Школа для будучых ваенных

У суботу міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка і міністр абароны Андрэй Аляксеевіч Раўкоў сустрэліся з навучэнцамі Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі, якія адпачываюць у ваенна-патрыятычным лагеры “Прызыўнік” на базе 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы. Кіраўнікі міністэрстваў азнаёміліся з працай лагера, умовамі пражывання юнакоў, наведалі музей гісторыі і баявой славы брыгады, пагутарылі з легендарным разведчыкам ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Генадзем Уладзіміравічам Юшкевічам.

Ваенна-патрыятычнае выха­ван­не навучэнскай моладзі — адзін з асноўных напрамкаў супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны. Штогод сумеснымі намаганнямі міністэрстваў праводзіцца каля 150 профільных лагераў. За 10 гадоў у іх адпачыла, набыло пэўныя навыкі больш за 100 тысяч юнакоў і дзяўчат. Сёння ў краіне працуе каля 70 такіх лагераў для цяжкіх падлеткаў, навучэнцаў ваенна-патрыятычных класаў, тых, хто хоча звязаць сваё жыццё з дзейнасцю ў сілавых структурах. Адзін з такіх лагераў і працуе з 10 па 18 ліпеня на базе знакамітай брыгады спецназа. Тут адпачываюць 15 навучэнцаў магілёўскага вучылішча, матываваных на службу ва Узброеных Сілах.

“Падобныя лагеры важныя з пункту гледжання не толькі выхавання грамадзяніна, патрыёта, але і набыцця падлеткамі і юнакамі элементарных навыкаў, без якіх немагчыма выходзіць у самастойнае жыццё. Гэта выдатная школа падрыхтоўкі да службы ва Узброеных Сілах. Я сам служыў у арміі і магу сказаць, што ваенная служба многае дае. Гэта не проста атрыманне ваеннай спецыяльнасці, гэта яшчэ і жыццёвы, сацыяльны вопыт”, — падзяліўся Ігар Васільевіч Карпенка.

Па словах Андрэя Аляксеевіча Раўкова, калі мы гаворым пра незалежнасць, суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць, захаванне канстытуцыйнага ладу, пра мір і бяспеку ў дзяржаве, то для гэтага трэба прыкладваць намаганні ў ваенна-патрыятычным выхаванні насельніцтва, і ў першую чаргу моладзі. “Маладому чалавеку, які ў юным узросце сутыкнецца з армейскім калектывам, цяжкасцямі тэрміновай службы, будзе потым лягчэй служыць. Мы робім усё, каб пад кіраўніцтвам афіцэраў выхаванцы ваенна-патрыятычнага лагера атрымалі пэўныя навыкі, якія спатрэбяцца і ў жыцці, і ў ваеннай службе. Разам з Міністэрствам адукацыі мы сур’ёзна падыходзім да ваенна-патрыятычнага выхавання, у тым ліку да пытання павышэння прэстыжу тэрміновай службы. Трэба ўдасканальваць дапрызыўную падрыхтоўку. Выкла­даць яе павінен чалавек, які служыў у арміі”, — лічыць міністр абароны.

Як адзначыў міністр адукацыі, неабходна падняць статус выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі, а цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі дапоўніць неабходным абсталяваннем. У гэтай справе значную дапамогу аказвае Міністэрства абароны. “Мы ўдасканалілі нарматыўную базу для дзейнасці ваенна-патрыятычных класаў і сёлета ў Інструктыўна-метадычных пісьмах да пачатку новага навучальнага года закладваем усе тлумачэнні. Сур’ёзную ўвагу ўдзяляем кадэцкай адукацыі. Другі год запар нашы кадэты ўдзельнічаюць у ваенным парадзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І ўжо другі год разам з Міністэрствам абароны мы ўручаем ім па­дзякі за ўдзел у парадзе. Мы распрацавалі факультатыў для 8—9 класаў, які ўмоўна называем “Уводзіны ў дапрызыўную падрыхтоўку”. Ён дас ць магчымасць кадэцкім класам функцыянаваць на новым якасным узроўні. У нас поўнае ўзаемадзеянне з Міністэрствам абароны. Мы лічым, што той канстытуцыйны абавязак па абароне Айчыны, які ўскладзены на грамадзян Рэспублікі Беларусь, павінен не проста тлумачыцца, у школах павінна весціся работа, накіраваная на тое, каб нашы грамадзяне былі гатовы служыць Айчыне”, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Падчас размовы з журналістамі закранаўся спектр пытанняў кадэцкай адукацыі, дзейнасці ваенна-патрыятычных класаў, павышэння прэстыжу тэрміновай службы, магчымасці навучання студэнтаў з устаноў вышэйшай адукацыі, дзе няма ваенных кафедр, ва ўніверсітэтах, у якіх такія кафедры ёсць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.