Школа будуецца кругласутачна

Поўным ходам ідзе будаўніцтва школы ў 21-м мікрараёне Гомеля, на скрыжаванні вуліц Чачэрскай і Бранскай.

Новая ўстанова адукацыі разлічана на 765 навучэнцаў. У бу­дынках з пераходнымі галерэямі размесцяцца 33 класы трох паралелей. Праектам прадугледжана навучанне ў школе інвалідаў-калясачнікаў. Шырокія калідоры і дзверы дадуц­ь ім магчымасць бесперашкодна перамяшчацца ў будынку. Ва ўстанове будзе працаваць плавальны басейн з вялікай і малой чашамі. Таксама на тэрыторыі размесцяцца валейбольны і футбольны стадыёны, бегавая дарожка і пляцоўка для групы прадоўжанага дня.

Будынак будучай школы пачалі ўзводзіць у лістападзе 2011 года. У 2015-м фінансаванне было прыпынена. Работы аднавілі пасля просьбы мясцовых жыхароў, агучанай падчас “Вялікай гутаркі з прэзідэнтам”. Штодзень і нават кожную гадзіну сітуацыя на аб’екце мяняецца, бо работы вядуцца кругласутачна. Дарэчы, гэтаму аб’екту рашэннем Гомельскага аблвыканкама прысвоены статус абласной маладзёжнай будоўлі.

Па словах майстра СУ-165 ААТ “Будаўнічы трэст № 14” Івана Баляхіна, агульнабудаўнічыя работы практычна завершаны. На сёння працягваюцца спецыялізаваныя: аддзелачныя работы, мантаж сантэхнікі і электрыкі, добра­ўпарадкаванне. Не за гарамі той дзень, калі дзверы ўстановы адчыняцца для вучняў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.