Першае дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў інтэграваны клас сярэдняй школы № 8 Наваполацка прынялі ў 1994 годзе. Тады і ўзнікла ва ўстанове ідэя стварэння Школы асобасна арыентаванага навучання, якая фарміравалася з 1995 па 2005 год у рамках дзеяння абласной эксперыментальнай пляцоўкі. У перыяд з 2006 па 2010 год была апрабавана сістэмная мадэль школы, у аснове якой — усялякая падтрымка педагогамі індывідуальнага развіцця кожнага навучэнца. Сёння вопыт Наваполацкай школы выкарыстоўваецца ў іншых школах Віцебскай вобласці.
Ствараем безбар’ернае асяроддзе
У 2009 годзе ў нашай школе павялічылася колькасць навучэнцаў, якія займаюцца па праграмах спецыяльных школ, і колькасць класаў інтэграванага навучання і выхавання. Творчым калектывам педагогаў быў распрацаваны праект, рэалізацыя якога ажыццяўлялася ў рамках рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі з 2009 па 2011 год. Мэта праекта — укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага развіцця асобы дзіцяці з АПФР ва ўмовах апорнай агульнаадукацыйнай школы.
За апошнія 3 гады пры падтрымцы раённага аддзела адукацыі ў гэтым напрамку зроблена вельмі шмат. Для дзяцей-калясачнікаў з тыльнага боку школьнага будынка абсталяваны спуск з ганка, набыты і ўстаноўлены спецыяльныя камплекты школьнай мэблі, вырабленыя з улікам асаблівасцей перамяшчэння дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. На ўсіх паверхах будынка заменена падлогавае пакрыццё, закупілі нават адну самаходную прыладу для перамяшчэння дзяцей-калясачнікаў па лесвіцы на другі і трэці паверхі. Да пачатку новага навучальнага года скончылі рамонт спецыяльнага санітарнага пакоя. На сродкі апякунскага савета абсталявалі сучасны кабінет карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Штогод у Наваполацку праходзіць дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” з мэтай аказання дапамогі дзецям-інвалідам, якія навучаюцца ў гарадскім ЦКРНіР. Нашай школе таксама была аказана спонсарская дапамога: за сродкі прадпрыемстваў горада набылі 2 ноўтбукі. Цяпер у настаўнікаў-дэфектолагаў і настаўнікаў-прадметнікаў ёсць магчымасць арганізоўваць навучанне дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату з дапамогай камп’ютара па ўсіх прадметах як індывідуальна, так і падчас урокаў у класе. А спецыялісты могуць ажыццяўляць дыстанцыйнае навучанне дзяцей дома. На сродкі, выдзеленыя з абласнога бюджэту, набыты тэлевізар, удасканалена работа камп’ютарнай сеткі.
Асаблівую дапамогу нам аказваюць шэфы, у прыватнасці, прадпрыемства АТП № 6 Наваполацка. У верасні сіламі яго работнікаў усталяваны пандус на ганку цэнтральнага ўвахода ў школу. У нашых планах — устаноўка поручняў у калідорах і вучэбных кабінетах, абсталяванне пакоя па сацыяльна-бытавой арыенціроўцы.
Вучэбны матэрыял адаптуецца пад кожнага
Сёння ў школьнай бібліятэцы ёсць падручнікі амаль па ўсіх прадметах вучэбнага плана для спецыяльных школ. Пакуль складана вырашаецца пытанне забеспячэння вучэбнымі дапаможнікамі вучняў 1-х класаў. Для таго каб арганізаваць іх дзейнасць на ўроках у адпаведнасці з праграмай, мы выкарыстоўваем электронныя варыянты дапаможнікаў. У некаторых выпадках навучанне вядзецца па падручніках для агульнаадукацыйных школ.
Вялікую ролю адыгрывае метадычная падрыхтаванасць педагогаў да работы з дзецьмі з АПФР. З гэтай мэтай у школе пры метадычным кабінеце створана кансультацыйная група, праводзяцца тэматычныя семінары. Штогод арганізуецца метадычны тыдзень “Інтэграванае навучанне ў пытаннях і адказах”. Па выніках работы ў гэтым кірунку выдаецца школьны часопіс “Метадычны веснік”.
Для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у пытаннях навучання і выхавання дзяцей з АПФР больш вопытныя настаўнікі і настаўнікі-дэфектолагі праводзяць майстар-класы. На працягу многіх гадоў у школе вядзецца вывучэнне метадычных напрацовак і тэхналогіі калектыўна-творчай дзейнасці вядомага педагога І.П.Іванова. Адзін раз у два гады праходзіць тэматычны педсавет, на якім аналізуецца якасць адукацыйнага працэсу для навучэнцаў з АПФР, намячаюцца шляхі вырашэння праблем.
Ствараючы ўмовы для рэалізацыі здольнасцей кожнага вучня, педагогі школы асаблівую ўвагу ўдзяляюць вырашэнню карэкцыйных задач, сутнасць якіх — у выпраўленні ці аслабленні наяўных парушэнняў (такіх як дыслексія, дысграфія, дэвіянтныя паводзіны), якія перашкаджаюць дзецям вучыцца. Важна ўключыць іх у паспяховую дзейнасць, сфарміраваць не толькі ўменне вучыцца, але і нормы і правілы паводзін у грамадстве, азнаёміць кожнага з яго правамі і абавязкамі.
Структура і змест інтэграцыі ў сферы адукацыі вызначаюцца з улікам не толькі сённяшніх праблем у жыцці дзяцей, але і іх перспектыў у будучыні.
Пры складанні інтэграцыйнага каляндарна-тэматычнага плана педагогі нашай школы ўлічваюць наступнае:
абавязковым з’яўляецца вывучэнне агульнаадукацыйных і спецыяльных адукацыйных праграм;
план змяшчае рэкамендацыі вучэбна-метадычнага і дыдактычнага характару;
прадугледжвае пошук лагічна звязаных паміж сабой і адпаведных матэрыялу падручніка тэм па прадмеце;
класіфікацыю тэм для больш паспяховага іх вывучэння ва ўмовах інтэграванага класа.
Пры падрыхтоўцы да заняткаў у такім класе настаўнікі складаюць план-канспект урока, які ўключае вучэбны матэрыял як агульнаадукацыйнай, так і спецыяльнай праграм. Дзеці з рознымі магчымасцямі могуць вывучаць блізкія па змесце тэмы, прычым на тым узроўні засваення, які ім даступны. Замацаванне атрыманых ведаў, уменняў і навыкаў вядзецца з выкарыстаннем дыдактычнага матэрыялу, які для кожнага вучня падбіраецца з улікам яго псіхалагічных асаблівасцей. Гэта могуць быць раздатачныя карткі, асобныя практыкаванні з вучэбных дапаможнікаў і інш.
Каб палегчыць працэс навучання для дзяцей з АПФР, нашы настаўнікі выкарыстоўваюць розныя формы ўзаеманавучання (у пары, групе), стымулююць узаемаправерку і дапамогу адно аднаму. Каб сумеснае навучанне было паспяховым, выкарыстоўваюцца найбольш прадукцыйныя метады арганізацыі вучэбнай дзейнасці школьнікаў — вырашэнне праблемы агульнымі намаганнямі або пошук выхаду з прапанаванай сітуацыі і інш. Вучэбны матэрыял адаптуецца да асаблівасцей дзяцей, заданні для іх дыферэнцыруюцца.
Пры тлумачэнні складаных тэм педагогі выкарыстоўваюць карткі-інструкцыі з падрабязным апісаннем усіх дзеянняў, неабходных для выканання заданняў. Пры навучанні дзяцей у парах, групах выкарыстоўваюцца разнастайныя варыянты ўключэння дзіцяці з асаблівасцямі ў развіцці ў агульную работу класа. У пару да такога вучня падбіраюць аднакласніка, які без напамінаў гатовы яму дапамагаць. Склад пар пастаянна мяняецца. У выніку ўвесь клас з часам набывае вопыт узаемадзеяння з асаблівымі вучнямі. Спачатку важны не столькі сам вынік, колькі згуртаванасць дзяцей, узгодненасць іх дзеянняў, уменне супрацоўнічаць. І гэта варта адзначаць і заахвочваць. У далейшым можна арганізоўваць работу ў парах і па іншым прынцыпе. Пры ўзаемадзеянні дзяцей у пары эфектыўнай з’яўляецца змена роляў. Магчымы самыя розныя варыянты і пры навучанні ў групе — змена яе ўдзельнікаў, размеркаванне і змена функцый паміж імі, змена роляў і г.д.
Звычайны вучань можа выступаць у якасці настаўніка вучня з АПФР або групы такіх вучняў. У навучэнцаў, якія бяруць на сябе ролю настаўніка, фарміруюцца навыкі саманавучання, кантролю ведаў і іх ацэнкі. У той жа час дзіця ў ролі вучня ў працэсе сумеснай работы з равеснікам засвойвае неабходны вучэбны матэрыял і набывае вопыт пераадолення цяжкасцей. “Настаўніку” ж работа над пераадоленнем чужых цяжкасцей дапамагае глыбей зразумець уласныя. Такім чынам, выйграюць абодва вучні.
Дзяцей неабходна вучыць ўзаемадзеянню адно з адным з першых дзён іх паступлення ў школу. З часам характар уключэння навучэнца з асаблівасцямі ў агульную дзейнасць класа змяняецца, з кожным новым урокам даводзіцца выконваць больш складаныя заданні, але ўзаемадзеянне працягвае заставацца галоўным сувязным звяном на ўсіх узроставых этапах школьнікаў.
На другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі мы апрабуем і такую форму работы, як суправаджэнне навучэнца з АПФР настаўнікам-дэфектолагам падчас урока ў агульным складзе класа. Дзіця пры гэтым — паўнавартасны ўдзельнік вучэбнага працэсу, бо педагог, суправаджаючы, дапамагае яму не згубіцца ў разнастайнасці дзейнасці ўсіх навучэнцаў, своечасова засяроджвацца і пераключацца. Прысутнасць настаўніка-дэфектолага на ўроку вельмі неабходна для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, якія маюць да таго ж цяжкія парушэнні агульнай і дробнай маторыкі, але якія навучаюцца па праграме агульнаадукацыйнай школы. Настаўнік не можа ўвесь час удзяляць увагу толькі аднаму дзіцяці, яго задача — арганізаваць навучанне ўсяго класа.
Вядучая роля ў арганізацыі навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў класах інтэграванага навучання ў нашай школе належыць групе псіхолага-педагагічнага суправаджэння. Педагогі падчас нарад абмяркоўваюць цяжкасці на гэтым шляху, вызначаюць праблемы, з якімі сутыкаюцца дзеці, разважаюць, што ў першую чаргу трэба зрабіць для паляпшэння карэкцыйна-педагагічнага асяроддзя, аналізуюць патрэбы навучэнцаў у змене адукацыйнага асяроддзя. У 2011 годзе наша школа скончыла работу ў рамках рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі па ўкараненні мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзіцяці з АПФР у апорнай агульнаадукацыйнай школе. Па выніках укаранення было праведзена апытанне-дыягностыка, якое паказала, што ўсе навучэнцы задаволены ўзроўнем камфортнасці ва ўстанове і ўмовамі іх сацыялізацыі.
Разам вучымся і адпачываем
Усе дзеці з АПФР з’яўляюцца ў нашай школе ўдзельнікамі святочных канцэртаў, фестываляў творчасці, ранішнікаў, творчых выстаў. Гэтаму спрыяе распрацаваная педагогамі канцэпцыя сістэмы выхавання “Школа без няўдачнікаў”, якая мае на ўвазе, што кожнаму навучэнцу павінна ўдзяляцца самая пільная ўвага, забытых вучняў быць не павінна. Навучэнцы з АПФР удзельнічаюць таксама і ў даследчай дзейнасці. У 2010 годзе Максім Лукуша з работай па тэме “Дыназаўры і драконы ў вуснай народнай творчасці”, а ў 2013 годзе Данііл Савёнак з работай “Цымбалы — беларускі народны інструмент” былі ўдзельнікамі гарадскога конкурсу навукова-даследчых работ навучэнцаў (гэта дзеці, якія навучаюцца па агульнаадукацыйнай праграме, але маюць парушэнні функцый апорна-рухальнага апарату).
Школа супрацоўнічае з Палацам дзяцей і моладзі. Спецыялісты, якія вядуць заняткі ў гуртках і студыях палаца, арганізуюць для дзяцей з АПФР заняткі як дома, так і на базе нашай школы. Дзеці працуюць з бісерам, паперай, кардонам і іншымі матэрыяламі.
У школе дзейнічае і бацькоўскі клуб. Яго ўдзельнікі абмяр-коўваюць самыя разнастайныя пытанні: аб працоўным выхаванні дзіцяці ў сям’і, яго прафарыентацыі і аб тым, як любіць дзяцей, як вырасціць іх добрымі людзьмі. Педагог-псіхолаг праводзіць трэнінгі па паспяховым бацькоўстве. У мінулым навучальным годзе мы ўпершыню адкрылі сямейную гасцёўню, куды запрасілі сем’і, якія маюць дзяцей з АПФР. Спачатку бацькі аднесліся да нашага запрашэння абыякава, нават з недаверам. Але ўсё ж прыйшлі. І ва ўтульных абставінах гасцёўні ў іх выявілася ініцыятыва, жаданне вырашаць розныя праблемы. Так звычайная форма работы стала сапраўдным святам, падчас якога і дарослыя, і дзеці змаглі разам адпачыць, пагутарыць, пагуляць.
Зараз педагогі школы працуюць над новым інавацыйным праектам па стварэнні рэгіянальнага інфармацыйна-метадычнага цэнтра па пытаннях інклюзіўнай адукацыі. Мы адкрыты для ўсіх, хто цікавіцца гэтай тэмай, запрашаем да супрацоўніцтва ў вырашэнні не толькі адпаведных праблем, але і пытанняў якаснай інфармацыйна-метадычнай дапамогі нашым педагогам.
Таццяна ПАРАДНЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Наваполацка.