Школа для маладых настаўнікаў

- 16:55Навіны рэгіёнаў, Рознае
Любы малады спецыяліст, пачынаючы свой прафесійны шлях, сутыкаецца з пэўнымі праблемамі з-за адсутнасці неабходнага вопыту. А якаснага выніку работы чакае не толькі педагог, але і яго вучні і іх бацькі. Менавіта таму маладым настаўнікам у перыяд прафесійнага станаўлення вельмі важная маральная і метадычная падтрымка.

На такую дапамогу маладым спецыялістам педагагічнай галіны накіравана “Школа маладога педагога”, якая дзейнічае пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму Быхаўскага райвыканкама. Як паведаміла кіраўнік “Школы маладога педагога” намеснік дырэктара Быхаўскай раённай гімназіі Людміла Дзяменцій, функцыянуе незвычайная школа ў раёне ўжо на працягу больш як пяці гадоў, і за гэты час яна цалкам пацвердзіла сваю значнасць і патрэбнасць.
— Дзейнасць нашай школы накіравана галоўным чынам на забеспячэнне праходжання этапу першапачатковага асваення прафесіі, новых функцыянальных абавязкаў з мінімальнымі псіхалагічнымі цяжкасцямі, стварэнне ўмоў для максімальна хуткага ўключэння маладых педагогаў у адукацыйны працэс. Дапамагаем пачынаючым педагогам таксама ў выпрацоўцы ўласнага сінтэзу навуковых ведаў, метадычнага майстэрства і асабістых якасцей, каб накіраваць іх на паспяховую работу, — расказала Людміла Васільеўна.
У Быхаўскім раёне назапашаны багаты вопыт у рабоце з маладымі спецыялістамі. Таму праграма работы мясцовай “Школы маладога педагога” вельмі разнастайная. Трэба адзначыць, што работа ў ёй вядзецца асобна з сёлетнімі выпускнікамі і асобна з тымі, хто ўжо адпрацаваў год.
Былых студэнтаў, якія толькі рыхтуюцца акунуцца ў школьнае жыццё, у Быхаве сустракаюць вельмі цёпла. Падчас жнівеньскіх канферэнцый маладых спецыялістаў вітае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лілія Зігмундаўна Тарасевіч. Іх прадстаўляюць мясцоваму настаўніцтву, уручаюць памяткі і сувеніры, а таксама знаёмяць з кіраўніцтвам і калектывамі школ, у якіх яны пачнуць свой працоўны шлях.
Адпаведную ўвагу маладым педагогам аказваюць і ва ўстановах адукацыі, што сталі месцам іх размеркавання. Маладых педагогаў знаёмяць з метадычнымі матэрыяламі па прадмеце, структурай вучэбнай і выхаваўчай работы ў школе, дакументацыяй, асноўнымі патрабаваннямі па яе вядзенні. Акрамя таго, маладыя настаўнікі атрымліваюць канкрэтныя парады і рэкамендацыі па правядзенні ўрокаў. Падобная падтрымка вельмі дапамагае маладым спецыялістам, аднак, безумоўна, не абыходзіцца і без цяжкасцей.
— На вырашэнне такіх праблем накіравана правядзенне дэкад прафесійнага майстэрства для маладых спецыялістаў, дзе яны могуць наведаць адкрытыя ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы вопытных педагогаў. Карыстаецца папулярнасцю ва ўстановах адукацыі раёна і такі дзейсны метад аказання дапамогі моладзі, як настаўніцтва, — адзначае Людміла Дзяменцій. — Завяршальным жа этапам прафесійнай адаптацыі для маладых педагогаў з’яўляецца штогадовая майская нарада, на якой падводзяцца вынікі першага года работы, — дадае кіраўнік “Школы маладога педагога”.

Метадысты падтрымліваюць і дапамагаюць маладым педагогам і пасля таго, як апошнія асвоіліся ў калектыве і ўліліся ў адукацыйны працэс. Толькі ў выпадку з педагогамі, якія працуюць другі год, сістэма дапамогі накіравана ўжо на развіццё іх прафесійнага майстэрства. З дапамогай вучэбных мерапрыемстваў, прафесійных конкурсаў і правядзення асабістых адкрытых урокаў маладыя настаўнікі адточваюць свае педагагічныя здольнасці і навыкі.
Чарговы вучэбны семінар для маладых педагогаў прайшоў у раёне напярэдадні навагодніх свят. Варта адзначыць, што непасрэдны ўдзел у такога роду мерапрыемствах прынялі начальнік Быхаўскага аддзела адукацыі, спорту і турызму Лілія Зігмундаўна Тарасевіч, а таксама старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Рыгораўна Халадцова. Прысутнасць кіраўніцтва сістэмы адукацыі раёна дэманструе моладзі, што ў іх прафесійным развіцці, праблемах і дасягненнях сапраўды зацікаўлены. А гэта ў сваю чаргу з’яўляецца немалаважным фактарам для будучага замацавання маладых спецыялістаў.
Што тычыцца вучэбнага семінара, то яго праграма была не менш насычанай і разнастайнай, чым праграма функцыянавання “Школы маладога педагога” ў цэлым. Сваім багатым вопытам з моладдзю падзяліліся старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы Людміла Іванаўна Банадысева, ветэраны педагагічнай працы Валянціна Аляксееўна Дуван і Вера Васільеўна Нароўская. Дырэктар сярэдняй школы № 1 Быхава Таццяна Мікалаеўна Жыжыян, на базе якой праходзілі семінарскія заняткі, расказала аб асноўных напрамках работы з маладымі педагогамі ва ўстанове, аб спрыяльных умовах для працы моладзі ў навучальнай установе, дзе любая ініцыятыва, творчы падыход да справы падтрымліваецца і заахвочваецца.
Вопытныя педагогі раёна падзяліліся з маладымі спецыялістамі сваімі прафесійнымі набыткамі, расказалі, як зрабіць так, каб урок быў паспяховым, і што патрабуецца для развіцця творчай асобы настаўніка. Шмат карыснага атрымалі пачынаючыя педагогі і падчас наведвання ўрокаў настаўнікаў-прадметнікаў першай школы, дзе змаглі на практыцы ўбачыць асаблівасці выкарыстання розных форм і метадаў работы на занятках. З дапамогай дзелавой гульні “Актыўная ацэнка як новая стратэгія навучання” моладзь мела магчымасць азнаёміцца з сучаснымі патрабаваннямі да прафесіі настаўніка. Пасля заканчэння вучэбнага семінара ўсе маладыя педагогі атрымалі спецыяльныя буклеты, у якіх змешчана інфармацыя пра тое, што павінен ведаць малады спецыяліст установы адукацыі.
Вучэбныя семінары, пасяджэнні і сустрэчы “Школы маладога педагога” арганізоўваюцца ў Быхаўскім раёне пастаянна. І такі падыход да работы з маладымі спецыялістамі мае станоўчы вынік. З выпускнікоў 2010/2011 года ў раёне замацавалася пяцьдзясят сем працэнтаў маладых педагогаў.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Быхаўскага райвыканкама.