарматыку. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Аляксандравіч Шчэпаў меў самае непасрэднае дачыненне да падрыхтоўкі будучых настаўнікаў і іншых спецыялістаў для Гомельскай вобласці — працаваў дэканам эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па бюджэце і фінансах Валерый Анатольевіч Барадзеня ўзначальваў факультэт маркетынгу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Вольга Сяргееўна Палітыка, хоць і не працавала са школьнікамі і студэнтамі, але была начальнікам аддзела працы, заработнай платы і ўдасканалення арганізацыі вытворчасці філіяла закрытага акцыянернага таварыства “АТЛАНТ” — Баранавіцкага станкабудаўнічага завода і шмат ведае пра станаўленне маладых спецыялістаў на прадпрыемстве.

Пачынаць трэба з сябе

Валерый Анатольевіч Барадзеня ў пачатку сустрэчы заклікаў усіх паразважаць пра стаўленне кожнага чалавека да дзяржавы, пра тое, што кожнаму з нас у першую чаргу трэба памяняць у сабе, каб не бурчаць на краіну, не падлічваць, што яна нам павінна, а ўзяць адказнасць за сваё асабістае шчасце, дабрабыт сваёй сям’і і росквіт краіны на сябе. Школа менавіта той інстытут, на які дзяржава абапіраецца ў першую чаргу, таму настаўнікаў трэба падтрымаць, абараніць ад несправядлівых абвінавачанняў з боку бацькоў і грамадскасці.
— Гэта наша краіна, і гэта мы, народ, а не чыноўнікі, ствараем яе сваімі думкамі, учынкамі, справамі, — адзначыў дэпутат. — Вось усе абураюцца: аплата паслуг ЖКГ расце. Але ж за мабільныя тэлефоны мы плацім больш. І абанентаў карыстальнікаў сотавай сувязі больш, чым карыстальнікаў ЖКГ, таму што ў некаторых людзей па 2 тэлефоны. І ніхто не абураецца, што ўладальнікі прадпрыемстваў сотавай сувязі за іх кошт багацеюць. Не бывае добрых або дрэнных рашэнняў. Любое рашэнне, з аднаго боку, нешта паляпшае, а з другога — пагаршае. У адукацыі, напрыклад, зараз Балонскі працэс нарабіў шмат шуму (14 мая наша краіна афіцыйна прынята ў Балонскі працэс). У мяне, напрыклад, стаўленне да гэтай падзеі неадназначнае. Па прапанове Міністэрства адукацыі я 5 гадоў назад вывучаў пытанне Балонскага працэсу і высветліў, што ў Еўропе вельмі шмат людзей, не задаволеных гэтым працэсам, яны лічаць, што ён растрачвае сістэму адукацыі, ламае яе нацыянальныя асаблівасці. Некалькі дзён назад у эканамічным універсітэце балгары ў размове аб Балонскім працэсе адзначылі, што вялізны мінус у тым, што яны далучыліся да Еўрапейскай адукацыйнай прасторы — гэта прывяло да глабальнага адтоку студэнтаў, якія пасля стажыроўкі не імкнуцца вярнуцца на Радзіму, а застаюцца ў Еўропе. На сёння гэта 20—30 працэнтаў, і гэта лічба для іх катастрафічная. У прыбалтыйскіх краінах гэтыя лічбы яшчэ большыя. Мы будзем донарамі моладзі для развітых краін. Ужо сёння 20 тысяч беларусаў вучацца ў Расіі, яшчэ частка — у Польшчы і іншых краінах.

У раённую школу рэзерву кіруючых кадраў Ашмянскага аддзела адукацыі, спорту і турызму ўваходзяць 57 педагогаў. З іх 86% — жанчыны і толькі 14 % мужчын. Цікава, што ў рэзерв трапляюць не толькі педагогі, якія маюць вопыт работы, але і пачынаючыя. Так, 30% педагогаў, якія ўвайшлі ў школу рэзерву, — людзі да 30 гадоў. Узначальвае раённую школу рэзерву кіруючых кадраў галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама Тамара Уладзіміраўна Сахарчук. У год яна арганізоўвае і праводзіць да 7 заняткаў са слухачамі школы, усе яны маюць практыка-арыентаваны характар.

Наталля Генадзьеўна падтрымала калегу ў тым, што пачынаць пераўтварэнні і паляпшэнні трэба з сябе.
— Калі я спытала педагогаў, як жа павышаць статус настаўніка, пачула кароткі адказ: проста працаваць. Працаваць сумленна — так, каб імя гучала і твой асабісты статус быў на высокім узроўні. Настаўнік — чалавек, праца якога будуе фундамент грамадскай духоўнасці, культуры і дзяржаўнасці. Педагог — прафесія, якая патрабуе ад чалавека асабістага росту, прафесійнага самаўдасканалення, высокай культуры, шырокага кругагляду, сумленнасці і адказнасці, дзяржаўнага мыслення.
У выхадныя дні я была на экскурсіі ў Санкт-Пецярбургу, які здзівіў мяне некалькімі рэчамі. У цэнтры горада мы ўбачылі парк культуры і чытання. Гэта не проста прыгожая кнігарня, а кругласутачны доступ да добрай літаратуры, месца для адпачынку і зносін. І другое — я не чула ў грамадскіх месцах, транспарце нецэнзурнай лексікі. Пачынаць трэба з сябе, з культуры сваёй сям’і, таму што культурны чалавек не можа быць не прафесіяналам, ён сабе гэта не дазволіць, — заўважыла Н.Г.Кучынская.

Годныя прыклады для пераймання

Апошнім часам у школу прыходзяць слаба падрыхтаваныя і не матываваныя на педагагічную работу маладыя людзі. Таму кадравае пытанне з’яўляецца самым галоўным для сістэмы адукацыі.
Уладзіслаў Аляксандравіч Шчэпаў расказаў, што ў свой час ён удзельнічаў у рабоце камісіі па прафесійна-псіхалагічным субяседаванні.
— Мы сталі моцна перажываць за тое, што адбываецца ў школе, — адзначыў У.А.Шчэпаў. — У нашай УВА рыхтаваліся кадры для школ Гомельшчыны, і доўгія гады прахадныя балы на педспецыяльнасці апускаліся ўсё ніжэй. Асабліва палохаюць такія прадметы, як матэматыка і фізіка.
У ашмянскіх школах ні адна іншая прафесія так актыўна не рэкламуецца сярод моладзі, як педагагічная, запэўніла дэлегацыя педагогаў з гэтага рэгіёна. Напрыклад, у сярэдняй школе № 2 Ашмян для дзевяцікласнікаў адкрыты факультатыў “Прафесія настаўнік”. Калі школьнікам абвясцілі, што будзе такі факультатыў, і папрасілі запісацца жадаючых, то ў іх было адно пытанне: хто будзе весці заняткі? Калі вучні даведаліся, што гэта будзе рабіць Ірына Міхайлаўна Здзярская, запісаўся ўвесь клас. Ірына Міхайлаўна выкладае рускую мову і літаратуру і выконвае абавязкі намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.
— У забеспячэнні кадрамі вельмі дапамагае мэтавая падрыхтоўка, — расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ашмянскага райвыканкама Тамара Уладзіміраўна Сахарчук. — Кожны год 20—35 маладых людзей накіроўваюцца ў педагагічныя УВА. Яшчэ калі Наталля Генадзьеўна Кучынская была начальнікам аддзела адукацыі, яна ўвяла ў практыку субяседаванні з вучнямі, якія збіраюцца паступаць на педагагічныя спецыяльнасці. Праз такую гутарку ажыццяўлялася і матывацыя: вучыся старанна — цябе чакае родны раён, ведай, што настаўні — гэта гучыць горда! Пасля атрымання дыплома ім лёгка адаптавацца на працоўных месцах у школах, таму што яны ведаюць людзей, асаблівасці, традыцыі і гісторыю раёна. Прапаганда педагагічнай прафесіі ў нас ажыццяўляецца на вельмі высокім узроўні. У раёне створана віртуальная Кніга гонару, куды заносяцца прозвішчы педагогаў, якія творча вынікова працуюць. Нашы настаўнікі актыўна дзеляцца сваім вопытам, напрацоўкамі на старонках розных СМІ.

Алена Іванаўна Апанель, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Ашмян:
— Гэтая сустрэча дазволіла мне паглядзець на дэпутатаў з іншага боку. Прыемна было адзначыць, што яны адкрытыя да дыялогу людзі, не абыякавыя да праблем адукацыі. Ведаю, што да іх можна заўсёды звярнуцца з пытаннямі. Некаторыя праблемы мы агучылі Наталлі Генадзьеўне Кучынскай, і я ўпэўнена, што яна ўздыме іх на тым узроўні, які простаму настаўніку недаступны.
Як настаўніку гісторыі, мне было цікава паглядзець Дом урада знутры, будзе што расказаць школьнікам на ўроку.

Інеса Анатольеўна Кляшчук прызналася, што выбрала педагагічную прафесію, таму што ў школе матэматыку ў яе выкладаў выдатны настаўнік. Пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка яна не стала шукаць магчымасці застацца ў сталіцы, а паехала ў свой родны Слуцкі раён, у сельскую школу, і ад зносін з дзецьмі атрымлівала вялікае задавальненне.
— Вучні часта выбіраюць прафесію зыходзячы з таго, як яны здадуць тэсціраванне — пра гэта трэба задумацца, — заўважыла Інеса Анатольеўна. — Значыць, ёсць праблемы з прафарыентацыяй. Аднойчы я была ў расійскім горадзе Серпухаве, дзе нас пазнаёмілі з работай прафесійных цэнтраў па прафарыентацыі. Спецыялісты гэтага цэнтра працуюць пры школах з кожным вучнем пачынаючы з 8 класа. На кожнага школьніка складаецца яго асабісты дзённік, куды заносяцца даныя па вывучэнні яго здольнасцей. З вучнем працуюць да таго часу, пакуль ён не паступіць у прафесійную навучальную ўстанову. Якая можа быць прадукцыйнасць працы, калі абраная прафесія не па душы і не па здольнасцях?
— Я курырую тры сельскія раёны і, назіраючы за работай устаноў адукацыі ў іх, магу адзначыць, што дзяржава стварыла добрыя ўмовы для сельскіх школ, — сказаў Уладзіслаў Аляксандравіч Шчэпаў. — Сярэдні ўзровень заработнай платы сельскіх настаўнікаў вышэйшы, чым па раёне. У рэгіёнах каласальны патэнцыял. У чацвер я быў на раённым свяце, дзе ўзнагароджваліся юныя таленты па розных напрамках — інтэлектуальным, спартыўным, творчым. І за ўсімі гэтымі заслугамі стаяць канкрэтныя педагогі.
У кадравым пытанні дэпутаты і настаўнікі сышліся ў тым, што калі ва ўстанове ёсць годныя прыклады для пераймання, то моладзь будзе выбіраць педагагічныя спецыяльнасці.

Эканоміка і адукацыя ўзаемазвязаны

Як адзначыла ў сваім слове Вольга Сяргееўна Палітыка, цяжка сказаць, што з’яўляецца першасным, — адукацыя або развіццё эканомікі. Зразумела, што ўсё ўзаема-звязана. Па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу, Беларусь уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем, і адзін з яго паказчыкаў — узровень адукаванасці.
— Зараз шмат спрачаюцца пра нашу ўсеагульную вышэйшую адукацыю, але, як сказаў міністр адукацыі, тая ж Фінляндыя ставіць на мэце на ўсеагульную вышэйшую адукацыю, — паведаміла В.С.Палітыка. — На маю думку, на прадпрыемствах павінны працаваць людзі з вышэйшай практыка-арыентаванай адукацыяй. Просты прыклад: 6 гадоў назад наша прадпрыемства набыло французскі пяцікаардынатны цэнтр па металаапрацоўцы. У Францыі на такім абсталяванні працаваў адзін чалавек, які сумяшчаў функцыі рабочага, праграміста, канструктара і тэхнолага. Яму давалі заданні, а ён усё ўсталёўваў і апрацоўваў. Такім чынам, для нас вышэйшая практыка-арыентаваная адукацыя —гэта адзін з рэзерваў павышэння прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці.
За апошнія 20 гадоў СМІ і фільмы сфарміравалі ў моладзі жаданне атрымаць усё і адразу. Вельмі многія прафесіі патрабуюць карпатлівага нарошчвання прафесіяналізму. Каб, напрыклад, атрымаць добрага станочніка, які зможа працаваць на сучасным абсталяванні, чытаць чарцяжы, неабходна мінімум 5 гадоў. Студэнтаў трэба вучыць на самым сучасным абсталяванні.

Іх павінны ведаць у твар

Падсумаваўшы амаль двухгадзінную сустрэчу дэпутатаў з педагогамі, Наталля Генадзьеўна Кучынская адзначыла, што адукацыя — тэма, якая хвалюе ўсіх. Нашы грамадзяне не заўсёды чуюць пра лепшых педагогаў краіны, вобласці, свайго раёна.Таму мэтазгодна выйсці з прапановай да Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі аб папулярызацыі вопыту лепшых педагогаў праз СМІ і іншыя сучасныя сродкі інфармацыі. Наталля Генадзьеўна паведаміла прыемную навіну, што ў другім чытанні прыняты папраўкі ў Закон аб дзяржаўных узнагародах і ўжо ў новым навучальным годзе лепшыя настаўнікі краіны змогуць атрымаць званне “Народны настаўнік Беларусі”, што таксама павінна паўплываць на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі.
На думку Н.Г.Кучынскай, варта выступаць за павышэнне прахадных балаў на ЦТ па профільным прадмеце, каб больш здольныя маладыя людзі станавіліся студэнтамі УВА, у прыватнасці, педагагічнага кірунку.
Сучаснаму настаўніку даводзіцца выконваць неўласцівыя функцыі, што адбіваецца на якасці адукацыі. З гэтым трэба весці барацьбу. Нярэдка кіраўнікі на месцах з’яўляюцца ініцыятарамі шматлікіх заданняў для настаўнікаў, якія не адпавядаюць іх асноўным абавязкам.
Таксама педагогі і дэпутаты выказалі меркаванне, што наспела неабходнасць заканадаўча замацаваць адказнасць бацькоў за ўсё, што адбываецца з іх дзецьмі. А то ў жыцці даходзіць да таго, што за кожнае правапарушэнне нясе адказнасць дырэктар школы, настаўнік, але не бацькі.
— Падчас сёлетняга традыцыйнага звароту да народа і парламента Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што запланаваны тры рэспубліканскія нарады па такіх балявых кропках, як аграрны сектар, жыллёва-камунальная гаспадарка і адукацыя. У сістэме адукацыі працавалі тры міжведамасныя групы. Іх справаздачы будуць дэталёва разгледжаны на самым высокім узроўні, для таго каб нашай сістэме надаць сучасны імпульс і вектар развіцця, — адзначыла Н.Г.Кучынская.

Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.