Школа будучага — інклюзіўная

- 13:58Апошнія запісы, Рознае, Спецыяльная адукацыя

Днямі ў сярэдняй школе № 25 Мінска прайшла рэспубліканская нарада па тэме “Стварэнне адаптыўнай прасторы на шляху да інклюзіўнай адукацыі”. Падчас мерапрыемства, якое прайшло з удзелам намесніка міністра адукацыі В.А.Будкевіча, былі вызначаны задачы і перспектывы развіцця спецыяльнай адукацыі на бягучы навучальны год.

На законных правах

— Міністэрства адукацыі вызначыла асноўныя задачы дзейнасці сістэмы спецыяльнай адукацыі на 2014/2015 навучальны год, — адзначыў В.А.Будкевіч. — У галоўных планах міністэрства зацвярджэнне Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Упершыню ў гэтым навучальным годзе пройдзе рэспубліканскі конкурс “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Наступная задача ў сістэме — павышэнне якасці інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з АПФР. Будуць стварацца спецыяльныя ўмовы для атрымання прафесійнай адукацыі асобамі з АПФР. Адно з мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы развіцця спецыяльнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2012—2016 гады — стварэнне цэнтраў прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з АПФР ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Такі цэнтр ужо ёсць у Мінскім каледжы электронікі, створаны сектар навукова-метадычных рэсурсаў інклюзіўнай адукацыі і ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.
Завяршаецца работа над праектам закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”. Прапаноўваецца ўключыць у яго паняцце “інклюзіўная адукацыя”. Фармулёўка будзе наступнай: “Інклюзіўная адукацыя — гэта арганізацыя навучання і выхавання, у працэсе якой асаблівыя адукацыйныя патрэбы ўсіх навучэнцаў, у тым ліку асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, задавальняюцца ва ўстановах асноўнай і дадатковай адукацыі пры стварэнні ў іх адпаведных умоў і найбольш поўным уключэнні ў сумесны адукацыйны працэс усіх навучэнцаў”.
— Мы не разглядаем інклюзіўную адукацыю як асобы від або ўзровень адукацыі, гэта адна з форм арганізацыі адукацыйнага працэсу, — сказала начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна Змушко. — Інклюзіўная адукацыя можа ажыццяўляцца пры рэалізацыі адукацыйных праграм любых відаў і ўзроўняў адукацыі. Важным і адметным з’яўляецца тое, што для кожнага навучэнца ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы і ўсе навучэнцы вучацца разам. У гэтым адрозненне інклюзіўнай адукацыі ад інтэграванага навучання і выхавання, якое, па-першае, паводле кодэкса, з’яўляецца формай арганізацыі менавіта спецыяльнай адукацыі і ахоплівае толькі дзяцей з АПФР. Канечне, навучэнцы вучацца паралельна, яны побач, але не разам, таму што і вучэбныя планы, і вучэбныя праграмы ў іх розныя, і знаходзяцца яны ў розных памяшканнях.
Зараз мы адкарэкціравалі артыкул 15 Кодэкса аб адукацыі “Атрыманне асноўнай і дадатковай адукацыі асобамі з адмысловымі адукацыйнымі патрэбамі, у тым ліку асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. У ім сказана, што такім асобам пры атрыманні асноўнай або дадатковай адукацыі павінна забяспечвацца інклюзіўная адукацыя.

Першыя інклюзіўныя школы

У гэтым годзе запланаваны распрацоўка і зацвярджэнне Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі ў краіне. Тэрміны рэалізацыі канцэпцыі — 2015—2020 гады. У 2015—2017 гадах будуць ажыццяўляцца навуковыя даследаванні, весціся эксперыментальная дзейнасць, асобныя ўстановы адукацыі пачнуць укараняць інклюзіўную адукацыю. У 2018—2020 гадах плануецца павялічыць колькасць устаноў, якія стануць ажыццяўляць інклюзіўную адукацыю (у 2020 годзе іх будзе каля 25%). З 2020 і ў наступныя гады колькасць устаноў, у адукацыйным працэсе якіх будзе прысутнічаць інклюзіўная адукацыя, яшчэ ўзрасце.
— Пры распрацоўцы праекта канцэпцыі мы зыходзім з таго, што інклюзіўная адукацыя не з’яўляецца адзіна магчымай формай атрымання адукацыі навучэнцамі з АПФР, — адзначае Антаніна Міхайлаўна. — Сёння яна існуе і развіваецца паралельна з функцыянаваннем устаноў спецыяльнай адукацыі, інтэграваным навучаннем і выхаваннем. Навучэнцы з АПФР могуць рэалізаваць сваё права на атрыманне адукацыі ва ўстанове спецыяльнай адукацыі або ва ўстанове асноўнай адукацыi (дзе ёсць інтэграванае навучанне і выхаванне ці інклюзіўная адукацыя).
На базе ўстаноў спецыяльнай адукацыі павінны стварацца рэсурсныя цэнтры, у якіх будуць сканцэнтраваны матэрыяльныя, метадычныя і іншыя вучэбныя рэсурсы. У такіх цэнтрах педагогі могуць павышаць сваю кваліфікацыю. На базе цэнтраў педагогі і бацькі дзяцей з АПФР, якія навучаюцца ва ўмовах інклюзіі, будуць атрымліваць кансультацыі. Установы спецыяльнай адукацыі павінны забяспечваць установы, якія ажыццяўляюць інклюзіўную адукацыю, сродкамі навучання, праводзіць майстар-класы па рабоце з пэўнай катэгорыяй дзяцей з АПФР, семінары, круглыя сталы, у працэсе якіх — дзяліцца вопытам.
Для развіцця інклюзіўнай адукацыі будзе распрацоўвацца нарматыўнае прававое, а таксама навуковае забеспячэнне. Што тычыцца зместу інклюзіўнай адукацыі, то заснаваны ён на змесце асноўнай адукацыі. Усе навучэнцы сарыентаваны на адзіныя вучэбныя планы і праграмы. Пры гэтым улічваюцца асаблівыя адукацыйныя патрэбы кожнага навучэнца. З улікам гэтых патрэб складаюцца і індывідуальныя вучэбныя планы, а змест вучэбных праграм адаптуецца да магчымасцей розных дзяцей. У індывідуальныя вучэбныя планы навучэнцаў з АПФР уключаюцца і карэкцыйныя заняткі.
Вучэбна-метадычнае забеспячэнне аднолькавае для ўсіх і ў той жа час прыстасавана да кожнага дзіцяці, такім чынам адлюстроўвае асаблівасці і магчымасці дзяцей розных катэгорый. А падручнікі для такой адукацыі павінны быць адначасова рознаўзроўневымі, варыятыўна-індывідуалізаванымі і мець карэкцыйную накіраванасць. Для тых прадметаў, якіх няма ў вучэбным плане агульнаадукацыйных устаноў або якія маюць іншы змест, неабходна ствараць дыферэнцыраваныя (у залежнасці ад парушэнняў дзяцей) спецыяльныя комплексы вучэбных заданняў. Пры ажыццяўленні інклюзіўнага працэсу ў класе, групе неабходны як мінімум два педагагічныя работнікі. У штаты ўстаноў асноўнай і дадатковай адукацыі, дзе ёсць інклюзіўная адукацыя, уводзяцца дадатковыя адзінкі — настаўнікі-дэфектолагі, педагогі-псіхолагі, педагогі-асістэнты (памочнікі, цьютары) і інш.

Прынцып даступнасці

Ва ўстановах адукацыі, якія будуць прапаноўваюць інклюзіўную адукацыю, павінна стварацца адаптыўная адукацыйная прастора, якая падразумявае безбар’ернае асяроддзе для ўсіх навучэнцаў з АПФР. Падрабязней аб гэтым расказала дэкан факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Святлана Яўгенаўна Гайдукевіч. Уваход у інклюзіўную школу павінен быць зручным для ўсіх навучэнцаў (у якасці абавязковых атрыбутаў неабходны пандусы, маркеры, поручні, спецыяльныя дыванкі, якія накіроўваюць). Важна арганізаваць маршруты (уваход — раздзявалка, раздзявалка — клас, клас — сталовая, клас — туалетны пакой) і алгарытмы перамяшчэння па школе (раздзявалка — туалет — клас). Шляхі перамяшчэння дзяцей павінны быць асветленымі, без перашкод, вострых вуглоў, нечаканых паваротаў і шкляных паверхняў. Павінны быць вызначаны межы свабоднага перамяшчэння дзяцей у памяшканні школы.
Навучэнцам інклюзіўнай школы неабходна прытрымлівацца пэўных ахоўных правіл (заўсёды зачыняць дзверы, не спыняцца на лесвіцы, трымацца правага боку) і, канечне, узаемадзейнічаць (вітацца, саступаць дарогу школьнікам, якія выкарыстоўваюць спецыяльныя сродкі перамяшчэння). У класах важна арганізаваць маршруты перамяшчэнняў, арыенціроўкі і належным чынам размясціць мэблю і ўсе астатнія прадметы. Неабходна пры засваенні інфармацыі навучэнцамі выкарыстоўваць сенсаматорныя і зрокавыя трэнажоры, якія актывізуюць зрок, слых, пачуццё дотыку ў дзяцей. Важна дакладна вызначыць чаргаванне працы і адпачынку і разумна дазіраваць вучэбную нагрузку, а таксама праводзіць фізкультурныя паўзы і фізкультхвілінкі. Настаўнік павінен выкарыстоўваць даступныя дзіцяці сродкі камунікатыўнасці, стымулы, правілы ўзаемаадносін і прыводзіць прыклады дасягненняў людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Рабочае месца дзіцяці ў класе важна правільна абсталяваць, каб яно добра арыентавалася, працуючы за ім. Мэблю лепш падбіраць патрэбнага памеру са спецыяльнымі падстаўкамі, падсветкай, побач павінны знаходзіцца сродкі, якія спрыяюць і пашыраюць магчымасці пазнавальнай дзейнасці (павелічальнік, фіксатары, закладкі), а пры навучанні выкарыстоўваць знаёмыя і эмацыянальна значныя для дзіцяці рэчы (фота бацькоў, малюнкі, цацкі) і інш.
Аб прынцыпах даступнасці асяродка для асоб з АПФР расказаў эксперт-каардынатар праваахоўнай арганізацыі “Офіс па правах людзей з інваліднасцю” Сяргей Драздоўскі. Прынцып даступнасці мае на мэце ліквідацыю перашкод, якія не дазваляюць асобам з інваліднасцю карыстацца сваімі правамі (юрыдычнымі і сацыяльнымі), у прыватнасці, правам на атрыманне адукацыі. У нашай краіне — 536 908 інвалідаў (на жнівень 2014 года), з іх 27 445 — дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў. І толькі 6 працэнтаў — дарослыя асобы, якія перамяшчаюцца ў крэсле-калясцы самастойна або ў суправаджэнні, з вышэйшай адукацыяй. Для параўнання: сярод астатніх катэгорый асоб з інваліднасцю, за выключэннем інвалідаў-калясачнікаў, вышэйшую адукацыю атрымалі 24,6 працэнта. Дарэчы, яе маюць толькі 10,7 працэнта асоб з парушэннем зроку і 6,3 працэнта асоб з парушэннем слыху.

Станоўчы імідж установы

З мэтай фарміравання талерантнай свядомасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў Слуцкім раённым ЦКРНіР была створана праграма “Адукацыйная прастора — тэрыторыя талерантнасці”. Аб гэтым расказала дырэктар цэнтра Інеса Міхайлаўна Панамарова. Адным з эфектыўных паказчыкаў рэалізацыі гэтай праграмы з’яўляецца ўдзел розных катэгорый насельніцтва (валанцёраў, прадстаўнікоў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый) і іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу (дзяцей, бацькоў, педагогаў) у спецыяльна арганізаваных мерапрыемствах, такіх як акцыя дружбы і міласэрнасці, у фестывалях, выставах, трэнінгах, семінарах-практыкумах, форум-тэатры і г.д.
Слуцкі раённы ЦКРНіР сёння дзеліцца вопытам работы па выкарыстанні інтэрактыўнага метаду форум-тэатр. Гэты метад дапамагае, у прыватнасці, вырашаць канфліктныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у класах інтэграванага навучання і выхавання. Удзельнікам інклюзіўнага тэатра можа стаць любы дарослы або дзіця, у тым ліку і дзіця з АПФР, у кожнага з іх ёсць магчымасць выказаць тым, хто побач, сваё стаўленне да пэўнай сітуацыі. У аснове драматычнай дзеі — канфлікт. Ён закладваецца пры распрацоўцы сцэнарыя. Правобразам тэатральных падзей з’яўляюцца рэальныя сітуацыі, якія адбываюцца ва ўстановах адукацыі ў групах і класах інтэграванага навучання і выхавання, у сем’ях выхаванцаў ЦКРНіР. Дзея ў форум-тэатры заканчваецца на піку канфлікту, які свядома даводзіцца да максімальнай вастрыні. Вырашэння канфлікту ў сцэнарыі няма. На падставе ўбачанага на сцэне ўсім прысутным, у тым ліку “актыўным гледачам” форум-тэатра, трэба знайсці выйсце, вырашыць сітуацыю.
За вопыт работы па метадзе форум-тэатра педагогі цэнтра — сацыяльны педагог Іна Іванаўна Лукашэвіч і педагогі-псіхолагі Ала Юр’еўна Капская, Нэлі Міхайлаўна Лебедзь — былі ўзнагароджаны дыпломам І ступені па выніках V Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.
Сярэднюю школу № 25 Мінска, на базе якой праходзіла нарада, ужо сёння можна лічыць інклюзіўнай. Установа мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, у ёй створаны ўсе ўмовы для навучання і выхавання навучэнцаў з рознымі адукацыйнымі магчымасцямі. Тут разумеюць, што для навучэнцаў з асаблівасцямі патрэбны спецыяльныя ўмовы (пандусы, ліфты, поручні) і ствараюць незвычайнае, яркае і функцыянальнае асяроддзе, якое адпавядае патрэбам усіх дзяцей, незалежна ад іх асаблівасцей. У школе абсталяваны кабінет для карэкцыйна-педагагічных заняткаў, дзе ёсць усё неабходнае для навучання дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі: ноўтбукі са спецыяльнымі камплектуючымі для навучэнцаў з ДЦП, тактыльная сцяна, шарыкавы басейн, спецыяльны велатрэнажор, лялечны тэатр і куток для пясочнай тэрапіі. Заніраваны і функцыянальна аснашчаны пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Кабінет класа інтэграванага навучання і выхавання абсталяваны з улікам аптымальнай рухальнай актыўнасці навучэнцаў.
Пошук і ўкараненне эфектыўных педагагічных тэхналогій дазволіў уключыць у адукацыйны працэс школы легаканструяванне. У школе адкрыты класы з мастацкай накіраванасцю, працуе кабінет керамікі.
— Комплексны падыход да стварэння адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя стварае станоўчы імідж установе адукацыі з класамі інтэграванага навучання і выхавання, — падкрэсліла дырэктар школы Вольга Аляксандраўна Якушык, — і дапамагае рэалізоўваць асноўны прынцып інклюзіўнай адукацыі “Дзеці павінны вучыцца разам!”.

Надзея ЦЕРАХАВА.