Школа — для ўсіх дзяцей

- 15:12Выхаванне

Воранаўскі раён — раён шматнацыянальны. Усяго тут жывуць людзі 24 нацыянальнасцей. Пры ўсёй разнастайнасці нацыянальных груп і дыяспар этнаканфесійныя адносіны ў раёне характарызуюцца стабільнасцю і талерантнасцю. На тэрыторыі Радунскага сельскага Савета сёння жывуць 2299 чалавек, з іх 160 — цыганскай нацыянальнасці, у тым ліку 54 непаўналетнія. 19 дзяцей рама навучаюцца ў нашай школе: 5 — па вучэбных планах сярэдняй школы і 14 — па вучэбных планах інтэграванага навучання і выхавання.

Цяжкасці інтэграцыі

Інтэграцыя цыганскіх дзяцей у школьнае асяроддзе адбываецца паступова. Галоўная цяжкасць, якая пры гэтым узнікае, — праблема сацыялізацыі дзяцей. У сувязі з тым, што дашкольныя ўстановы большасць дзяцей рама не наведваюць, у іх узнікаюць пэўныя цяжкасці пры засваенні праграмнага матэрыялу. Акрамя таго, дзеці выхоўваюцца ў сем’ях, дзе клапатліва падтрымліваюць і захоўваюць мову свайго народа, але не надаюць значнасці дзяржаўным мовам, таму пры паступленні ў школу гэтым дзецям аказваецца дапамога ў разуменні рускай і беларускай моў.

Больш паспяховаму і хуткаму фарміраванню вучэбных уменняў і навыкаў перашкаджаюць пэўныя псіхалагічныя асаблівасці, частыя пропускі заняткаў. Важная праблема заключаецца ў тым, што многія бацькі самі не валодаюць граматай у поўнай меры, таму ажыццявіць дастатковы кантроль за навучаннем сваіх дзяцей яны не могуць.

З-за вышэйпералічаных абставін большасці дзяцей навучанне даецца з цяжкасцю.

Падстройваемся пад асаблівасці дзіцяці

Адукацыйны працэс з такімі навучэнцамі ў нашай школе арганізоўваецца з улікам псіхазберагальных тэхналогій, асобасна арыентаванага навучання. Навучанне ажыццяўляецца з улікам індывідуальных асаблівасцей дзіцяці, яго тэмпераменту, характару ўспрымання ім вучэбнага матэрыялу, тыпу і магчымасцей памяці. У вучэбным працэсе выкарыстоўваюцца нетрадыцыйныя формы правядзення заняткаў: урокі-падарожжы, урокі-гульні, урокі-эстафеты, урокі-вечарыны.

Паспяховасць навучання забяспечваецца прымяненнем на ўроках прадукцыйных метадаў арганізацыі вучэбнай дзейнасці і такіх відаў дыдактычнай дапамогі, як адаптацыя вучэбнага матэрыялу і дыферэнцыяцыя ведаў. Выкарыстоўваюцца прыёмы, якія аблягчаюць дзіцяці працэс засваення матэрыялу, робяць яго больш зразумелым, даступным і пасільным, спрыяюць больш паспяховаму ўключэнню школьніка ў вучэбны працэс. Вядзецца работа па ўзмацненні практычнай скіраванасці пры вывучэнні матэрыялу, распрацоўцы заданняў практычнага характару, дэманстрацыі прыкладаў прымянення ведаў у штодзённым жыцці, складанні апор, памятак, схем і г.д.

Паколькі дастатковая колькасць навучэнцаў займаецца па праграмах спецыяльнай адукацыі, асаблівая ўвага ўдзяляецца правядзенню карэкцыйных заняткаў. Эфектыўнай формай іх правядзення з’яўляецца выкарыстанне малых фальклорных жанраў. Створана фальклорная бібліятэка, у якой падабраны кнігі па тэме. Аформлены слоўнічак у карцінках і альбомы-перасоўкі з прыказкамі і прымаўкамі, загадкамі і пацешкамі. Навучэнцы адпраўляюцца ў фальклорную экспедыцыю па той мясцовасці, дзе яны нарадзіліся, і папаўняюць скарбонку нацыянальнымі цыганскімі гульнямі, пацешкамі і прыказкамі. У класе створаны куток, дзе выстаўлены вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народныя цацкі, касцюмы, наборы паштовак. Правядзенне такіх карэкцыйных заняткаў у гульнявой форме, паглыбленне навучэнцаў у маляўнічы свет багатай народнай творчасці дапамагаюць палепшыць вымаўленне, папоўніць слоўнікавы запас і развіць розныя віды пазнавальнай дзейнасці.

Эфектыўным сродкам фарміравання сацыяльнай кампетэнцыі навучэнцаў з’яўляецца створаны педагогамі школы электронны рэсурс “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка” (6 клас). Гэты рэсурс дазваляе больш эфектыўна падрыхтаваць навучэнцаў да выбару прафесіі. Дзеці рама любяць і наведваюць урокі працоўнага навучання. Дзяўчынкі вучацца працаваць на швейных машынках, вышываць, гатаваць простыя стравы. Хлопчыкі працуюць з інструментамі, на станках. У некаторых дзяцей ужо ёсць свае невялікія калекцыі вырабаў, выкананых сваімі рукамі. Гэтая работа дае вынікі — дзеці паспяхова здаюць выпускны экзамен па працоўным навучанні, атрыманыя веды і ўменні прымяняюць дома.

Інтэграцыі дзяцей у асяроддзе равеснікаў спрыяе іх удзел у класных і школьных мерапрыемствах, вечарынах, святах, калектыўных творчых справах. Дзеці рама добра спяваюць, танцуюць. Таму, удзельнічаючы ў мерапрыемствах, яны ў поўнай меры раскрываюць свае здольнасці. Уключаюцца такія навучэнцы і ў разнастайныя віды творчай дзейнасці: заняткі па інтарэсах “Арт-студыя” на базе Радунскага ЦТКіЭ, заняткі па інтарэсах “Майстрок” на базе ўстановы адукацыі, заняткі вакальнай групы. У класных калектывах дзеці рама маюць свае абавязкі: ёсць кветкаводы, фізкультарганізатары. Навучэнцы ўдзельнічаюць у спартыўна-аздараўленчых мерапрыемствах, наведваюць спартыўную секцыю па АФП, а ў час канікул — спартыўна-аздараўленчы лагер.

Насельніцтва цыганскай нацыянальнасці нашага пасёлка зацікаўлена ў падтрыманні культурных традыцый свайго народа. Яны штогод удзельнічаюць у рэгіянальным фестывалі нацыянальных культур, дзе прадстаўляюць асаблівасці сваёй кухні, адзення, фальклору.

Арыентацыя на адукацыю

Дзецям аказваецца дапамога ў працаўладкаванні і паступленні ў ССНУ. У 2015 годзе двое выпускнікоў школы паступілі ў Воранаўскі ДПТК сельскагаспадарчай вытворчасці па спецыяльнасцях “Майстар” і “Будаўнік”. Адзін з іх працуе ў суседнім раёне. Але, на жаль, не ўсе дзеці працаўладкоўваюцца. Таму для бацькоў праводзяцца кансультацыі, індывідуальныя гутаркі пра неабходнасць далейшага працаўладкавання іх дзяцей.

У цыганскіх сем’ях асаблівы ўклад жыцця. Ніхто з бацькоў не мае пастаяннага месца працы. Гэтая праблема не вырашаецца па прычыне адсутнасці адукацыі ў дарослых, адмаўлення іх ад работ у паляводстве, жывёлагадоўлі і па іншых спецыяльнасцях, якія не патрабуюць адукацыі. Аднак у апошні час запатрабаванай формай занятасці цыган з’яўляцца прыцягненне іх да ўборкі і перабірання бульбы па дагаворы-найме, заключаным з сельскагаспадарчымі арганізацыямі. Асноўныя крыніцы даходу сем’яў у астатні перыяд — сезонны збор ягад, грыбоў і яблыкаў, здача металалому.

Бацькоўская школа

У сацыяльна-педагагічнай характарыстыцы школы лічацца дзевяць цыганскіх сем’яў, сярод якіх 1 апякунская і 5 мнагадзетных. З іх у гарадскім пасёлку Радунь жывуць 7, 2 — у сельскай мясцовасці. 3 сям’і ў перыяд з 2013 па 2017 год былі прызнаны сем’ямі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы з-за складаных жыллёвых умоў, нізкага матэрыяльнага забеспячэння і неналежнага выканання абавязкаў законных прадстаўнікоў па доглядзе і выхаванні дзяцей. Адна прызнана сям’ёй, што мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Для адной сям’і за кошт дзяржаўнай субсідыі набыта новае жыллё.

Важная ўмова поспеху работы з дзецьмі рама — зрабіць бацькоў актыўнымі ўдзельнікамі педагагічнага працэсу, навучыць іх адэкватна ацэньваць і развіваць сваё дзіця. На навучанне навыкам канструктыўнай камунікацыі з дзецьмі накіраваны заняткі бацькоўскай школы “Прыступкі зносін”. Прадугледжаны разнастайныя формы заняткаў: гутаркі, трэнінгі, бліцапытанні, практычныя заняткі. За круглым сталом у нефармальнай абстаноўцы бацькі разам са спецыялістамі шукаюць выхады з розных жыццёвых сітуацый. Важна, што ва ўстанове адукацыі склалася атмасфера ўзаемаразумення і супрацоўніцтва паміж законнымі прадстаўнікамі і педагогамі. Прыкладам такога ўзаемадзеяння служаць сем’і са змешаным шлюбам. Дзеці з гэтых сем’яў вызначаюцца разнастайнасцю інтарэсаў, наведваюць школу мастацтваў, аб’яднанні па інтарэсах экалагічнай, дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці. Бацькі зацікаўлены ў атрыманні дзецьмі дадатковых адукацыйных паслуг, рэпетытарства.

З сем’ямі, якія патрабуюць пастаяннай педагагічнай увагі, праводзіцца прафілактычная інфармацыйна-растлумачальная работа. Непаўналетнія і бацькі запрашаюцца на пасяджэнне савета па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Праводзяцца міні-кансіліумы з запрашэннем класнага кіраўніка, сацыяльнага педагога, педагога-прадметніка, прадстаўнікоў зацікаўленых структур з выхадам на канкрэтныя рэкамендацыі.

Аказваецца сацыяльная падтрымка малазабяспечаным сем’ям. Штогод на пачатак навучальнага года ўсім непаўналетнім з гэтай катэгорыі сем’яў выдзяляецца аднаразовая матэрыяльная дапамога ў рамках акцыі “Збяром дзяцей у школу”. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Воранаўскага раёна аказвае адрасную дапамогу — аднаразовую дапамогу і выплаты грашовых сродкаў на працягу шасці месяцаў. Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” аказвае гуманітарную дапамогу ў выглядзе адзення, пасцельных прыналежнасцей і прадуктаў харчавання. У школе ўсе дзеці рама вызвалены ад платы за харчаванне.

Ва ўстанове адукацыі створаны спрыяльныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей рама. Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ўзнікаюць пэўныя цяжкасці, але шматгадовы педагагічны вопыт калектыву, жаданні і намаганні бацькоў і саміх дзяцей дазваляюць даволі паспяхова вырашаць праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць.

Святлана ПАЧОБУТ,
дырэктар Радунскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.